Мутная гісторыя. Сёлета было зарэгістравана два факты замору рыбы ў Ляхавіцкім раёне

Лета – выдатны час, каб пасядзець на беразе вадаёма ў цішыні з вудай. Аднак рыбалоўную ідылію можа парушыць такая з’ява, як замор.

Па словах начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іны Траяноўскай, іх служба рэгулярна правярае рыбалоўныя ўгоддзі ў раёне. Таксама гэтае пытанне на кантролі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, Баранавіцкай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

– Сёлета было зарэгістравана два факты замору рыбы ў Ляхавіцкім раёне, – гаворыць Іна Траяноўская.

Замор – гэта прыродная з’ява, якая можа назірацца ў летні і зімовы час у рэках, азёрах, вадасховішчах, моцна зарослых сіне-зялёным багавіннем. Чым больш заглеены водны аб’ект, тым больш у ім расліннасці, і тым горш рыбе.

Акрамя таго, у выніку заліцця пойменных участкаў рэк, выкліканага ліўневымі дажджамі або паводкамі, заморы рыбы могуць адбывацца з-за гніення расліннасці. Вада, якая паступае ў рыбалоўныя ўгоддзі з забалочанай тэрыторыі, багатая арганічнымі рэчывамі, але бедная кіслародам. Недахоп кіслароду выклікае непакой у рыб. Яны пачынаюць рухацца, у сувязі з чым патрэбнасць у кіслародзе павялічваецца.

Пра недахоп кіслароду можа сігналізаваць знешні выгляд рыб: назіраецца бледнасць жабраў і слізістых абалонак рота (часам з выяўленым сінюшным колерам), вочы становяцца мутнымі, дыхаюць рыбы раскрытым ротам і жабрамі, дыханне пачашчанае.

Найбольш адчувальныя да недахопу кіслароду ёрш, акунь, плотка і іншыя.

Калі вы сутыкнуліся з фактам замору, праінфармуйце раённую прыродаахоўную службу (тэл. 2-18-90), міжраённую інспекцыю (8-0163-46-41-46) ці райсельгасхарч.

Ірына КУЗЬМІЧ.