Загадана выжыць

Любімая жонка Марыя Адамаўна, з якой у ладзе і згодзе пражылі больш чым паўвека, дзве дачкі, чацвёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў – гэтага багацця ў 96-гадовага Адама Галавача магло і не быць, калі б у баях за Кёнігсберг фашысцкі снайпер аказаўся больш трапным. Але кулямётчыку Трэцяга Беларускага фронту пашанцавала.

Хіба не ўдача, што непрытомнага салдата з перабітымі кулямі нагамі праз дзень пасля наступлення савецкіх войскаў знайшлі санітары і першым жа эшалонам адправілі на лячэнне ў тыл – у шпіталь у Яраслаўскай вобласці. Амаль 4 месяцы медыкі змагаліся за жыццё радавога, дасталі па 6 куль з кожнай нагі, а вось яшчэ адну сведку жорсткіх баёў пакінулі «на памяць» – вельмі блізка каля артэрыі яна засела.
Пасля лячэння ў шпіталі Адам спяшаўся ў родную вёску Галавачы, што ў Клецкім раёне. Як жа радаваліся родныя, што іх сын, брат, няхай і цяжка паранены, але жывы вярнуўся дамоў. Ды яшчэ са шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх ордэны Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў – герой! А вось старэйшы брат Адама і муж сястры загінулі напрыканцы чэрвеня 1941 года. Блізкія так і не даведаліся, дзе яны пахаваны.
Хоць лёс і неаднойчы выпрабоўваў Адама Галавача на трываласць, але быў літасцівым. Адамка, як звала яго маці, нарадзіўся ў 1923 годзе шостым, апошнім дзіцем у вялікай сялянскай сям’і. Разам са старэйшымі братамі і сёстрамі з маленства прывучыўся да работы. Хто ведае, якое жыццё пражыў бы, каб не вайна. Яна за лічаныя дні дакацілася ад межаў СССР да Клецкага раёна. Трое гітлераўцаў на матацыкле праехаліся па вёсцы, а потым фашысты расстралялі некалькі грузавікоў, на якіх ехалі чырвонаармейцы. Некаторым з іх удалося ўцячы. Іх на ўскрайку лесу знайшла сястра Адама і перадавала прадукты.
А тым часам акупанты ўстанаўлівалі свой жорсткі парадак. Усіх, хто мог працаваць, выганялі на будаўніцтва чыгункі Баранавічы – Слуцк. Маладых хлопцаў прымушалі ісці служыць у паліцыю. Сілай прывялі ў камендатуру і 18-гадовага Адама, які наадрэз адмаўляўся быць здраднікам. Родныя праўдамі і няпраўдамі дапамагалі яму пазбегнуць пакарання за гэта.
– Я ўсё роўна не стаў бы паліцаем. У лес уцёк бы ці яшчэ куды, толькі б не прыслужваць ворагу. Яны, гады, расстралялі хлопцаў-аднавяскоўцаў, якія знайшлі зброю, – успамінае ветэран.
Цяжка было ў акупацыі, але верылі, што ў рэшце рэшт вораг будзе разгромлены. І вось вызваленне, прызыў у дзеючую армію. Разам з іншымі равеснікамі на службу прызвалі Адама Галавача. Некалькі месяцаў вучэбкі на Украіне – і радавы кулямётнага разліку Галавач у складзе роты аўтаматчыкаў ваюе на перадавой ва Усходняй Прусіі. Вораг адступаў, але не здаваўся. Пасля першага ранення Адам Дзмітрыевіч у шпіталі не затрымаўся – зноў на фронт да свайго кулямёта «Максім». Зноў раненне. Падлячыўся і адразу на перадавую — пад Кёнігсберг, дзе яго зноў чакала варожая куля…
Закружыла ў віхуры клопатаў мірнае жыццё. Адам ажаніўся з вясковай настаўніцай. Працаваў паляводам у калгасе. Дочкі выраслі, атрымалі адукацыю: Галіна стала настаўніцай, Ларыса – урачом (дарэчы, трое ўнукаў таксама медыкі, яшчэ адзін – ваенны).
– Вельмі цяжка бацьку даваліся ўспаміны пра вайну, шмат гора яна прынесла і нашай сям’і. Столькі давялося тады вынесці. Балюча бачыць на татавых вачах слёзы падчас успамінаў, – гаворыць дачка Галіна Адамаўна.
Менавіта да яе ў Флер’янова пераехалі Адам Дзмітрыевіч і Марыя Адамаўна 12 гадоў назад. Так Ляхавіччына стала іх другой радзімай. А ў вёсцы Флер’янова на доме № 10 па вуліцы Савецкай з’явілася шыльда з надпісам «Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!».
Вялікая Айчынная нагадала пра сябе праз 73 гады: куля, што прытаілася ў назе, «выстраліла». І медыкі нашай райбальніцы прафесійна рызыкнулі – ювелірна дасталі кулю і ў мірны час выратавалі ветэрану жыццё.
– Нават шкада развітвацца з ёю, няхай і турбавала яна мяне часта, але пражылі разам шмат, – расказвае ветэран і паказвае сямейную рэлік-
вію – невялікі кавалачак смертаноснага металу.
Ветэран заўжды акружаны клопатам родных і блізкіх. Часта праведваюць, цікавяцца жыццём прадстаўнікі мясцовага сельвыканкама, раённай ветэранскай арганізацыі. З віншаваннямі прыязджаюць культработнікі, у тым ліку і навасёлкаўская «Вечарніца». Навучэнцы і выкладчыкі ЛДАКа – госці тут таксама частыя: помняць, шануюць.
Адам Дзмітрыевіч любіць слухаць радыё – што дзе робіцца ў свеце, але асабліва яму падабаюцца песні. Калі гучыць «Домік вокнамі ў сад», то можа і сам заспяваць.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.