Урокі здаровай працы. На базе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» прайшоў абласны семінар «Дзень аховы працы»

Не паспеў забыцца раённы Дзень аховы працы, як у Ляхавічы на ўрок бяспечнай працы завіталі спецыялісты-камунальнікі. Галоўныя інжынеры прадпрыемстваў ЖКГ вобласці са сваімі інжынерамі па ахове працы, прадстаўнікі галіновых міністэрства і аблупраўлення, Дзяржатамнагляду правялі ў нашым раёне вучобу. Абласны семінар пад кіраўніцтвам намесніка генеральнага дырэктара Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Упраўленне ЖКГ» Юрыя Міхайлоўскага «Дзень аховы працы», што пачаўся на базе КУМВП ЖКГ «Ганцавіцкая РЖКГ», меў працяг у КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».

У раён удзельнікі прыбылі ўжо апоўдні. Да іх сустрэчы, якая адбылася на гарадской станцыі абязжалезвання, усё было гатова. У плане надвор’я дзень не абяцаў стабільнасці, пагражаў хмарамі. Маючы на ўвазе гэты момант і дэманструючы максімальную гасціннасць, гаспадары і арганізатары мерапрыемства ў асобе мясцовых камунальнікаў нават аснасцілі кожнага сродкам індывідуальнай абароны ад дажджу. Ён, дарэчы, не спатрэбіўся, і семінар прайшоў у, ва ўсіх сэнсах, цёплых абставінах.

Першы практычны ўрок бяспечнай працы прайшоў тут жа – на тэрыторыі станцыі абязжалезвання. Яго тэму можна вызначыць як выкананне правілаў аховы працы і патрабаванняў тэхнікі бяспекі пры работах па замене глыбіннай вадзяной помпы. Справа, між іншым, зусім не простая, карпатлівая, патрабуе ўвагі, пільнасці, ашчаднасці і граматнасці дзеянняў кожнага з «нумароў» рамонтнай брыгады. А яшчэ не хуткая, у шэрагу выпадкаў можа выконвацца на працягу ўсёй працоўнай змены. Важнае значэнне для поспеху мае фактар спрацаванасці членаў брыгады, іх узаемаразуменне – калі кожны за сябе, але для ўсіх. І ў адпаведнасці з усімі ж правіламі.

Наступным «вучэбным» месцам стала вёска Каранеўшчына і размешчаная тут кацельня. Яе запуск у эксплуатацыю адбыўся на стыку мінулага і цяперашняга года. І калі не ўзгадваць аксіёму пра клопат пра мясцовых жыхароў, прычынай такога кроку можна лічыць экана-мічную мэтазгоднасць. Ранейшая нізкаэфектыўная кацельня размяшчалася на аддаленасці да спажыўцоў сваёй прадукцыі. На такіх жа старых і зношаных цеплаправодных сетках – яшчэ адзін і значны мінус у мэтазгоднасці працягу яе эксплуатацыі. Таму і з’явілася альтэрнатыва: акуратны, кампактны, на адлегласці выцягнутай рукі ад карыстальнікаў «беспілотны» цеплавы аб’ект.

Суровыя выпрабаванні мінулай зімы кацельня-аўтамат вытрымала. Паказала свою працаздольнасць, вытворчы функцыянал, высокім каэфіцыентам карыснага дзеяння пацвердзіла сваю энергаэфектыўнасць.

«Пад семінар» была разыграна сітуацыя «выкананне мер аховы працы пры падключэнні блочнай кацельні да рэзервовай крыніцы сілкавання».

У нашым выпадку ў якасці такой выступаў перасоўны маторны электрычны генератар. Некалькі кароткіх, прафесійна-адпрацаваных рухаў рукі – і рухавік «загаварыў», кантрольна-вымяральныя прыборы засведчылі факт падачы на кацельню электратоку. Што і патрабавалася прадэманстраваць – работа зроблена ў межах нарматыўна адпушчанага часу і ў дакладнай адпаведнасці з патрабаваннямі АП.

Трэці і завяршальны ўрок семінара прайшоў на тэрыторыі гарадской зоны адпачынку на рацэ Ведзьме. А да таго, у якасці пралога гасцям Ляхавіччыны было прапанавана знаёмства з размешчанай на беразе ракі выставай маштабных мадэляў гістарычна-адметных будынкаў і збудаванняў раёна.

Непасрэдна ўрок давалі супрацоўнікі Баранавіцкай выратавальнай станцыі Асвода. Былі расказаны сутнасць і парадак дзеянняў, на макеце прадэманстраваны прыёмы рэанімацыі тапельца.
Начальнік станцыі Аляксандр Мудроў меў не толькі дастаткова рэдкую прафесійную кваліфікацыю «майстар-вадалаз», пра што сведчыў адпаведны шаўрон на рукаве яго форменнага адзення, – аказаўся майстрам слова, цікавым расказчыкам. Слухачы даведаліся пра вадалазную службу нямала – у наглядных падрабязнасцях, на прыкладах рэальных сітуацый і статыстычных даных. Было нямала пытанняў, удакладненняў.

Абласны семінар «День АП», у якім прыняў удзел старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, завяршыўся ў раённым Доме культуры пленарным пасяджэннем.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.