Змена цудаў і адкрыццяў. У аздараўленчым лагеры «Чайка» скончылася чарговая змена

Менавіта так можна ахарактарызаваць незабыўныя імгненні, што перажылі 79 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з 17 ліпеня па 3 жніўня адпачывалі падчас трэцяй змены пад назвай «Жыццё як цуд» у аздараўленчым лагеры «Чайка». За 18 дзён юныя землякі сабралі ўсе фарбы лета з сонца, цяпла, усмешак і стварылі свой непаўторны цуд.

У кожным з атрадаў – «Кропелькі», «Тарнада», «Дынаміт FM», «Мясцовая саната», «Пчолка» – было цікава, весела, дружна, змястоўна.

А колькі суперскіх мерапрыемстваў прайшло ў летніку падчас змены. Вось толькі некаторыя з іх. Пачалося ўсё з урачыстага адкрыцця «Возьмемся за рукі, сябры». Захапляльна прайшоў конкурс «Эка-дызайн»: ад касцюмаў, якія адпачывальнікі стварылі з прыроднага матэрыялу, вачэй не адарваць. Запомніліся інтэлектуальная гульня «Вандроўка па роднай Беларусі», праграмы «Сам сабе рэжысёр» і «Ніткі шчасця», фестываль «Экалагічны марафон», спартыўная эстафета «Кліч джунгляў», матчы па футболе і піянерболе.

Сапраўдным святам і для рабят, і для дарослых стала любімая многімі пакаленнямі спартыўна-ваенізаваная гульня «Зарніца».

Дарослыя – педагогі, выхавальнікі, повары, медработнікі – стварылі для рабят выдатную непаўторную атмасферу бязмежнага шчасця, радасці, гармоніі і прыгажосці. Дзіцячы адпачынак арганізаваны так, каб не было калі сумаваць.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.