Зазірніце ў «Вытокі». На сайце цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы размясціласа база даных «Вытокі: гісторыя вёсак Ляхавіцкага раёна»

Што ні праект, ініцыяваны і рэалізаваны супрацоўнікамі Ляхавіцкай ЦБС, то маленькі шэдэўр, цікавае запамінальнае падарожжа па родным краі. Вось і нядаўна творчыя бібліятэкары парадавалі навінкай. На сайце цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы размясціласа база даных «Вытокі: гісторыя вёсак Ляхавіцкага раёна».
– Наша Ляхавіччына – прыгожы гасцінны край з багатай гісторыяй, нямала славутых землякоў славіць сваю маленькую радзіму далёка за межамі краіны. А якая ў нас багатая краязнаўчая скарбонка! Што ні населены пункт – свая гісторыя, у якой пераплятаюцца лёсы многіх пакаленняў тутэйшых жыхароў. І зразумела, усё гэта трэба занатаваць, каб захаваць для будучых пакаленняў. Вытокі не павінны забывацца. Так нарадзілася ідэя праекта «Вытокі». Вельмі ашчадна, крок за крокам збіралі звесткі пра населеныя пункты, пераглядзелі-перашукалі безліч інфармацыі, каб не ўпусціць самае важнае. Праведзеная работа хоць і складаная, але надзвычай цікавая. І хочацца, каб сабраныя даныя захапілі не толькі жыхароў раёна, – расказвае дырэктар ЦБС Вольга Пляшэвіч.
База даных змяшчае наступныя раздзелы: аграгарадкі,
вёскі, маланаселеныя, страчаныя вёскі, турыстычныя маршруты. Пачнём віртуальнае падарожжа па Ляхавіччыне. Заходзім на сайт ЦБС, далей – раздзел «Краязнаўства», знаходзім «Вытокі…». І, калі ласка, пачынайце падарожжа, самастойна пракладвайце маршрут па абраным напрамку. У кожным раздзеле пра той ці іншы населены пункт уключаны энцыклапедычная і тапанімічная даведкі, матэрыялы са сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку з «ЛВ», звесткі з бібліятэчных архіваў, біяграфічныя даныя пра знакамітых ураджэнцаў мясцовасці.
Дзякуючы «Вытокам», можна падарожнічаць па турыстыч-ных маршрутах, віртуальна паблукаўшы па сцяжынках Рэпіхаўскага парку, грушаўскіх мясцінах, дзе знаходзіцца былы маёнтак Рэйтанаў, захапіцца дзіўным гучаннем аргана ў касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах, зазірнуць у старадаўнюю царкву ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Крывошыне, даведацца пра патапавіцкія валуны, у сядзібе Бохвіцаў у Флер’янове акунуцца ў эпоху ХІХ–пачатку ХХ стагоддзя, пазнаёміцца з жыццём аднаго з 23 святых навамучанікаў зямлі беларускай – Серафіма Жыровіцкага, ураджэнца вёскі Падлессе. І гэта толькі частка маршрутаў.
Як паведаміла Вольга Пляшэвіч, база будзе папаўняцца. Зацікавіла? Тады не адкладвайце, зазірніце на сайт ЦБС і падарожнічайце анлайн. Тым больш, у пандэмію каранавіруса такія падарожжы асабліва актуальныя.
Галіна КАНЬКО.