Па прыгожых адрасах. Сёлета Ляхавічы папоўніліся шматлікімі прывабнымі навінкамі

Любіць свой горад, клапаціцца пра чысціню і ўтульнасць двароў, вуліц, паркаў і сквераў, добраўпарадкаваць і беражліва захоўваць яго непаўторнасць – справа усіх жыхароў. З году ў год нашы землякі стараюцца зрабіць Ляхавічы яшчэ больш прыгожымі, стыльнымі, гасціннымі.

– Яшчэ напачатку года райвыканкам прапанаваў усім гарадскім прадпрыемствам і арганізацыям незалежна ад формы ўласнасці далучыцца да справы агульнай важнасці, што асабліва актуальна ў Год народнага адзінства. Прыдумаць што-небудзь арыгінальнае ў афармленні і аздабленні тэрыторыі, расквеціць рознакаляровымі фарбамі клумбы, размясціць малыя архітэктурныя формы. Вельмі прыемна, што многія ўстановы не проста адгукнуліся і прынялі такую прапанову, але актыўна пачалі ўвасабляць свае крэатыўныя задумкі ў рэчаіснасць. Вынік не прымусіў чакаць: у райцэнтры з’явілася нямала цікавых аб’ектаў і прыкметных мясцін, куды хочацца прыходзіць зноў і зноў, – адзначае загадчык сектара архітэктуры і будаўніцтва аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Алена Князева.
Спатрэбіцца не адзін дзень, каб абысці ўсе гарадскія навінкі добраўпарадкавання, не гаворачы пра тое, каб удосталь імі налюбавацца. Таму запрашаем на завочную экспрэс-экскурсію.


Пачнём падарожжа ў хуткім фармаце з уезду ў райцэнтр. Пакуль яны яшчэ зусім юныя, але скора пойдуць у рост, возьмуцца ў сілу і зашапацяць лісцем, вітаючы кожнага, хто будзе праязджаць ці праходзіць побач. Размова ідзе пра бярозава-ракітавыя алеі, што раскватараваліся па вуліцах Леніна, Інтэрнацыянальнай, Арлоўскага. А пасадзілі іх прадстаўнікі арганізацый і устаноў раёна, моладзь, школьнікі, прыходзілі на акцыі сем’ямі. Прадаўжаючы зялёную тэму, як не ўзгадаць міні-астравок з маладзенькіх насаджэнняў каля зоны адпачынку на беразе Ведзьмы, тут пастараліся работнікі ДРБУ-200.


А нядаўна свой уклад у азеляненне горада ўнеслі і работнікі ПМК-13, якія высадзілі дрэвы каля Святакрыжаўзвіжанскай царквы.
Парадавалі гараджан і супрацоўнікі аб’яднанага аўтавакзала «АВ Баранавічы, АС Ляхавічы» ААТ «Аўтобусны парк г. Баранавічы», якія ўпрыгожылі падпарадкаваную ім тэрыторыю кветкавымі кампазіцыямі. Рознакаляровы дыван з петуній, беражліва раза-
сланы ў імправізаваныя вазы, радуе гараджан і гасцей. Такой карцінай хочацца любавацца зноў і зноў, што робяць не толькі мясцовыя жыхары, але і пасажыры, якія прыбываюць на аўтастанцыю.


Не перастаюць здзіўляць новымі задумкамі і цікавымі экспазіцыямі работнікі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Толькі сёлета з’явілася нямала такіх аб’ектаў: глобус, карэта, лавачка на востраве закаханых, альтанка каля зоны адпачынку і іншае. Безліч станоўчых эмоцый выказвалі ўдзельнікі конкурсу бардаў абласнога песеннага форуму «З любоўю да песні», які праходзіў напачатку чэрвеня ў нашым раёне.
І сёлета чарговую порцыю захапляльных водгукаў можна пачуць у адрас музея пад адкрытым небам, дзе ў цёплую пару года размяшчаюцца міні-макеты гісторыка-культурных славутасцяў Ляхавіччыны.


Сярод мноства навінак ў добраўпарадкаванні райцэнтра цяжка вызначыць фаварыта. Але бясспрэчна тое, што адным з прэтэндэнтаў на такое званне можа стаць цэлая экспазіцыя эксклюзіўных лавачак, якая размясцілася ў скверы каля фантана. Гэта чарговы прыклад калектыўнай работы. Аўтары лавачак – калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, якія прынялі ўдзел у ініцыяваным райвыканкамам конкурсе «Крэатыўная лаўка». Дарэчы, пераможцы і лаўрэаты былі ўзнагароджаны падчас святкавання 529-га дня нараджэння Ляхавічаў.
І гараджане, і госці горада хутка аблюбавалі абноўкі. Пра што сведчаць шматлікія фотаздымкі і сэлфі ў сацыяльных сетках. Такія аб’екты ёсць і каля некаторых арганізацый, варта толькі пашукаць.
Каторы год запар фантануюць ідэямі, увасабляюць іх у адметныя архітэктурныя формы, дзівосныя клумбы, экстравагантныя альпійскія горкі ўстановы адукацыі раёна. Што ні школа, дзіцячы садок, то ўласны почырк, непаўторны штрых у добраўпарадкаванні. І сёлета фантазіі зашкальваюць. Адным словам, малайцы! Чым не прыклад эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення. Калі дзеці бачаць, як ствараецца прыгажосць, ды яшчэ і самі прымаюць у гэтым удзел, яны ніколі не будуць смеціць, ламаць, псаваць.
А яшчэ на тэрыторыі амаль кожнага прадпрыемства ці арганізацыі ёсць свая адметнасць, галоўнае, што яна радуе вока і спрыяе добраму настрою.
Зараз на Ляхавіччыне праходзіць традыцыйны восеньскі месячнік добраўпарадкавання. Самы час узяцца за гэту важную і патрэбную справу. Узяцца ўсім: спецыялізаваным службам, працоўным калектывам, гараджанам і вяскоўцам. Давайце ра-зам, як і належыць у Год народнага адзінства, талакой навядзём чысціню і парадак у нашым гасцінным ляхавіцкім краі. Далучайцеся, землякі, да добрых спраў з чыстымі памкненнямі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.