Аб’яўлены збор. Жыхарам Ляхавіччыны ўручаны павесткі аб праходжанні збораў

У межах падрыхтоўкі тэрытарыяльных войскаў да сумесных стратэгічных вучэнняў Узброеных Сіл Беларусі і Расіі «Захад-2021» з 20 жніўня фарміруецца асобны стралковы батальён тэрытарыяльных войскаў Баранавіцкага раёна.

Улічваючы, што ў склад ваеннага камісарыята г. Баранавічы ўваходзіць і адасобленая група Ляхавіцкага раёна, мясцовым жыхарам таксама ўручаюцца павесткі аб праходжанні збораў.
У нашым раёне іх атрымаюць каля двух дзясяткаў чалавек ва ўзросце да 50 гадоў. У цывільным жыцці яны працуюць у сельскай і камунальнай гаспадарках, іншых сферах дзейнасці, а падчас збораў на вызначаны перыяд перакваліфікуюцца ў камандзіраў аддзялення, стралкоў, вадзіцеляў і г. д.
Ваеннаабавязаныя пройдуць курс заняткаў па абыходжанні са стралковай зброяй і іншым узбраеннем тэрытарыяльных войскаў, выкананні інжынерных мерапрыемстваў, аказанні меддапамогі і іншых.
Падчас вучэнняў будуць адпрацаваны задачы па процідзеянні незаконным узброенным фарміраванням і дыверсійна-разведвальным групам, выкананні баявых задач са злучэннямі і воінскімі часцямі сухапутных войскаў, падрыхтоўцы і вядзенні абароны населенага пункта.
Арцём КІРУТА, начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваенкамата.