Каб не чырванець за кабачок. Ляхавіцкаму кансерваваму заводу даводзіцца сутыкацца з набалелай праблемай: у сезон уборкі актывізуюцца несуны, якія крадуць агародніну

Пэўную частку сыравіны (бульбу, цыбулю, кабачкі, чырвоныя буракі, шчаўе, моркву, зяленіва) Ляхавіцкі кансервавы завод вырошчвае ва ўласнай падсобнай гаспадарцы, якая раскінулася на плошчы 179 гектараў. Стараюцца, шчыруюць завадчане, каб своечасова пасеяць, апрацаваць, прапалоць, а потым і ўбраць ураджай.

На жаль, з году ў год прадпрыемству даводзіцца сутыкацца з набалелай праблемай: у сезон уборкі актывізуюцца несуны, якія крадуць агародніну. Вось толькі некаторыя прыклады. У жніўні мінулага года вартаўнік завода затрымаў двух ляхавічан. Адзін злодзей украў 27 кілаграмаў кабачкоў, за што быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і атрымаў штраф у памеры 10 базавых велічынь. Другі незаконна зрэзаў 14 кілаграмаў шчаўя і вырваў чатыры кілаграмы цыбулі. Яму таксама давялося заплаціць штраф.

Адзначу, цяжкасць пакарання  залежыць ад колькасці ўкрадзенага. Калі сума нанесенай прадпрыемству шкоды не перавышае дзесяціразовы памер базавай велічыні, то прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць згодна з артыкулам 11.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. А гэта штраф ад 2 да 30 БВ (ад 58 да 870 рублёў), ці грамадскія работы, ці арышт.

Калі крадзеж пацягне на суму звыш 10 БВ, гэта ўжо крымінальная адказнасць у адпаведнасці з артыкулам 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Такое злачынства караецца грамадскімі работамі, ці штрафам, ці выпраўленчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін. А калі крадзеж учынены паўторна ці групай, можна развітацца з воляй на чатыры гады.

Так што ёсць сэнс падумаць, ці вартыя кілаграмы нават самай вітаміннай агародніны вашай свабоды. Яўна, рызыка неапраўданая. Вырасціць самому ці купіць атрымаецца танней. І не сорамна будзе, у першую чаргу, перад самім сабой.

Тым, хто блытае свае дачы, соткі з чужымі, нагадаю: палі падсобнай гаспадаркі кансервавага завода ахоўваюцца вартаўніком і іншымі работнікамі прадпрыемства, таксама рэгулярна з рэйдамі выязджаюць і супрацоўнікі дэпартамента аховы МУС Беларусі.

Віктар КУРЛОВІЧ, намеснік дырэктара па бяспецы  і вытворчасці ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».