Камунгас «прагназуе» цяпло. Карэспандэнт «ЛВ» пацікавіўся, як ЖКГ падрыхтавалася да зімы

Куршынавічы. Майстар АТС Юрый Жыжа (справа) і слесары Віктар Кірыльчык і Віктар Швэндзік.

Надвор’е апошніх двух тыдняў было некамфортным. Яшчэ раз гучна нагадала – наперадзе доўгія месяцы ацяпляльнага сезона. Але ж усё не абсалютна, і перыяд халадоў кожны з нас у сілах падкарэкціраваць сабе на карысць – падрыхтавацца. Для многіх з землякоў актуальным з’яўляецца наяўнасць запасаў паліва, для ўсіх – якасць перадзімовай падрыхтоўкі жылля. А для ляхавічан і жыхароў раёна, чые кватэры падключаны да цэнтральнага ацяплення, надвор’е ў доме, у аснове сваёй, фарміруецца дзякуючы рабоце камунгаса.

Газаэлектразваршчык Міхаіл Вайцешык.

– Работа кацельнай гаспадаркі характарызуецца цыклічнасцю. Ацяпляльнаму перыяду папярэднічае падрыхтоўчы, ад вынікаў якога залежыць калі і не ўсё, то вельмі і вельмі многае. Рыхтавацца да работы ва ўмовах восені-зімы 2021–2022 гадоў мы пачалі яшчэ з вясны, адразу ж пасля завяршэння мінулага «гарачага» сезона. Правялі маніторынгі, былі складзены паэтапныя дэталёвыя графікі вядзення работ: што, дзе, калі, якімі сіламі і за якія сродкі. Сёння ўжо можна падсумаваць: абсалютная большасць таго,  што планавалася, выканана, –  гаворыць галоўны інжынер КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Паўлоўскі.

Гарэць, каб грэць
На абслугоўванні камунгаса зараз знаходзяцца 24 кацельныя аб’екты. 17 з іх спраектаваны пад магчымасць спажываць мясцовыя віды паліва. Для сямі астатніх, у тым ліку і трох кацельняў-аўтаматаў, палівам з’яўляецца прыродны газ. І гэта дастаткова інавацыйны і нядаўні для раёна падыход – цеплавыя генератары, здольныя выпрацоўваць і адпускаць цяпло ў аўтаматычным рэжыме без удзелу дзяжурнага аператара. Працуюць яны ў  вёсках Задвор’е, Каранеўшчыне і аграгарадку Навасёлкі.
За лета на кожнай з 24 кацельняў выкананы поўныя прафілактычныя рэгламенты і ўсе неабходныя рамонты. У тым ліку –
ачыстка ўнутранай паверхні кожнага з 72 наяўных камунальных катлоў, комплекс вызначаных нарматывам выпрабавальных работ. Як вынік – ужо да 8 верасня ўсе камунгасаўскія кацельні мелі станоўчае заключэнне Дзяржпрамнагляду і атрымалі пашпарты гатоўнасці.
Між тым, у Ляхавічах пачаліся падрыхтоўчыя работы пад будаў-
ніцтва яшчэ аднаго цеплагенерыруючага аб’екта. «Вырасце» ён на
тэрыторыі квартальнай кацельні па адрасе вуліца Чкалава, 5а. Аснашчаны трыма катламі сумарнай магутнасцю 10 мегаВат, працаваць ён будзе на мясцовых відах паліва. Згодна з праектным абгрунтаваннем, пры тэмпературах вонкавага паветра не ніжэй за мінус чатыры градусы, магутнасцяў аднаго толькі новага аб’екта будзе дастаткова для забеспячэння «сваіх» спажыўцоў цеплавой энергіяй. Калі мароз перасягне чатырохградусную адзнаку, дадаткова будуць выкарыстаны магутнасці старой кацельні.
Па словах Андрэя Паўлоўскага, будоўля пакуль знаходзіцца на стадыі катлавана: абсталяваны рабочыя месцы, абгароджана стаянка для будаўнічых машын, выканана часовае падключэнне да лініі электраперадачы. Крайнім тэрмінам уводу аб’екта называецца 17 мая будучага года.

Каб у сетках  не «заблытацца»
Збоі ў рабоце цеплаправодных сетак не-не ды і здараюцца. У аснове сваёй, трубы цеплаперадачы служаць даўно – «пераслужылі», як правіла, свой тэхналагічны тэрмін. У сувязі з падключэннем новых спажыўцоў некаторыя адрэзкі цеплатрас атрымалі дадатковую нагрузку. Старэюць і, часам, не вытрымліваюць. Замяніць усе адразу – і дорага, і доўга.
– Калі звярнуцца да мінулага ацяпляльнага сезона, то можна сказаць, што сур’ёзных аварыйных выпадкаў на цеплатрасах камунгаса дапушчана не было. А сезон, між іншым, быў доўгім, марозным, няпростым. Не так актыўна, як хацелася б, аднак цепласеткі рэгулярна выпрабоўваюцца на адпаведнасць, рамантуюцца, мяняюцца на трубы папярэдне ізаляваныя, – паведамляе галоўны інжынер.
Сёлета, напрыклад, працэдуру выпрабавання прайшлі больш як 76 кіламетраў трас у аднатрубным вылічэнні. Гэта азначае стапрацэнтнае выкананне планавага задання. А план па замене цепласетак камунгас нават перакрыў: з мяркуемых пад замену 3,1 кіламетра заменена 3,6. Яшчэ   прыкладна на 200 метрах цеплатрас работы працягваюцца.
Найбольш значную – і ў сацыяльным, і ў эканоміка-вытворчым, і ў плане аб’ёмаў работ – сваю будоўлю камунгас праводзіць у вёсцы Куршынавічы. Каштаваць яна будзе 270 тысяч рублёў, атрыманых з абласнога бюджэту. Дзякуючы пракладцы новай цепла-
трасы агульнай працягласцю каля 2,4 кіламетра, цяпло мясцовай кацельні стане даступна жыльцам больш як дзясятка двухпавярховых дамоў, размешчаных па вуліцы Маладзёжнай у Куршынавічах. Асноўныя работы, якія ад пачатку да канца выконваюць спецыялісты камунгаса, мяркуецца завяршыць да сярэдзіны кастрычніка. Магчыма, некалькі часу спатрэбіцца на падключэнне саміх дамоў, якія пакуль яшчэ абаграваюцца ў індывідуальным парадку. Зручна і, як бачыцца, выгадна ў эканамічным плане. Прычым не толькі жыльцам – камунгас атрымае магчымасць дазагрузіць куршынавіцкую кацельню, што да таго выкарыстоўвалася не на поўную магутнасць.
У мінулы аўторак на пракладцы  новай цеплатрасы працягваліся «гарачыя» будні.
– У склад брыгады ўваходзяць работнікі аварыйна-тэхнічнай службы прадпрыемства і некалькі спецыялістаў участка кацельнай гаспадаркі. Экскаватаршчык, два  зваршчыкі, чатыры слесары, вадзіцель – дзевяць чалавек разам са мною. Іншы раз застаёмся на
аб’екце звышнарматыўна, імкнёмся справіцца з падрадам як мага
хутчэй і якасна, – адзначыў кіраўнік брыгады – майстар АТС Ляха-
віцкага камунгаса Юрый Жыжа.

Цёплы дом
У плане падрадаў у дачыненні жыллёвага фонду раённыя камунальнікі сёлета таксама нямала пастараліся. Работы па рамонце дахаў, цеплаізаляцыі, прафілактычныя мерапрыемствы на сістэмах ацяплення жылых дамоў і цеплавых пунктаў праведзены ў аб’ёмах, прадугледжаных планавымі заданнямі. Яшчэ рамантаваліся балконы, стыкі сценавых панэляў, месцы агульнага карыстання шматкватэрных дамоў, выконвалася гідрапрамыўка сістэм іх ацяплення і іншае. На сёння ўсе 237 дамоў, што знаходзяцца на абслугоўванні прадпрыемства, пашпартызаваны.
– З 22 кааператыўных дамоў з цэнтралізаваным ацяпленнем пашпарты гатоўнасці да зімы атрымалі таксама ўсе. Кліматычны фон сёлетняга верасня вымусіў адкрыць ацяпляльны сезон некалькі раней звычайных тэрмінаў. Так, камунальнае  цяпло на гэтым тыдні ўжо атрымалі многія ўстановы, жылыя дамы. Пачатак пакладзены, спадзяёмся і на добры працяг. Камунгасам зроблена для гэтага вельмі нямала, – завяршае гутарку Андрэй Паўлоўскі.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.