Перспектывы для ініцыятывы. Дыялогавая пляцоўка ў купалаўцы сабрала прафсаюзны актыў Ляхавіччыны. Тэма – «Мы разам»

Дыялогавыя пляцоўкі па-ранейшаму застаюцца актуальнай формай зносін, абмену думкамі і меркаваннямі па важных тэмах, якія тычацца кожнага грамадзяніна нашай краіны. На сустрэчах, што праходзяць у працоўных калектывах, з актывістамі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў абмяркоўваюцца надзённыя праблемы.

У мінулы чацвер дыялогавая пляцоўка ў купалаўцы сабрала прафсаюзны актыў Ляхавіччыны. Тэма – «Мы разам». Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч расказала пра найбольш значныя падзеі агульнарэспубліканскага значэння.
У прыватнасці, размова ішла пра шосты Усебеларускі народны сход, «Вялікую размову з Прэзідэнтам», а таксама работу камісіі па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
– 2021-ы стаў багатым на вызначальныя падзеі. Так, на Усебеларускім народным сходзе прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку. «Вялікая размова» закранула многія і знешнепалітычныя падзеі, і сітуацыю ў нашай краіне, якая склалася пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў. Сёлета Беларусь 17 верасня ўпершыню адзначыць свята Дзень народнага адзінства. І ў нашым раёне да яго прымеркавана нямала мерапрыемстваў. Адно з іх – у суботу, 4 верасня, калі Ляхавіцкі раён стане адным з прыпынкаў на маршруце рэспубліканскага аўтапрабегу-эстафеты «Сімвал адзінства». Яго мэта – аб’яднанне ў рамках Года і Дня народнага адзінства жыхароў краіны, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады. А сімвалам эстафеты стала зерне новага ўраджаю. Не менш насычаным у палітычна-грамадскім аспекце плануецца і год наступны. Адна з галоўных яго падзей – рэферэндум па ўнясенні змяненняў у Асноўны Закон краіны – Канстытуцыю. Адзначу, што ляхавічане актыўна далучыліся да абмеркавання гэтага пытання і ўдзельнічалі ў разнастайных дыялогавых пляцоўках, – адзначыла Ларыса Юшкевіч.
Нашы землякі неабыякавыя і актыўныя. Работа чарговай дыялогавай пляцоўкі – таму пацвярджэнне.
– Лічу, такія сустрэчы важныя, неабходныя і канструктыўныя. Іх сэнс – пачуць кожнага, каму неабыякава, як мы будзем жыць заўтра, якім будзе наша грамадства і будучыня нашчадкаў. Сёння сабраліся старшыні прафсаюзных пярвічак гарадскіх прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Пачутае падчас работы дыялогавай пляцоўкі яны раскажуць у сваіх калектывах. Таксама дыялогавая пляцоўка – гэта магчымасць падзяліцца, чым жыве той ці іншы калектыў, якія тэмы і пытанні хвалююць людзей. Акрамя таго, кожны можа выказаць свае прапановы ці пажаданні, – падкрэсліла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.
Такога ж меркавання прытрымліваецца і яшчэ адна ўдзельніца дыялогавай пляцоўкі –  старшыня прафсаюзнай пярвічкі ясляў-сада № 3 Іна Арлоўская:
– Важна, што абмеркаванне закранае самыя розныя сферы жыцця – эканоміку, адукацыю, медыцыну, маладзёжную палітыку, камунальную сферу. Асабіста мяне, як педработніка, цікавяць пытанні, што тычацца выхавання і адукацыі пад-растаючага пакалення. Адказы на многія з іх атрымала, калі слухала выступленне Прэзідэнта краіны на Рэспубліканскім педсавеце.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.