18 класных дзён. У прышкольных летніках Ляхавіцкага раёна створаны выдатныя ўмовы для цікавага, бяспечнага і змястоўнага адпачынку юных землякоў

Сонечнае, звонкае, рознакаляровае лета штодня прыносіць безліч радасных імгненняў хлопчыкам і дзяўчынкам. Колькі раздолля для цікавага і змястоўнага адпачынку! З году ў год не страчваюць папулярнасці і прышкольныя лагеры.

– Лагеры адпачынку з дзённым знаходжаннем працуюць усе дні, акрамя нядзелі, з 7 па 26 чэр-веня ва ўсіх школах раёна, за выключэннем Жарабковіцкай, а таксама ў ЦКРНіР. Адпачываюць, набіраюцца сіл там 636 хлоп-
чыкаў і дзяўчынак. Педагогі пастараліся, каб праграма ў кожным летніку была разнастайнай, насычанай і цікавай. Не варта хвалявацца бацькам і наконт харчавання іх дзяцей. Яно смачнае, каларыйнае, за якасцю вядзецца пастаянны кантроль. Няма патрэбы непакоіцца і пра выкананне супрацьэпідэмічных антыкаранавірусных мер, –
адзначае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана
Якубоўская.
Традыцыйна асноўную частку расходаў па арганізацыі пры-школьных лагераў бярэ на сябе дзяржава. Усяго адзін прыклад. Кошт пуцёўкі на 18 дзён для дзіцяці ад 6 да 10 гадоў –  98,5 рубля. Пры гэтым бацькі плацяць толькі 9,5 рубля, астатняе –  дзяржаўныя датацыі.

«Вясёлка» запрашае


Па колькасці адпачываючых самы вялікі – лагер «Вясёлка» ў СШ № 2. Тут у пяць атрадаў аб’яднаны 85 рабят, у асноўным –  пачаткоўцы.
– На працягу ўсёй змены нашых выхаванцаў чакае калейдаскоп мерапрыемстваў і карысных спраў. Кожны дзень тут не падобны на папярэднія і кожны прыносіць шмат уражанняў і сустрэч. Спадзяёмся, што для рабят аздараўленчы лагер адкрые нешта новае. Хтосьці рэалізуе свае творчыя здольнасці і сустрэне сапраўдных сяброў, іншы даведаецца, што працаваць – гэта цікава, – гаворыць дырэктар лагера Вольга Рокач.
– Наш атрад называецца «Зубр». Мы хадзілі ў дзіцячую і школьную бібліятэкі, там столькі кніг і часопісаў! А яшчэ ў гуртку па краязнаўстве нам расказваюць цікавыя гісторыі. У лагеры весела, – дзеліцца ўражаннямі дзевяцігадовы Алёша Міснік.
Не менш эмацыянальныя ўра-жанні і ў равесніцы хлопчыка Каці Жаўрыд:
– Усё супер! Я не ўпершыню ў школьным лагеры, і з кожным разам падабаецца тут усё больш і больш. Была спартландыя, у якой
каманда нашага атрада перамагла. Захапляльна рабіць арыгамі. А яшчэ тут смачна кормяць. Люб-лю салаты.
Па 75 і 65 дзяцей адпаведна ў лагерах гімназіі і СШ № 1. Сярод сельскіх масавасцю можа пахваліцца начаўскі летнік, дзе
30 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для параўнання, у ЦКРНіР – 9 адпачываючых, Падлескім  ДС – БШ – 10.

Падарожжы  з «Сонейкам»


Летнік «Сонейка», які дыслацыр  уецца ў Конькаўскім ДС – СШ, сваю змену назваў «Вакол Еўропы за  18 дзён». Кожны дзень пачынаецца тэматычнай ранішняй зарадкай. У якія толькі краіны ні адправяцца ў віртуальнае падарожжа тутэйшыя 15 хлопчыкаў і дзяўчынак. Незабыўныя ўражанні і мноства эмоцый атрымліваюць рабяты падчас завочных экскурсій па цудоўных і прыгожых мясцінах Італіі, Францыі, Іспаніі, Нарвегіі, Германіі, Аўстрыі, Грэцыі, Партугаліі і іншых краін. І, канешне ж, самым запамінальным будзе падарожжа па роднай Беларусі. Асаблівым у календары лагера стане 22 чэрвеня – амаль усе мерапрыемствы прысвечаны 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Увогуле, жыццё ў летніку багатае на падзеі. Гэта і праг-ляд фільмаў і мультфільмаў, спартыўныя эстафеты, анлайн-гульні, музыкальныя праграмы, конкурсы малюнкаў, кніжныя віктарыны, бліц-апытанні, урокі бяспекі. Падабаецца юным адпачываючым і работа ў творчай майстэрні «Сваімі рукамі».

Не сумуюць у «Тухавічку»


У аздараўленчым лагеры «Тухавічок», што дзейнічае ў Тухавіцкай СШ, адпачываюць 19 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія раскрываюць тут свае творчыя здольнасці і паляпшаюць камунікатыўныя навыкі. Праграма вельмі разнастайная: гульнёвыя заняткі, прагулкі, конкурсы, рухавыя гульні, спаборніцтвы на свежым паветры, экскурсіі, развіваючыя і пазнавальныя заняткі.
Вось толькі адзін эпізод з жыцця тухавіцкіх адпачываючых. Хвілінкай здароўя пачаўся «Дзень сяброў». Рабяты атрымалі парады па загартоўванні і разам з інструктарам па фізвыхаванні вопытным настаўнікам Віктарам Зенчанкам адправіліся падарож-нічаць па «Сцяжынцы здароўя».
А колькі цікавага было падчас святочнага канцэрта «Мы такія розныя, але ўсе мы вельмі класныя!», прысвечанага Міжнароднаму дню сяброў. Фінальным акордам дня стала гульня-віктарына на свежым паветры «Святочнае Лукамор’е».

Раніца  пачынаецца  з зарадкі


«Званочак» – так называецца прышкольны летнік Начаўскай СШ. Тут у двух атрадах – «Кар’ерысты» і «Стажоры» – адпачываюць
30 рабят ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў. Сёлетняя летняя змена тэматычная і мае прафарыентацыйны характар, гэта своеасаблівае знаёмства з прафесіямі.
– У пазнавальнай, гульнёвай форме расказваем хлопчыкам і дзяўчынкам пра разнастайны свет прафесій: педагог, міліцыянер, выратавальнік, артыст, дэкаратар і г. д. Гэта не толькі падарожжа ў дарослае жыццё, але і магчымасць зарыентаваць рабят у выбары будучай прафесіі, паказаць, што любая работа важная і неабходная, – дзеліцца старшы выхавальнік Вольга Сімончык.
Вось і ў мінулую пятніцу быў чарговы экскурс у прафесію – для мужных і сапраўдных мужчын. У госці да начаўскіх школьнікаў завіталі супрацоўнікі дэпартамента
аховы разам са сваімі чатырохногімі памочнікамі – сабакамі. Да чаго ж захапіла рабят прафесія кінолага. То тут, то там чулася: вырасту, таксама буду працаваць у «Ахове». Акрамя таго, можна было прымераць ахоўнае абмундзіраванне і нават уключыць спецсігнал.
– У нас рознаўзроставы лагер, тут адпачываюць рабяты з першага па восьмы клас. Стараліся прадумаць праграму мерапрыемстваў, каб было цікава і весела як пачаткоўцам, так і больш старэйшым вучням. У абавязковым парадку штодня арганізоўваем гадзіны здароўя. Увогуле, большасць мерапрыемстваў, у сувязі з пандэміяй каранавіруса, праводзім на свежым паветры. Ды і для загартоўкі гэта важны складнік, – разважае дырэктар лагера Святлана Падгурская.
Сур’ёзная ўвага надаецца і харчаванню ў летніку. Смачна гатуюць школьныя повары. Напрыклад, на сняданак – запяканка, на абед – суп, макароны з катлетай, абавязкова –  салат, вітамінізацыя. На падвячорак – ёгурт, фрукты ці салодкасці. Меню разнастайнае. Прадугле-джаны і дзённы сон, але гэта ў дачыненні да малышоў.
– Як толькі на канікулах ёсць школьны лагер, заўжды ў яго запісваюся. З кожным разам усё цікавей. Мы ўжо малявалі на асфальце кольцы чэмпіёнаў у «Алімпійскі дзень». Смешна было, калі вучыліся рабіць грым на твары, –  такія ўражанні ў дзесяцігадовай Насці Ясінскай.
Васьмігадовая Кіра Шэлех таксама спяшалася пахваліцца:
– У лагеры і мая малодшая сястрычка Мілана, ёй шэсць гадоў. Тут весела. Люблю ўсё. Падабаецца рабіць зарадку, усякія спартыўныя заданні. А яшчэ ў лагеры смачна-смачна кормяць.
Да заканчэння змены яшчэ нямала часу. І, без сумненняў, наперадзе ў юных ляхавічан –  чарговыя прыгоды, цікавыя сустрэчы, вандроўкі і адкрыцці. Лета толькі пачалося.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.