Ад шчырага сэрца! Ляхавічане дзякуюць медыкам

Бясконца гатова дзякаваць лёсу і Богу за тое, што на жыццёвым шляху нашай сям’і сустрэліся такія ўрачы, як тэрапеўт Ляхавіцкай райбальніцы Алег Арлоўскі. У многім, дзякуючы менавіта Алегу Сяргеевічу, яго прафесіяналізму, прадбачлівасці, уважлівасці мой муж Вячаслаў Аляксеевіч жыве.

Бяда здарылася шэсць гадоў назад. Муж захварэў, звярнуліся на прыём да тэрапеўта, трапілі да маладога ўрача Алега Арлоўскага – вельмі ўважлівага, шчырага. І як толькі прыйшлі вынікі аналізаў, доктар ужо запрыкмеціў небяспечную хваробу, адправіў нас на дадатковыя даследаванні. Пасля іх атрымалі накіраванне ў Баранавіцкі анкалагічны дыспансер, адкуль зноў давялося вярнуцца ў Ляхавіцкую райбальніцу. Алег Сяргеевіч даў накіраванне ў абласную бальніцу. Мужу, у якога была пацверджана чацвёртая стадыя анкалогіі, тэрмінова зрабілі аперацыю…

Так, у мужа першая група інваліднасці, але ён жыве, радуецца дзецям і ўнукам. І хто ведае, ці было б усё так, калі б мы не сустрэліся з такім цудоўным доктарам Алегам Арлоўскім. Шчыры дзякуй Вам, самы лепшы ўрач, неабыякавы чалавек з залатым сэрцам і душой. Няхай Вам заўжды шчасціць, здароўе будзе моцным, у сям’і пануюць лад і згода.

Людміла ШКУРЫНА, г. Ляхавічы.

Хвароба не выбірае ні час, калі напаткаць, ні ўзрост чалавека, ні яго матэрыяльнае становішча. Іншы раз бяда прыходзіць адтуль, адкуль яе не чакаеш. Так здарылася і са мной.

Яшчэ ў 2013 годзе я перанесла інсульт, атрымала інваліднасць ІІ групы. Зразумела, што праблемы са здароўем засталіся, і яны істотныя. Таму даволі часта даводзіцца звяртацца за медыцынскай дапамогай. У аграгарадку Конькі, дзе я жыву, ёсць фельчарска-акушэрскі пункт. Як жа добра, што на ФАП раз у тыдзень па серадах прыязджае ўрач агульнай практыкі з Ляхавіцкай райбальніцы. Тым больш, такі ўважлівы, шчыры, клапатлівы, неабыякавы, сапраўдны прафесіянал сваёй справы, як доктар Паліна Куцко.

Паліна Генадзьеўна выслухае кожнага пацыента, пацікавіцца яго самаадчуваннем, выпіша неабходныя рэцэпты, прызначыць лекі, пры неабходнасці параіць, да ўрача якой спецыяльнасці неабходна звярнуцца. У напружаным графіку яна знаходзіць час, каб наведаць, калі спатрэбіцца, хворага і дома. Сапраўды, яна лечыць не толькі лекамі, але і словамі падтрымкі, спагадай і шчырай ветлівай усмешкай. Дзякуй, самы лепшы доктар, Паліна Генадзьеўна.

Святлана Яўсей, аграгарадок Конькі.