Фактар «Ляхавіцкага»

Вытворчасць малака ў раёне за 2025 год перавысіла 81 тысячу тон і,
у параўнанні з папярэдняй базай, паднялася ледзь ці не на 13 працэнтаў.

У гісторыі раёна не было такога, каб нейкая гаспадарка вельмі блізка падыходзіла да гадавых удояў у 10 тысяч кілаграмаў малака ад кожнай сярэдняй каровы. А жывёлаводы СВК «Ляхавіцкі» завяршылі год з сярэднім паказчыкам удойнасці больш за 9,8 тысячы кілаграмаў малака. Асобныя малакавытворчыя аб’екты гаспадаркі пайшлі яшчэ далей. Адна ферма падняла названы сярэдні ўзровень прыкладна на тысячу кілаграмаў. На другой – МТК «Русінавічы» – за год было атрымана 10 140 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. І гэтыя абсалютна рэкордныя для нашых мясцін лічбы дасягнуты стараннямі русіна-віцкіх працаўнікоў: кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадаркі, жывё-лаводаў і раслінаводаў. Іменна так, паколькі поспехаў, тым больш рэкордных, у жывёлагадоўлі не бывае без дасканалай работы раслінаводчага цэха.

– Поле – гэта кармы, а кармы ляжаць у аснове жывёлагадоўлі. Безумоўна, важнае значэнне маюць таксама іншыя аспекты-фактары. Адносіны да справы і нават настрой людзей, умовы ўтрымання, генетычны патэнцыял, ветэрынарная дасканаласць у дачыненні жывёлы і іншае. Але ўсё гэта абнуляецца ў выпадку недахопу кармоў
ці іх некандыцыйнасці, – гаворыць намеснік старшыні СВК «Ляхавіцкі» па жывёлагадоўлі Уладзімір Ксёнжык.

З кармамі ўласнага прыгатавання гаспадарка, здаецца, ніколі
не мела ніякіх праблем. Ні колькасна, ні ў плане іх якасці. У плане
іх вырошчвання-нарыхтоўкі з зайздроснай рэгулярнасцю з’яўляецца нешта новае. Напрык-лад, у якасці корманарыхтоўчай навацыі 2025 года можна лічыць закладку сіласу з сумесі кукурузы і сланечніка.
– Кукурузна-сланечнікавага сіласу мы заклалі прыкладна пяць тысяч тон. Добры энергапратэінавы корм, а яго ўвод у рацыёны жывёлы стаў, лічу, адным з фактараў павелічэння як надояў, так і прываг жывёлы, – упэўнена адзначае Уладзімір Ксёнжык. І дадае, што з улікам сёлетняй добрай практыкі пасяўныя плошчы «цераспалосіцы» кукурузы і сланечніка намераны працягнуць і ў далейшым – з перспектывай пашырэння палявых плошчаў і аб’ёмаў нарыхтоўкі камбінаванага сіласу.

Многае ў прыгатаванні канцэнтраваных кармоў «Ляхавіцкі» таксама выконвае сам і ў значнай ступені з уласна вырашчанай сыравіны. Ёсць адпаведны вопыт і неабходнае тэхніка-тэхналагічнае абсталяванне. Але ж жывуць, працуюць і думаюць на перспектыву. У бліжэйшых планах гаспадаркі значыцца будаўніцтва і абсталяванне ўсімі неабходнымі магутнасцямі камбікормавага завода. Першыя крокі на гэтым шляху зроблены. Стартавыя абрысы цэха-завода ўжо можна ўбачыць непадалёку ад яшчэ аднаго МТК гаспадаркі «Русінавічы новы», які быў запушчаны ў работу ў канцы 2022 года і разлічаны на 720 пастановачных месцаў для дойнай жывёлы.
А МТК «Русінавічы» далёка не новы. Сучасны, з арганізацыяй утрымання, догляду і даення жывёлы ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі часу, сваю працоўную біяграфію комплекс ажыццяўляе з 2009 года. З’яўляецца адным з першых падобнага тыпу на тэрыторыі Ляхавіччыны. Асноўны статак складае каля паўтысячы галоў жывёлы, працуе ў адпаведнасці з патрабаваннямі паточна-цэхавай сістэмы ў жывёлагадоўлі. За вытворчы працэс на аб’екце адказваюць два дзясяткі работнікаў. Вольга Грыкель, Валянціна Чарняўская, Галіна Ракашэвіч, як і кожная з іх калег, адрозніваюцца выключнай працавітасцю, належнымі адносінамі да сваёй справы. У шэсць гадзін раніцы жанчыны ўжо на працоўным месцы. Жывёлаводы, на плячах якіх увесь комплекс клопатаў па абслугоўванні і жывёлы, і памяшканняў для іх утрымання, Сяргей Ходар, Віктар Новік, Ігар Мурын, Аляксандр Болтуць таксама вельмі рана пачынаюць рабочы дзень і працуюць з усёй адданасцю.
– Любая ферма пачынаецца з кіраўніка, – лічыць Уладзімір Ксёнжык. Кіруе МТК «Русінавічы» Мікалай Азімка. На службу брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі прыходзіць нярэдка яшчэ да даярак.
– Каля шасці раніцы ў мяне першая адпраўка малака на завод. Паспяваю пракантраляваць перыметр, прыняць справы на аб’екце ў начнога вартаўніка, агледжуся ў праходах кароўнікаў на прадмет запоўненасці кармавых сталоў. Работы хапае, – адзначае кіраўнік МТК.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Намеснік старшыні Уладзімір Ксёнжык.
Аператары машыннага даення Людміла Працюк
і Наталля Бубенчык.
Слесар даільнага абсталявання   Генадзій Горбік.

Жывёлаводы Ігар Мурын і Сяргей Ходар.
Брыгадзір вытворчай брыгады па жывёлагадоўлі
Мікалай Азімка, слесар Аляксандр Бубенчык, аператары машыннага даення Галіна Ракашэвіч і Марыя Жалнярэвіч.
Вадзіцель Аляксандр Сельмановіч.