Працоўны гімн жывёлаводам. У Ляхавічах ушаноўвалі лепшых жывёлаводаў сельгаспрадпрыемстваў раёна

Святочна, шчыра, шматлюдна было ў мінулы чацвер у гарадскім Доме культуры. Тут ушаноўвалі лепшых з лепшых жывёлаводаў сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны. Больш за тры сотні работнікаў – аператары машыннага даення і на адкорме, падвозчыкі, даглядчыкі – задзейнічаны ў гэтай стратэгічна важнай сялянскай справе. Стараюцца працаваць добрасумленна і адказна, рупліва і надзейна.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Жывёлаводам ёсць чым ганарыцца: вытворчымі паказчыкамі, працоўнымі дасягненнямі, заслужанымі ўзнагародамі. Побач і будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі.
Як заўжды, атмасфера такога свята натхняе, уражвае і настройвае на пазітыў. Кадры відэафільма нагадваюць самыя запамінальныя моманты жывёлагадоўчага года на Ляхавіччыне.


Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз шчыра падзякаваў працаўнікам-жывёлаводам, душэўна павіншаваў іх з працоўнымі перамогамі і адзначыў, што зроблена нямала, але і рэзерваў яшчэ шмат. Кіраўнік раёна ўручыў выдатнікам-аграрыям граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама, а таксама ўзнагародзіў уладальнікаў першай прэміі раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у аграпрамысловым комплексе раёна.
Працоўнай элітай у сельгасвытворчасці назваў жывёлаводаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч падчас ушанавання сярэбраных прызёраў жывёлагадоўчага спаборніцтва і адных з лепшых працаўнікоў галіны раёна, узнагароджаных граматамі і падзячнымі пісьмамі райсавета дэпутатаў.
Пра вытворчыя дасягненні Ляхавіччыны ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, пра надоі і прывагі, поспехі і перспектывы гаварыў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык. Ён узнагародзіў жывёлаводаў, якія занялі трэцяе месца ў сваіх намінацыях.
Як заўжды, побач з працаўнікамі – прафсаюз работнікаў АПК і аграпрамысловы саюз. Іх раённыя лідары Ірына Чура і Мікалай Тарлюк таксама віншавалі герояў фермаў і комплексаў.
Хто яны – лідары? СВК «Ляхавіцкі» адваяваў першынство ў вытворчасці і нарыхтоўцы малака ў леташняга пераможцы ЗАТ «Белпрампрыбор», які размясціўся на другім месцы ў гэтай намінацыі. Як летась, «Ляхавіцкі» зноў лепшы ў вытворчасці і рэалізацыі мяса. У асабістых заліках нямала знаёмых прозвішчаў жывё-лаводаў. З года ў год майстар-клас паказваюць аператары машыннага даення Вольга Грыкель, Зоя Сецька, Таццяна Слаута (СВК «Ляхавіцкі»), аператары па вырошчванні БРЖ Надзея Асаскала, Віктар Маслінскі, Аляксандр Толкач (СВК «Ляхавіцкі»), Валянціна Шостак і Ганна Кулеш
(ААТ «Нача»).
Што ні віншавальны нумар мастацкай самадзейнасці ў выкананні асобных артыстаў і мастацкіх калектываў ГДК – то чарговая порцыя станоўчых эмоцый і прыўзнятага настрою. Да месца – гэта і пра выставу-дэгустацыю ад малочнага і кансервавага заводаў, продаж кандытаркі ад райпо.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА