Клёны, каштан, аксаміт. І гэта не поўны пералік найменняў дрэў, высаджаных на мінулым тыдні работнікамі Ляхавіцкай ПМК-13

На Ляхавіччыне з 11 кастрычніка па 12 лістапада праходзіць  месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі.

У адпаведнасці з будаўнічымі правіламі, нормамі, стандартамі ці, магчыма, традыцыямі такога кшталту пасадкі дрэў называюцца кампенсацыйнымі.

Сутнасць у тым, што колькасць зялёных насаджэнняў,
якія горад страціў у выніку новага будаўніцтва, павінны быць адноўлены. У абавязковым парадку і, як мінімум, у аналагічнай колькасці. А лепш – калі з запасам.


Месцы для кампенсацыйных пасадак вызначаюцца раённым выканаўчым камітэтам у адпаведнасці з планамі развіцця інфраструктуры, наяўнасці тэрыторый, «разумнасці» яе азелянення і з улікам іншых, але зусім не лішніх у такой справе фактараў.
Сваю і, дарэчы сказаць, чарговую алею будаўнікі ПМК-13 заклалі непадалёку ляхавіцкай царквы. Было высаджана каля чатырох дзясяткаў дрэў. Сярод пасаджаных  былі і цалкам унікальныя для горада. Клёнаў гінала, рабіны прамежкавай і аксаміта амурскага больш нідзе ў Ляхавічах вы не знойдзеце.
Непасрэднымі выканаўцамі аперацыі «азеляненне» высту-пілі 11 чалавек: работнікі планава-эканамічнага аддзела, цэха дрэваапрацоўкі, вадзіцелі калоны. Усё прайшло не толькі ў поўнай адпаведнасці з рэгламентам – пасадка, паліў, падвязка, але і з душой. У тым сэнсе, што ўзнікла такое ўражанне: людзі працавалі з настроем, выдатна разумеючы неабходнасць і важнасць справы.
З заклікам «далучайся і ты!» яшчэ раз нагадаем: месячнік добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі ў самым разгары, завершыцца 12 лістапада.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.