Не пераблытайце прастуду з менінгітам!

Менінгакокавай інфекцыяй хварэе толькі чалавек. Крыніца інфекцыі – хворы ці бактэрыяносьбіт (чалавек сам не хварэе, а можа заражаць тых, хто побач). Прычым, колькасць “здаровых” носьбітаў у сотні разоў перавышае колькасць хворых. Узбуджальнік інфекцыі перадаецца паветрана-кропельным шляхам падчас кашлю, чхання, пры размове ці пацалунку, трапляе на слізістую абалонку наса-глоткі і размнажаецца ў ёй. Першыя прыкметы хваробы такія ж, як і ў звычайнай прастуды. Захворванне ўзнікае праз 1-10 дзён ад моманту заражэння. Адрозніваюць дзве клінічныя формы менінгакокавай інфекцыі: лакалізаваную (запаленне слізістай абалонкі носа і глоткі – назафарынгіт) і генералізаваную (пры траплянні менінгакока ў кроў).
Востры назафарынгіт праяўляецца наступнымі сімптомамі: закладзены нос, насмарк, павышэнне тэмпературы цела, галаўны боль, кашаль, пяршэнне і боль у горле. Пры такой форме звычайна праз 3-5 дзён наступае выздараўленне. Калі ж імунная сістэма чалавека аслаблена, мікроб трапляе ў кроў, і тады развіваецца цяжкая форма інфекцыі – менінгакакцэмія. Захворванне пачынаецца востра, сярод поўнага здароўя, з павышэння тэмпературы цела да 40-41 градуса, моцнага галаўнога болю, які не здымаецца звычайнымі абязбольваючымі прэпаратамі. Боль становіцца такім невыносным, што дарослыя хворыя стогнуць, а дзеці плачуць і крычаць. Магчыма шматразовая рвота, якая не прыносіць хвораму палягчэння. З’яўляецца зоркавы сып на нагах і руках, баках, які не знікае пры націсканні. Захворванне хутка прагрэсіруе і можа закончыцца смерцю.
Калі менінгакок трапляе ў галаўны і спінны мозг, у захварэўшага развіваецца запаленне мазгавых абалонак (менінгіт ці менінгаэнцэфаліт).
У мінулым годзе на Ляхавіччыне, на шчасце, выпадкаў захворвання менінгакокавай інфекцыяй не было, а ў папярэднія гады рэ-гістраваліся па 2-3 выпадкі.
Васілій СКАРАХОД, урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *