Выбіраем студатрад! Ляхавіцкі раён займае на Брэстчыне другое месца па колькасці працаўладкаваных у складзе студатрадаў

Некаторыя з навучэнцаў аграрнага каледжа яшчэ ходзяць на заняткі, але ўжо маюць працоўную кніжку. Усё дзякуючы студатрадам. Вось і чарговы пачаў работу з 4 кастрычніка.
17 будучых аграномаў аб’яднаны ў сельскагаспадарчы атрад «Спадчына» і заняты ўборкай агародніны на тэрыторыі падсобнай гаспадаркі кансервавага завода.

Першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава падкрэслівае, што з кожным «байцом» прадпрыемства заключыла працоўны дагавор, прайшлі яны медыцынскі агляд і г. д. Асаблівая ўвага надаецца ахове працы.
У адказе за агульную каардынацыю работы студатрада галоўны аграном падсобнай гаспадаркі Аляксандр Мацкевіч, які таксама некалі закончыў каледж, пасля атрымаў вышэйшую адукацыю. Таму агульную мову з навучэнцамі спецыяліст знайшоў хутка.
– Галоўнае, каб мы разумелі адзін аднаго, і рабяты выконвалі даведзены аб’ём работы. А з гэтым праблем няма – працуюць старанна, не лянуюцца. Усё, што ні скажаш, выконваюць, – падкрэслівае Аляксандр Мацкевіч.
Графік работы студатрадаўцаў – з 8 да 17 гадзін з перапынкам на абед. У праграме на два тыдні запланавана ўборка бульбы, морквы, буракоў і капусты. Пачалі з другога хлеба. Камандзір атрада навучэнка чацвёртага курса Вераніка Троцкая дзеліцца, што першыя дні на полі былі цяжкаватыя. А зараз, адзначае дзяўчына, уцягнуліся.
– Канешне, стамляемся. Сельскагаспадарчая праца патрабуе сілы і энергіі. Гэтыя дні мы збіралі бульбу пасля бульбакапалкі. Пасля будзе морква і г. д. Для нас, будучых аграномаў, гэта ў нейкай ступені вытворчыя заняткі, на якіх можна ацаніць якасць ураджаю, пачуць карысныя парады і атрымаць важныя рэкамендацыі, што спатрэбяцца нам заўтра. Кожны ўдзел – вопыт і ўменні. Сёлета, напрыклад, у красавіку працавала ў студатрадзе ў якасці дарожнага рабочага, у ліпені – праполвала сад ад пустазелля, а зараз мы агароднікі, – адзначае Вераніка.
Дзякуючы студатрадам на Ляхавіччыне працаўладкавана больш за сотню членаў БРСМ. Геаграфія работы іх шырокая – педагагічны, сельскагаспадарчы і экалагічны профілі. Юнакі і дзяўчаты змаглі праявіць сябе не толькі ў прафесійнай дзейнасці, але і ў мерапрыемствах рознай накіраванасці. Для многіх такая занятасць стала не толькі магчымасцю праявіць сябе, замацаваць тэарэтычныя веды на практыцы, але і атрымаць уласныя грошы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.