Выдатна за прафесіяналізм. Медработнікі Ляхавіцкай ЦРБ за сваю працу ўдастоены розных узнагарод

Прафесіяналы з вялікай літары, адказныя і добрасумленныя, добразычлівыя і актыўныя, мэтанакіраваныя і неабыякавыя. Такія яны – прадстаўнікі вялікай і дружнай сям’і ляхавіцкіх медыкаў. Не хопіць газетнай старонкі, каб пералічыць прозвішчы ўсіх медработнікаў УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ», якія за сваю працу ўдастоены розных узнагарод.

Днямі стала вядома, што за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад у рэалізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё і ўдасканаленне сістэмы аховы здароўя, узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства аховы здароўя «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь»  намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Міхаіл  Куляшоў.

Цяпер у сферы аховы здароўя на Ляхавіччыне два выдатнікі. Летась такога ж знака ўдастоены галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч.

Заслужана!

За кожным працоўным дасягненнем загадчыка рэнтгенаўскага аддзялення Сяргея Памазанскага – напружаная праца, увага да кожнага пацыента, пастаяннае ўдасканаленне ў прафесіі. Напярэдадні прафесійнага свята Сяргею Памазанскаму аб’яўлена Падзяка міністра аховы здароўя.
«ЛВ» віншуе!