Вада нядбайнасці не пацерпіць. Статыстыка колькасці ахвяр вады кожны год сумная і можа параўнацца з колькасцю загінулых у аўтамабільных катастрофах і на пажарах

Статыстыка колькасці ахвяр вады кожны год сумная і можа параўнацца з колькасцю загінулых у аўтамабільных катастрофах і на пажарах. Вада тоіць у сабе небяспеку і бестурботнасці не даруе.

На жаль, у многіх грамадзян выпрацаваўся стэрэатып, што добра адпачыць на прыродзе не атрымаецца без ужывання алкагольных напіткаў. А купанне і алкаголь несумяшчальныя. П’яны чалавек не можа адэкватна ацаніць небяспеку, у яго запавольваецца рэакцыя.

Паводле статыстычных даных, каля 70 працэнтаў патанулых ішлі купацца ў стане алкагольнага ап’янення. Да таго ж варта адзначыць, што пляж з’яўляецца грамадскім месцам, і распіццё спіртнога на ім забаронена заканадаўствам. За парушэнне прадугледжаны штраф да 15 базавых велічынь.

Яшчэ адну небяспеку тоіць у сабе купанне ў неабсталяваных або забароненых месцах. За падобнае парушэнне прадугледжаны штраф да трох базавых велічынь. Таксама небяспечна ныраць з мастоў, дамбаў, лодак і ў неправераных месцах.

З пачаткам летніх канікулаў некаторыя дзеці прадастаўлены самі сабе. І не знаходзяць лепшага баўлення часу, чым адпачынак у вадзе. Прыводзіць да трагедыі часцей за ўсё іх самаўпэўненасць. Без нагляду непаўналетнія ўстройваюць заплывы на далечыню, спаборнічаюць у ныранні на глыбіню і працягласць знаходжання пад вадой, скачуць у ваду ў забароненых месцах і ўдзельнічаюць у іншых экстрэмальных «забавах». У 2020 годзе ў Беларусі патанула каля 350 чалавек, з іх 19 дзяцей. З пачатку 2021 года ахвярамі вады сталі 56 чалавек, з якіх восем непаўналетніх. Задача бацькоў – арганізаваць вольны час сваіх дзяцей, а на адпачынку каля вады не пакідаць іх без нагляду.

Прычынай трагедыі могуць стаць парушэнні, звязаныя з эксплуатацыяй лодак і катамаранаў. Неабходна выконваць устаноўленыя правілы: усе лодкі і катамараны, у тым ліку і тыя, што здаюцца напракат, павінны быць аснашчаны індывідуальнымі выратавальнымі сродкамі. Перагружаць плаўсродкі, разгойдваць іх, перасаджвацца з месца на месца, сядзець на бартах, на носе, распіваць алкагольныя напіткі – забаронена. Таксама нельга заходзіць у зоны купання на плаўсродках і на водных матацыклах.

Важна памятаць, і як правільна заходзіць у ваду. Уваходжанне і скачкі ў ваду ў разгарачаным стане могуць стаць прычынай спазмы сасудаў, у тым ліку галаўнога мозга і сэрца, што можа прывесці да няшчаснага выпадку. Асабліва гэта небяспечна людзям, разгарачаным спіртнымі напіткамі або якія пакутуюць сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. У ваду трэба заходзіць паступова, прывыкаючы да яе тэмпературы. Але і доўгае, аж да сутаргавага стану, знаходжанне ў вадзе таксама небяспечна для здароўя, асабліва дзіцячага.

Толькі разуменне і строгае выконванне правілаў бяспечных паводзін на вадзе могуць зберагчы ад бяды і зрабіць адпачынак прыемным і карысным.

Віктар ПРЫХАЧ, старшыня раённага савета Асвода.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.