Храм музыкі. Канцэрт духоўнай музыкі адбыўся у касцёле Святых Пятра і Паўла ў Мядзведзічах

Не першы год вёска Мядзведзічы збірае аматараў класічнай музыкі. Калі дакладней – арганнай. У мінулую нядзелю ў касцёле Святых Пятра і Паўла ўсе жадаючыя маглі атрымаць асалоду ад прыгажосці і магутнасці гучання музычных твораў у выкананні беларускіх арганістаў.

Пасля богаслужэння ў касцёле Святых Пятра і Паўла прыхаджане і госці змаглі пры дапамозе відэафільма «Мядзведзічы. Вяртанне жамчужыны» ўбачыць, з чаго пачалася гісторыя аргана ў гэтай вёсцы. Цікава, дынамічна, пазнавальна – так апісалі свае ўражанні ад прагляду гледачы.

Да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, якая адзначыла, што музычныя сустрэчы такога фармату сталі цудоўнай традыцыяй.

Канцэрт «Маці Міласэрнасці» пачаўся з невялікай замінкі. Арган спачатку паказаў свой нораў, але хутка паддаўся рукам прафесіяналаў, і чароўныя гукі запоўнілі сабой усю прастору. У гэты дзень за клавішамі аргана саліравала вядомая арганістка з Пінска Вікторыя Куцько, якая, дарэчы, не першы год прыязджае ў Мядзведзічы. Разам з ёй выступаў валтарніст Максім Зімніцкі.

Сваімі выступленнямі парадавалі гасцей і зусім юныя арганісты Марыя Камарова і Павел Прымакоў.Марыя Камарова займаецца арганнай музыкай тры гады. Па словах дзяўчынкі, любоў да гэтага музычнага інструмента ёй прывіў дзядуля – музыкант і арганіст з Германіі.

Нягледзячы на свой юны ўзрост, Павел Прымакоў ужо стаў дыпламантам мноства міжнародных арганных конкурсаў, фестываляў і канцэртаў. За кожнае выступленне Паўла перажывае яго мама Наталля Грышчанка.

– Сын зацікавіўся музыкай у сем гадоў, калі пабываў на канцэрце ў філармоніі. У дзесяць – стаў сур’ёзна займацца. На жаль, у нас у Беларусі няма паўнавартаснага навучання арганістаў, заняткі на гэтым музычным інструменце прахо-дзяць факультатыўна. Вялікі дзякуй педагогу па класе фартэпіяна і аргана Святлане Разько, якая і зараз падтрымлівае Паўла. Такія канцэрты – выдатная магчымасць нагадаць, які гэта дзіўны і непаўторны інструмент, і як важна навучаць музыкантаў ігры на аргане, – гаворыць Наталля Грышчанка.

Час канцэрта праляцеў незаўважна. Публіка музыкантаў сустракала апладысментамі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса ўручыў ім сувеніры і дыпломы. А яшчэ быў музычны падарунак ад народнай эксперыментальнай вакальнай групы «Берагіня» Дараўскага СДК.

Дарэчы, для гасцей быў арганізаваны бясплатны праезд да месца канцэрта і назад у горад, падчас якога можна было паслухаць цікавы расказ экскурсавода пра гісторыю касцёла і вёскі.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.