У лес – з клопатам, у цэх – з абноўкай. Адказная і нялёгкая работа – вырошчваць лес

Для абсалютнай большасці людзей ён звыклае месца адпачынку. Зусім іншыя адносіны да лесу, яго насельнікаў у тых, хто выбраў для сябе адказную і нялёгкую работу – даглядаць і прымнажаць прыроднае багацце, клапаціцца пра яго і беражліва эксплуатаваць.

Калектыў Ляхавіцкага цэха перапрацоўкі драўніны з начальнікам Яўгеніем Наркевічам (чацвёрты злева).

Дастойнае месца сярод беларускіх лесаводаў займае і калектыў Ляхавіцкага лясгаса. Пацвярджэнне паспяховасці –  той факт, што па выніках мінулага года Ляхавіцкі лясгас занесены на раённую Галерэю славы як адно з лепшых прадпрыемстваў Ляхавіччыны. Прычым, прызнавацца лепшымі для тутэйшых працаўнікоў стала добрай традыцыяй.


– Лес трэба любіць і жыць ім, тады усё абавязкова атрымаецца. У нас прафесійны і зладжаны калектыў, цёпла і добразычліва прымаем у свае рады навічкоў, падтрымліваем іх, дапамагаем і словам, і справай. Лічу, што ў працоўнай біяграфіі кожнага спецыяліста павінен быць прафесіянал, які падзеліцца багатым вопытам. Да нас прыходзіць нямала маладых спецыялістаў. Адна з іх – інжынер па лесакарыстанні Кацярына Бародзіч, – адзначае дырэктар лясгаса Сяргей  Амбражэй, патомны лесавод. А наогул, прыкладаў адданасці прафесіі ў лясгасе нямала.

Наталля Адаменка

Валянціна Мельнічэнка.


Нярэдка даводзіцца чуць, што работа ў лясной гаспадарцы – не жаночая справа. А вось амаль 40 тутэйшых прадстаўніц прыгожай паловы калектыву (амаль шостая яго частка) так не лічаць –
свядома выбралі лясную  спецыяльнасць. Намеснік  дырэктара лясгаса Наталля Адаменка адна з іх і можа расказваць пра сваю любімую  работу бясконца:
– Лес – вялікі, з мноствам тайнаў, жывы свет са сваімі правіламі і раскладам. На жаль, часта чалавек можа пашкодзіць ці разбурыць яго. І мы, работнікі лясной гаспадаркі, імкнёмся не дапусціць ці нейтралізаваць такія наступствы: аднаўляем і абнаўляем лясы, каб пакінуць іх у спадчыну будучым пакаленням.
Каб быць на плаву, асаблівая ўвага – на тэхнічнае абнаўленне і вытворчае пераўзбраенне.
У авангардзе дрэваапрацоўка – важны і важкі напрамак работы лясгаса. Першай ластаўкай стаў шэсць дзесяцігоддзяў назад
цэх перапрацоўкі драўніны ў Крывошыне. Цяпер у лясгасе такіх два: у райцэнтры і Крывошыне. Апошнім часам вясковы істотна «памаладзеў» пасля мадэрнізацыі.

Калектыў Крывошынскага цэха перапрацоўкі драўніны.


– Тут заўжды стараліся працаваць адказна, вынікова.
А пасля тэхнічнага і касметычнага абнаўлення, праведзенага за ўласныя сродкі лясгаса, і ўвогуле справы пайшлі ўгару: павялічылі вытворчасць, выпускаем больш прадукцыі на экспарт. Піламатэрыялы ідуць у асноўным у Германію, краіны Прыбалтыкі. Першую вытворчую скрыпку іграе сучасны стужачны станок. Таксама набылі новы станок «Барс». Займаемся колкай дроў, пакуль у асноўным для рэалізацыі насельніцтву, але ў далейшым плануем выходзіць на міжнародны ўзровень, – расказвае начальнік цэха Яўгеній Наркевіч.
– У нас невялікі калектыў –  29 чалавек, але кожны, як гаворыцца, на сваім месцы. У асноўным усе тутэйшыя – з Ліпска, Крывошына, Галаўнінцаў, Заліпення. Стараюцца, шчыруюць, і зарплата, адпаведна, высокая. З’яўляюцца прыкладам у рабоце, задаюць тон станочнік Віктар Мажэйка, заточнік Міхаіл Герасімовіч, трактарыст Міхаіл Зубік, – адзначае бухгалтар цэха ў Крывошыне Святлана Гатоўчыц, якая тут працуе  33 гады. Дарэчы, яна прадстаўніца адной з дынастый тутэйшых лесаводаў: дзед быў лесніком, бацька – майстрам лесу, брат – ляснічы Крывошынскага лясніцтва.
Зазірнём і на яшчэ адзін вызначальны экспартаарыентаваны аб’ект – цэх перапрацоўкі драўніны ў Ляхавічах, які пачаў выпускаць прадукцыю летась. Нават па тэрыторыі можна зрабіць выснову: тут усё на вышэйшым узроўні і суцэльны парадак. Бясспрэчная фішка –
лесапільная лінія LARMET.
З канвеера сыходзіць запатрабаваная і за межамі краіны прадукцыя – абразныя і  неабразныя піламатэрыялы.
– Каб дасягнуць высокіх эканамічных паказчыкаў, даводзіцца пастаянна мадэрнізавацца і абнаўляцца, у тым ліку і тэхнічна. Зроблена і набыта нямала.
Выдатна зарэкамендавалі сябе мнагапрофільныя агрэгаты
накшталт «харвестара». У лізінг набылі фінскі цуд тэхнікі Ponsee. Машына дазваляе выконваць шэраг аперацый пры нарыхтоўцы драўніны ў любых умовах, – тлумачыць майстар па лесанарыхтоўках Аляксей Равяка.

Міхаіл Зубік.


Кіруюць новай тэхнікай машыністы Аляксандр Дабрыян і Мікалай Курыловіч. Майстарскі кіруюць яшчэ адной навінкай, якая без праблем працуе ў самых складаных умовах, у тым ліку на нізкіх месцах, Генрых Свірэпа і Генадзій Равяка.
– Тэхніка – вышэйшы клас. Ёй любыя задачы па сілах. А як камфортна ў кабіне: адпрацуеш змену, а нагрузкі не адчуваеш. І вынікі адпаведныя, – сцвярджае Генрых Свірэпа.
Дарэчы, як расказала Наталля Адаменка, драўніна, што вывозіцца з лесанарыхтовак, біркуецца. Потым дастаткова навесці на бірку счытвальнік QR-кодаў, каб даведацца, дзе яна нарыхтавана, адкуль і куды вывезена і г. д.

Генрых Свірэпа.


Пра паспяховы стан лясгасаўскіх спраў красамоўна гавораць і лічбы. Начальнік планава-эканамічнага сектара Валянціна Мельнічэнка не хавае задавальнення і гонару за сваіх калег:
– Аб’ёмы лесанарыхтовак за сем месяцаў сёлета склалі  122 працэнты да плану. Піламатэрыялаў выраблена 148 працэнтаў да ўзроўню 2020 года. Істотна выраслі аб’ёмы экспарту  прадукцыі і паслуг – 232 працэнты. За восем месяцаў 2021 года выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг склала  174 працэнты аналагічнага леташняга перыяду. Удзельная вага экспарту – 40 працэнтаў, а за жнівень – 44 працэнты ад агульнага аб’ёму. Адчувальны рост і ў экспарце піламатэрыялаў – 77 працэнтаў, у жніўні – 78 працэнтаў. Адпаведна, расце і дабрабыт лясгасаўцаў: за восем месяцаў гэтага года сярэднямесячная зарплата –  1536 рублёў. Дарэчы, Валянціна Антонаўна таксама з тых, хто працуе ў лясгасе не адно дзесяцігоддзе, прыклад адданасці справе. Яе партрэт сёлета ўпрыгожвае раённую Галерэю славы.

Кацярына Бародзіч.


– Каб ісці ў нагу з часам, неабходна хутка рэагаваць на рыначныя запыты. Толькі тады прапанова будзе актуальнай. Наш калектыў так і імкнецца працаваць. Не скардзімся на цяжкасці і праблемы, а вырашаем іх, пераадольваем любыя перашкоды. Акрамя таго, у нас выдатная каманда. Мы заўжды разам – і працуем, і святкуем. Лясгасаўцы – актыўныя ўдзельнікі разнастайных раённых культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў. А гэта садзейнічае фарміраванню каманднага духу, – падводзіць вынікі работы напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў лесу – Сяргей Амбражэй. І віншуе сённяшніх работнікаў лясгаса і ветэранаў галіны са святам.

Аляксандр Дабрыян.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.