СВК «Ляхавіцкі» — назва абавязвае адпавядаць

Летась гаспадарцы ўручаны 4 пераходныя Ганаровыя сцягі за дасягненне высокіх паказчыкаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі

«Ад райцэнтра да Русінавіч — рукой падаць — некалькі хвілін па асфальтаванай стужцы і… трапляеш у казку: у засені садоў прыгожыя, у цёплыя колеры пафарбаваныя домікі, даволі шырокія вуліцы, сучасныя дахі над дагледжанымі будынкамі гандлёвага комплексу (магазін і кафэ), школы, аддзяленняў пошты і банка, канторы, шмат асфальту, акуратныя агароджы. Летам — буянне зелені і кветак, потым накцюрнам гучыць залаціста-барвовая восень… Заможная вёска Русінавічы — цэнтр сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Ляхавіцкі» — у 2006 годзе набыла статус аграгарадка, аднаго з першых, пабудаваных у раёне.
…Калі б на славутай Ляхавіччыне не было іншых з’яў, дасягненняў і здабыткаў, якімі можна ганарыцца (а яны ёсць!), то рэалій гэтай гаспадаркі хапіла б, каб нізка пакланіцца вёсцы і вяскоўцам за іх самаадданую, самаахвярную, абсалютную любоў да зямлі. За любоў, дарэчы, узаемную, якая ўвасабляецца ў важкія ўраджаі, прывагі, надоі. Жыве вёска, адраджаецца, адбудоўваецца, за ёю — будучыня.
У гэтым непахісна перакананы не менш знакаміты, чым гаспадарка, яе старшыня Аляксандр Вітко. Па сутнасці, не прымяншаючы заслуг былых кіраўнікоў «Ляхавіцкага», учарашніх і сённяшніх спецыялістаў і працаўнікоў, аб’ектыўным будзе сцвярджэнне: Вітко «зрабіў» «Ляхавіцкі», а «Ляхавіцкі» — яго — мудрага, таленавітага, прадбачлівага, настойлівага, самадастатковага, аўтарытэтнага.
Сапраўды, адзіны ў раёне Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэнаў «Знак Пашаны» і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць», неаднаразовы лаўрэат конкурсу «Лепшы кіраўнік сельгаспрадпрыемстваў Брэсцкай вобласці», ён проста робіць сваю справу. Справу дзяржаўнай важнасці — забяспечвае народ сельгаспрадукцыяй і, зноў жа, забяспечвае пастаяннае, паступовае развіццё даверанай яму гаспадаркі, а таксама (і найперш) яе работнікаў дастойнай зарплатай і не менш дастойнымі ўмовамі працы і быту — жыцця, адным словам. Не існавання, а жыцця» («ЛВ» 27.10.2007 г.).

Аляксандр Вітко з унукамі Максімам і Сашам

Сам старшыня пра поспехі гаспадаркі гаварыць не вельмі любіць: па яго меркаванні, працаваць трэба вынікова, а поспехі не дзеля поспехаў, а дзеля стваральнага развіцця, дзеля людзей, іх дабрабыту і камфорту. Аднак, здабыткі цёзкі раёна — СВК «Ляхавіцкі» — робяць гонар яго працаўнікам і, канешне, кіраўніку гаспадаркі — адным словам, камандзе аднадумцаў. Неаднойчы выходзілі пераможцамі раённага, абласнога, рэспубліканскага спаборніцтваў (летась, напрыклад, сталі трэцімі сярод сельгаспрадпрыемстваў краіны на жніве), адзначаліся як перадавікі ў жывёлагадоўчай галіне. І галоўны аграном Іван Вітко прымаў з рук Прэзідэнта ўзнагароды як лепшы аграном Беларусі. І сярод жывёлаводаў ёсць удастоеныя ўрадавых узнагарод. А сёлета на Свяце працы 1 мая старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар уручыў «Ляхавіцкаму» дыплом другой ступені, якім гаспадарка адзначана па выніках мінулага года. Гартаць пераможныя старонкі біяграфіі гэтага сельгаскааператыва можна доўга. І ўражвацца рэкорднымі цэнтнерамі хлебнай нівы, бульбяных і кукурузных палеткаў, надоямі і прывагамі грамадскага статка, умовамі працы, тэхнічнай аснашчанасцю і парадкам, якія ў «Ляхавіцкім» прапісаны на пастаяннае месца жыхарства. Старшыня Аляксандр Вітко лічыць гэта звычайнай справай, сялянскім стаўленнем да працы, да жыцця.

Сучасны малочнатаварны комплекс

Зямлю трэба любіць. Калі працаваць на ёй без гэтага пачуцця, не адкрые яна свае таямніцы. Недалюбленая, не расквеціцца ва ўсю бязмежную моц шчодрай прыгажосцю ці, магчыма, больш трапна сказаць — прыгожай шчодрасцю. Зямля — заўсёднае спасціжэнне. Хлебная ніва, росная сенажаць, бусліны клёкат, гул камбайнаў і трактараў — для кагосьці экзотыка: прыгожа, але жыць сярод гэтага — прабачце, не! — толькі горад… А ў нашым СВК ёсць свая персанальная ўрбанізацыя — аграгарадок Русінавічы. Зручнае і добраўпарадкаванае жыллё, сучасная вытворчасць з адпаведнымі ўмовамі працы (фермы, машынна-трактарны парк, сховішчы сельгаспрадукцыі, зернесушыльны комплекс…), мясцовы ФАП, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і Дом культуры, магазін і сталоўка, аддзяленні паштовай сувязі і «Беларусбанка», школа і садок, дастаткова камфортныя дарогі — жыві і радуйся.
Канешне, не з неба ўсё гэта падае, а здабываецца працай. Не надта ўрадлівыя землі гаспадаркі даюць неблагую ўраджайнасць («неблагую» — гэта па вызначэнні Аляксандра Іванавіча, на справе ж — выдатную! — рэд.) зерневых, бульбы, кукурузы. А ўсё таму, што высокатэхналагічны працэс вытворчасці вытрымліваецца дакладна. Гэта ж датычыць і мяса-малочнай галіны. Паказальны прыклад — выніковасць новага малочнатаварнага комплекса: гатунак прадукцыі — вышэйшы ці экстра, валавы надой за 5 месяцаў — 1370,5 тоны, сярэдні надой ад каровы — 3187 кілаграмаў. Грашовыя паступленні штотыдзень у касу гаспадаркі адпаведныя. А ўмовам працы аператараў машыннага даення могуць пазайздросціць работнікі некаторых гарадскіх вытворчасцяў, як і зарплаце.

Брыгадзір паляводчай брыгады Іван Юнік

Летась прыбытак гаспадаркі склаў 12474 млн. рублёў, рэнтабельнасць продажу — 24,2 працэнта. Штогод «Ляхавіцкі» выдаткоўвае важкія сумы на пераабсталяванне, новае будаўніцтва, рэканструкцыю і мадэрнізацыю. У 2012-м, напрыклад, больш як 2 млрд. рублёў. Сур’ёзную дапамогу сельгасвытворцы, у тым ліку і мы, маюць ад дзяржавы: ільготныя крэдыты, лізінгавая тэхніка, падтрымка важнейшых сельскагаспадарчых кампаній.
Перакананы, што галоўным складальнікам любой справы, яе паспяховасці з’яўляецца так званы чалавечы фактар. За ўсімі паказчыкамі, рэкорднымі і наадварот, стаяць людзі. Аўтарства канкрэтнага чалавека маюць і стваральныя здабыткі, і ўсе неда… — недаборы, недаробкі, недаатрыманні. Спецыялісты гаспадаркі, працаўнікі палёў і фермаў, механізатары з’яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі сённяшняга дня «Ляхавіцкага».
З пашанай называю брыгадзіраў Івана Юніка, Леаніда Дубіну, загадчыкаў фермаў Ігара Бубенчыка і Эдуарда Шэпета, жывёлаводаў Івана Патаповіча, Людмілу Грыкель, Галіну Красоўскую, Генадзія Горбіка, механізатараў Сяргея Баўтрукевіча, Валерыя Ракашэвіча, Мікалая Цыкмана, Мікалая Ракашэвіча, паляводаў Ірыну Дунчык, Галіну Баўтрукевіч — выдатныя працаўнікі! І гэты спіс можна працягваць яшчэ і яшчэ.
У нас усё ідзе па звычайным раскладзе. Аграгарадок Русінавічы, вёскі Рачканы, Мыслабаж, Жарскія, Гаслаўшчына, Грушаўка, Паўлюкоўшчына — і ёсць наш СВК. А назва гаспадаркі — цёзкі раёна — гэта не так сабе — абавязвае.

Інжынер Анатолій Герасімовіч падчас жніва працуе на зернесушыльным комплексе

Звычайны калектыў. Асаблівы калектыў. Пачынаўся ён з першых калгасаў у асобных вёсках, якія аб’ядналіся ў дзве больш буйныя гаспадаркі, потым у адну, а ў 1965 годзе раздзяліліся на племсаўгас «Нача» і саўгас «Ляхавіцкі». Першым кіраўніком стаў Канстанцін Зялёнка, потым дырэктарстваваў Усевалад Скакун. Я прыйшоў у гаспадарку ў кастрычніку 1977 года. Пазней саўгас стаў калгасам, а ў ліпені 2003-га — сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам.
Жывём. Працуем. У цёзкі раёна спраў і планаў безліч. За іх у адказе — адданыя вёсцы людзі, якія любяць зямлю, шануюць памяць і думаюць пра заўтрашні дзень.
Запісала Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аграгарадскі пейзаж

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *