Ваенная віншавальная паштоўка. «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК віншавала з Днём маці жанчын-ваеннаслужачых

Народны клуб аматараў песні, гульні і гумару «Вечарніца»  Навасёлкаўскага СДК  13 кастрычніка віншаваў з Днём маці жанчын-ваеннаслужачых.

Гэта не было традыцыйнай сустрэчай. Прадстаўнікі воінскай часці завочна пазнаёміліся з творчым калектывам, калі пра яго з захапленнем расказвалі ваеннаслужачыя-землякі і іншыя прыхільнікі «Вечарніцы», паглядзелі фота ў сацсетках. І вось «Вечарніцу» горача вітаюць на сцэне 85-й брыгады сувязі (лінейнай), што дыслацыруецца ў Баранавічах. Сярод гледачоў – жанчыны ў пагонах, ваеннай амуніцыі і ў цывільным адзенні, салдаты і г. д.
«Вечарніца» ў той дзень гумарыла на розныя тэмы, у тым ліку і на армейскую, спявала песні пра любоў і Радзіму, пра патрыятызм і вернасць Айчыне. Дружныя апладысменты гучалі пасля выканання нумара «Мама мая», «А дзе нарадзіўся, там і згадзіўся», дуэту цымбалаў і баяна… Настрой стварылі па-сапраўднаму святочны, светлы і радасны.
– Заўсёды прыемна выступаць за межамі раёна. Цудоўна, што ў зале былі і ваеннаслужачыя родам з Навасёлак. Нізкі паклон усім жанчынам-маці, якія нясуць службу ва Узброеных Сілах і гадуюць дзяцей. Праца гэта нялёгкая, але яны вызначаюцца і адказным стаўленнем да справы, і дома выдатныя гаспадыні, – дзеліцца кіраўнік народнага клуба аматараў песні, гульні і гумару «Вечарніца» Таццяна Пішч.
Сваю порцыю яркіх уражанняў і ўдзячнасці атрымаў і самадзейны калектыў – камандзір 85-й брыгады сувязі Уладзімір Калягаеў уручыў «Вечарніцы» грамату за актыўны ўдзел у духоўна-маральным выхаванні ваеннаслужачых і правядзенне канцэрта.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.