Цудоўны адпачынак пад гімназічным «Сонейкам». Летні аздараўленчы лагер «Сонейка» пачаў сваю работу 9 жніўня

У гімназіі, дзе ён размясціўся, зараз адпачываюць 65 хлопчыкаў і дзяўчынак з трох гарадскіх школ узростам ад шасці да дзесяці гадоў.

Для дзяцей важатыя імкнуцца зрабіць адпачынак незабыўным і напоўніць яго пазітыўнымі эмоцыямі: арганізоўваюць мерапрыемствы на свежым паветры, развіваючыя гульні. Кожны дзень у рабят асаблівы – тэматычны. Тэмы розныя, але нязменна цікавыя. «Летнікаўцаў» знаёмяць з гісторыяй Ляхавічаў, у Дзень бяспекі паўтараюць важныя правілы пажарнай бяспекі і дарожнага руху, у Дзень музеяў іх чакаюць цікавыя экскурсіі.
– Усе мы памятаем, як у дзяцінстве чакалі цёплага сонечнага лета. І, напэўна, кожны з бацькоў хоча зрабіць гэты доўгачаканы і ўсімі любімы час года для свайго дзіцяці незабыўным, каб уражанні захаваліся надоўга. У нашым лагеры рабяты праводзяць час весела і карысна, – гаворыць дырэктар лагера Аксана Гатоўчыц.
Закончыцца змена 28 жніўня. А пакуль – лета, адпачынак і яркія эмоцыі!

Ірына КУЗЬМІЧ. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.