Шопінг па-ляхавіцку

Мабыць, цяжка знайсці жанчыну, якая адмовіла б сабе ў жаданні прайсціся па магазінах і купіць што-небудзь ці хаця б проста паглядзець. Не сакрэт, што ў апошнія гады набыць сучасныя прыгожыя і камфортныя адзенне, бялізну, абутак у гандлёвых крамах мясцовага райпо было даволі праблематычна. Канечне, без абновак ляхавічане не хадзілі, а куплялі ўсё неабходнае ў прадпрымальнікаў ці, наогул, у іншых гарадах.
Двухпавярховы магазін са шматабяцальнай назвай “Дом гандлю” толькі на першым паверсе часткова апраўдваў назву і прапаноўваў пакупнікам разнастайныя харчовыя тавары, у тым ліку і прадукцыю мясцовых вытворцаў: камбіната кааператыўнай прамысловасці, ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” (нават з’явілася і спецыяльная паліца, дзе прадстаўлена прадукцыя гэтага прадпрыемства), СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”.
А вось на другім паверсе райпо займала невялікую частку гандлёвых плошчаў, астатнюю паспяхова “акупіравалі” павільёны, дзе гандлявалі прадпрымальнікі. Прычым, апошнія прапаноўвалі лепшы асартымент.
Напрыканцы снежня мінулага года прамтаварны паверх Дома гандлю пачаў адлік новай гісторыі свайго існавання. Прадпрымальнікам давялося пакінуць тутэйшыя памяшканні. І пасля рэканструкцыі гандлёвы цэнтр райпо запрасіў пакупнікоў у аддзелы жаночага і мужчынскага адзення, галантарэі, парфумерны, сувеніраў, абутку. Тавары ў пераважнай большасці айчынных вытворцаў – у добрым асартыменце і на любы густ. Таму многія наведвальнікі з цікаўных назіральнікаў ператвараліся ў пакупнікоў.
І цяпер, амаль праз два месяцы пасля адкрыцця, пакупнікоў на другім паверсе Дома гандлю не становіцца менш. Таварны асартымент пастаянна папаўняецца. Такое адчуванне, што і прадаўцам стала больш прыемна працаваць. Яны з задавальненнем прапануюць навінкі, раяць, дапамагаюць у выбары.
Аднак, эмоцыі эмоцыямі, а факты гавораць самі за сябе. Калі, напрыклад за лістапад 2010 года тавараабарот прамысловага аддзела “Дома гандлю” склаў, па інфармацыі Ляхавіцкага гасгандлю, каля 13 мільёнаў рублёў, то за студзень 2011 года – амаль 100 мільёнаў. Розніца, як бачыце, адчувальная. І райпо карысць, і, галоўнае, пакупнікі задаволены: нарэшце і ў Ляхавічах з’явілася месца, дзе можна “пашо-пінгаваць”. Вось толькі яшчэ б устанавіць на касах плацёжныя тэрміналы, каб была магчымасць разлічвацца пластыкавымі банкаўскімі карткамі.
Але аднымі прамтаварамі сыты не будзеш. Чалавеку неабходны карысныя і багатыя вітамінамі садавіна і агародніна. Асабліва адчувальны іх недахоп зімой. Хочацца парадаваць сябе салатам з морквы з часначком ці вінегрэтам. У магазіне “Агародніна” адпаведная прадукцыя ў шырокім асартыменце, толькі перабоі з морквай. У мінулым годзе на старонках раённай газеты ўздымалася праблема адсутнасці ў магазіне мочаных яблыкаў. Праўленне райпо паабяцала сітуацыю выправіць. І абяцанне выканала. Гэтай зімой мочаныя яблыкі ў продажы пастаянна. Як гаворыцца – апетыт прыходзіць падчас яды. Таму пажадана, каб у продажы былі і салёныя агуркі, і квашаная капуста. Попыт на гэты тавар быў бы.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *