Сямейная зборная пакарае футбол. Каля 30 каманд сталі ўдзельнікамі футбольнага фестывалю «Тата, мама, я – футбольная сям’я», які прайшоў у Ляхавічах

Яшчэ па вячэрняй пятнічнай актыўнасці на стадыёне «Колас» было зразумела, што заўтрашняе спартыўнае мерапрыемства абяцае падарыць эмоцый не менш, чым футбольная ліга міжнароднага класа. Перамяшчэнне па полі, адпрацоўка вядзення мяча, работа над ударам, пасы, навесы, работа з партнёрам і іншыя футбольныя фішкі – усё гэта стала галоўнай увагай трэніровачнай пятніцы.

А вось апошняя раніца ліпеня сабрала на спартыўнай арэне падрыхтаваных, упэўненых, пазітыўных і накіраваных на выдатны вынік сямейных ляхавічан.

У мінулую суботу стартаваў ужо традыцыйны футбольны фестываль «Тата, мама, я – футбольная сям’я». Ініцыятар Беларуская федэрацыя футбола і арганізатар мерапрыемства раённы фізкультурна-спартыўны клуб заўсёды імкнуцца стварыць асаблівую атмасферу спаборніцтва і сяброўства, каб кожны ўдзельнік незалежна ад узросту атрымаў сваю порцыю самых лепшых эмоцый. І атрымліваецца ў іх гэта выдатна.

Інструктар-метадыст ФСК Марына Бусько адзначыла, што сёлетні марафон сабраў каля 30 сем’яў, якія прэтэндавалі на права паўдзельнічаць у рэспубліканскім фінале футбольнага фестывалю «Тата, мама, я – футбольная сям’я». А ўдзельнікі рэгіянальнага тура могуць падтрымаць сваіх калег.

У фестывалю свае правілы, туры і каманды. На кожнай чвэрці футбольнага поля свае баталіі. Жаночы футбол даўно стаў трэндам сучаснасці: у пацвярджэнне – футбольная напружанасць сярод жаночых каманд. На іншай чвэрці, дзе сваё майстэрства дэманстравалі таты, таксама гульня высокай пробы. Першыя навыкі футбола адточвалі і самыя юныя ўдзельнікі фестывалю – яны разбіліся на дзве ўзроставыя групы.

Урачы, выратавальнікі, эканамісты, юрысты, медыкі і прадстаўнікі многіх іншых прафесій на пэўны час пра сваю спецыфіку забыліся, галоўнае –спартыўныя спрыт і інтарэс. Жаданне здорава-здарова правесці час, а самае галоўнае – пакінуць у памяці сямейны сюжэт такога класнага адпачынку.

Стужкі інстаграма зіхацелі ад яркасці фотаздымкаў. Каляровыя маечкі прыйшліся даспадобы кожнаму ўдзельніку, як і тэматычныя падарункі – футбольныя мячы. Але самае каштоўнае – непадробныя эмоцыі: і тых, хто на полі, і тых, хто падтрымліваў родных.

Геаграфія ўдзельнікаў штогод пашыраецца. Бронзавыя прызёры сям’я Кашча ў складзе таты Мікалая, мамы Васілісы, дзяцей Елісея і Максіма гатовы ехаць на «рэспубліку». Мікалай Мікалаевіч адзначае, што ў вобласці не ў кожным горадзе арганізуецца такі фэст, таму з Баранавіч прыязджаюць з сям’ёй паўдзельнічаць на Ляхавіччыну. У 2019-м сталі чацвёртымі, сёлета пашанцавала – сярод пераможцаў. Эмоцый ад удзелу проста безліч: момант аздаравіцца і выдатная магчымасць правесці выхадны з самымі блізкімі так, каб эмоцый хапіла яшчэ надоўга.

Спартыўны інтарэс заразіў і сям’ю Стаскевічаў. Удзельнічалі ўпершыню і адразу ў ліку лепшых. Мама Алена адзначае, што цяпер удвая больш разумее васьмігадовага сына Антона, які захапляецца футболам, гульня наколькі цікавая, настолькі складаная – калі ты ў складзе каманды. Разам з іншымі членамі сям’і – татам Аляксеем і дачкой Дар’яй – у іх сямейнага экіпажа серабро.

Першынство ў сям’і Дудко. Сям’я са шматдзетным шчасцем прызнаецца, што шчаслівая ва ўсім. Бацькі Іван і Вольга гавораць: дзеці пасля фестывалю ўсім і ўсюды расказвалі, дзе сталі першымі. Маша, Міша, Жэня – юніёрскі склад іх сямейнай зборнай. Малодшаму шэсць, а ён, як старэйшы Мішка, марыць займацца футболам. А пасля фестывалю ў Ляхавічах упэўнены ў гэтым на сто працэнтаў.

За асаблівыя футбольныя здольнасці самыя юныя ўдзельнікі атрымалі падарункі – апладысменты Ігнату Сяргей і Еве Сакаловай.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фота ТУТ.