Яе вялікасць – мама! У Ляхавічах ва ўрачыстай абстаноўцы адзначылі маміна свята

Традыцыйна 14 кастрычніка пад покрывам Прасвятой Багародзіцы мы адзначаем Дзень маці – свята самага галоўнага чалавека ў жыцці кожнага з нас. Яе вялікасць – мама!

Для кожнага яна самая лепшая і прыгожая, любячая і любімая, пяшчотная і добразычлівая, клапатлівая і шчырая, усмешлівая і задуменная. Толькі для яе дзеці заўжды будуць заставацца дзецьмі. Быць маці не толькі шчасце, радасць, гонар, але вялікая місія – даць жыццё новаму чалавеку, высокая адказнасць –  выхаваць дастойнага грамадзяніна. Цёплыя словы падзякі, кампліменты і віншаванні адрасаваліся мілым жанчынам. Дзеля самых-самых прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва пастараліся юныя зорачкі,
артысты мастацкай самадзейнасці Ляхавіччыны. У Ляхавічах ва ўрачыстай абстаноўцы ў гарадскім Доме культуры адзначылі маміна свята. На канцэрт «Любімым мамачкам прысвячаецца!» запрасілі жанчын-зямлячак, якія ўжо могуць сказаць «я мама» і тых, хто яшчэ збіраецца ёй стаць. Пранікнёна, з любоўю і пашанай шмат душэўных слоў зямлячкам адрасавала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.
Кожны жадаючы мог захаваць на памяць імгненні свята – зрабіць здымак на тэматычнай фотазоне. Увогуле мінулы чацвер стаў вельмі багатым на прыемныя сюрпрызы. Жанчын віншавалі ў калектывах, сацыяльных сетках.
Пастаянна творчы эксклюзіў праяўляюць і супрацоўнікі ляхавіцкага загса. Разам з райкамам БРСМ арганізавалі і правялі цікавую акцыю. Галоўны спецыяліст аддзела загса Святлана Сталярчук урачыста ўручыла пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці шчаслівым мамачкам: ляхавічанкам Кацярыне Давідоўскай і Анастасіі Пронька. Дарэчы, абедзьве зямлячкі ўжо двойчы мамы. У Кацярыны ў верасні нарадзілася дачушка Паліна, у Анастасіі – у кастрычніку сыночак
Арцём. А першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава падарыла гераіням свята сувеніры.
Эксклюзіўна павіншавалі прадстаўніц прыгожай паловы аддзела па адукацыі райвыканкама і не толькі навучэнцы СШ № 1. Рабяты падрыхтавалі пяшчотныя словы і падарылі жанчынам салодкія пачастункі з прадказаннямі. Адкрыем маленькі сакрэт: усе прадказанні вельмі пазітыўныя.
І, канешне ж, самую шыкоўную порцыю шчырых-шчырых віншавальных слоў, цёплых абдымкаў мілыя мамы атрымалі ад сваіх дзяцей.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.
Фота аўтара.