БРСМ ёсць што сказаць. Актывісты Ляхавіччыны абмяркоўвалі вынікі і перспектывы дзейнасці раённай арганізацыі

У гарадскім Доме культуры 22 ліпеня сабралася актыўная моладзь раёна на VII справаздачна-выбарную канферэнцыю раённай арганізацыі ГА БРСМ. У канферэнцыі таксама прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Мікалай Юрлевіч.

Спачатку – арганізацыйныя моманты. Былі сфарміраваны рабочыя органы канферэнцыі: сакратарыят, мандатная, падліковая і рэдакцыйная камісіі. Першым сакратаром раённага камітэта ГА БРСМ была абрана Дар’я Марозава. Яна выступіла са справаздачай аб дзейнасці арганізацыі за чатыры гады і перспектывах яе далейшага развіцця. Падрабязна спынілася на пытанні працаўладкавання моладзі ў раёне, рабоце студатрадаў, удзеле арганізацыі ў патрыятычных мерапрыемствах, а таксама ў добраўпарадкаванні Ляхавіччыны.

Да новаабранага сакратара і членаў БРСМ звярнулася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык.

– Я рада прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве, паглядзець на ляхавіцкую моладзь, на тую вялікую сілу, якая будзе тварыць, рабіць прыгажэйшай і мацнейшай нашу квітнеючую Беларусь. Дзяліцеся і падтрымлівайце ідэі і ініцыятывы, таму што ўсё залежыць ад вас. Маладзёжная палітыка – гэта частка дзяржаўнай палітыкі ў нашай краіне. Ваша асноўная задача –добра вучыцца, зрабіць правільны выбар прафесіі, быць актыўнымі, памятаць гісторыю нашай краіны, подзвіг нашых продкаў, дзякуючы якому вы зараз сядзіце ў гэтай зале і на сваім узроўні ўдзельнічаеце ў дзяржаўнай палітыцы, –падкрэсліла дэпутат Парламента.

Таксама з дакладамі выступілі намеснік кіраўніка цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна Яўгеній Сініла і дырэктар Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Марыя Лутавінава. У свой час яны таксама ўзначальвалі грамадскую арганізацыю ў раёне, а зараз разважалі пра ролю моладзі ў развіцці Ляхавіччыны.

– Як бачыце, той каштоўны вопыт, які атрымлівае кіраўнік райкама БРСМ,становіцца прыступкай да кар’ернага росту. Кіраваць грамадскім аб’яднаннем –няпростая справа. Напрыклад, у арганізацыях можна даць нейкае грашовае заахвочванне або вымову, а тут усё трымаецца на грамадскіх пачатках. І трэба ўмець заахвоціць, накіраваць энтузіязм рабят у патрэбным напрамку, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса.

Прыемная частка – узнагароджанне самых актыўных членаў БРСМ. Граматы раённай арганізацыі ГА БРСМ атрымалі Сяргей Рылко з Ляхавіцкага РАНС,педагог-арганізатар Навасёлкаўскай СШ Кацярына Палаш і педагог-арганізатар Конькаўскага ВПК Мілана Стрэльнікава.

Падзякамі адзначаны сакратар пярвічкі БРСМ Ляхавіцкага аграрнага каледжа Сяргей Улас, актывісты Кацярына Русакевіч, Данііл Лешык, Ірына Праневіч, Дар’я Кудзін, Лізавета Купрыш, Анастасія Шкут.

А ўжо 26 ліпеня дэлегацыя Ляхавіцкага раёна прыняла ўдзел у XXXVI абласной справаздачна-выбарнай канферэнцыі БРСМ, якая адбылася ў Брэсце з удзелам старшыні аблвыканкама Юрыя Шулейкі. Канферэнцыя прайшла пад слоганам «БРСМ: Яркі. Адзіны. Твой». А фарматдыялогавай пляцоўкі дазволіў у нефармальнай абстаноўцы падвесці вынікі работы і вызначыць прыярытэтныя задачы і напрамкі работы на будучыню. Адной з цэнтральных тэм стала абмеркаванне новай стратэгіі развіцця БРСМ да 2025 года.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.