Ляхавіччына:на дарогах праводзіцца пастаянны маніторынг сітуацыі

За некалькі дзён нас літаральна замяло. У выхадныя многія назіралі за завірухай праз вокны. Каб пераседзець непагадзь дома, у цяпле, адмовіліся ад раней запланаваных выхадаў і выездаў (тым больш, да гэтага настойліва заклікалі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўтаінспекцыя). А вось у панядзелак, хочаш — не хочаш, давялося на ўласных нагах і колах адчуць усю шчодрасць снежня. І са словамі з любімага раманса пра тое, што «у природы нет плохой погоды, каждая погода благодать», былі згодны далёка не ўсе. Сярод асабліва нязгодных — аўтамабілісты, пешаходы, гаспадары засыпаных снегам падворкаў і веснічак, жыльцы нерасчышчаных завулкаў… Снежная тэма стала безумоўным лідарам у размовах і абмеркаваннях. Прычым, у іх «даставалася» не толькі зіме, але і тым, хто, па меркаванні абывацеляў, недастаткова актыўна змагаўся з яе свавольствам.
Што і казаць, умовы надвор’я стварылі аўральную сітуацыю для камунальнікаў і дарожнікаў. Снегаачышчальная тэхніка працавала кругласутачна, але і снег у нядзелю не спыняўся ні днём, ні ноччу.
На балансе ДРБУ-200 ні многа ні мала 600 кіламетраў дарог.
Да нядзелі спраўляліся самі — працавала 10 адзінак тэхнікі (а з панядзелка 11). У сувязі з тым, што надвор’е пагоршылася, падключылі дапамогу — на расчыстку вясковых вуліц і пад’ездаў да жывёлагадоўчых аб’ектаў выйшла 20 адзінак тэхнікі сельгаспрадпрыемстваў, — расказвае начальнік ДРБУ-200 Сяргей Лаптановіч. — На дарогах праводзіцца пастаянны маніторынг сітуацыі. Шчыльна ўзаемадзейнічаем з сельвыканкамамі, рэагуем на звароты грамадзян. Першачарговая наша задача — забяспечыць умовы для руху грамадскага транспарту, аўталавак, малакавозаў…Яшчэ на мінулым тыдні працоўны дзень у камунальнікаў пачынаўся з 3-4 гадзін раніцы. Снегапад графік работы падкарэкціраваў. І калі дворнікі па-ранейшаму выходзяць на службу прыкладна ў такі час, то 6 адзінак тэхнікі ўбіраюць снег без перапынкаў на адпачынак: работы больш чым хапае.
Некаторыя гараджане тэлефануюць у камунгас з прэтэнзіямі: маўляў, чаму тэхніка ў першую чаргу чысціць цэнтральныя вуліцы. Зразумела: кожнаму найбольш «баліць» сваё, хочацца, каб і да дома ў прыватным сектары на ўскрайку райцэнтра можна было і падысці, і пад’ехаць (ці наадварот — выйсці і выехаць). Але і камунальнікі маюць рацыю. Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандр Мядзвецкі тлумачыць:
Цэнтральныя вуліцы ў многім забяспечваюць жыццядзейнасць горада. Гэта і рух горадскога аўтатранспарту, і пад’езды да устаноў адукацыі, аховы здароўя. Але мы не здымаем з сябе адказнасці і за стан іншых вуліц і завулкаў. Робім усё ў планавым парадку. Ведаю, што сёння (па стане на панядзелак — заўвага рэд.) ёсць яшчэ рэальныя недапрацоўкі, іх ўхіленне — справа блізкага часу. Тым больш, на гарадскія вуліцы выйшлі яшчэ і 2 трактары ПМС.
— У цэлым, работа па расчыстцы ад снегу арганізавана ў нашым раёне нядрэнна. Сітуацыя пад кантролем, — запэўнівае начальнік РАНС Валерый Равінскі. — І вельмі прыемна, калі і людзі разумеюць, што нельга толькі чакаць і патрабаваць, не лічаць ганебным узяць у рукі лапату і адкінуць снег ад свайго пад’езда, расчысціць дарожку.
Раённае звяно дзяржаўнай сістэмы папярэджання надзвычайных сітуацый функцыянуе ў рэжыме павышанай гатоўнасці. Гатоўнасць №1 аб’яўлена не толькі для камунальнікаў, дарожнікаў, РАНС і ДАІ, але і сельгасарганізацый, устаноў аховы здароўя, адукацыі, культуры, сацыяльнай службы, прадпрыемстваў гандлю і г.д. У кожнай службы — свае задачы.
У падраздзяленняў РАНС, сярод іншага, утаймаванне агню. У нядзелю давялося тушыць пажар у гаражы ў вёсцы Дарава-Чыж. Гаспадар рамантаваў машыну, ацяпляючы памяшканне так званай «буржуйкай»… Па словах Валерыя Равінскага, сёлета ў раёне такая абыякавасць да пажарнай бяспекі ўжо тройчы прыводзіла да ўзгаранняў.
Дапамога выратавальнікаў спатрэбілася і машынам, якія трапілі ў снежную пастку: эвакуіравалі са снежных заносаў аўтамабілі ў Завінні і Смаленіках, карэту хуткай дапамогі ў Куршынавічах, 20-тонны МАЗ ДЭУ-24, што з’ехаў у кювет, расчышчаючы аўтадарогу Ляхавічы-Баранавічы. Вечарам у такую ж сітуацыю трапіў рэйсавы аўтобус з пасажырамі на маршруце Ляхавічы-Гарбачы-Баранавічы ў вёсцы Малое Падлессе. Са снегу выратавальнікам давялося выцягваць і яго, і аўтамабіль тэхнічнай службы аўтапарка, што так і не даехаў да гэтага аўтобуса. Пасажыры не пацярпелі.
А вось энергетыкі, па словах галоўнага інжынера РЭС Сяргея Фінюціна, працавалі ў мінулую нядзелю ў штатным рэжыме:
— За суткі паступіла каля 20 заяў ад спажыўцоў аб адсутнасці напружання ў электрасетцы. У сувязі з тым, што да месцаў выклікаў дабіраліся часцяком з цяжкасцямі, на дзяжурства былі прыцягнуты 2 дадатковыя брыгады. Так што ўсе пытанні здымаліся па максімуму хутка. Абышлося без сур’ёзных пашкоджанняў.
Дарэчы, як паведамілі ў прыёмным аддзяленні райбальніцы, сезон спецыфічных зімовых траўмаў — пераахаладжэнняў, абмаражэнняў, пераломаў — у мінулыя выхадныя не наступіў. Тым не менш, ужо арганізавана дзяжурства дадатковай брыгады хуткай дапамогі — на ўсякі выпадак.
Зіма толькі пачалася. Але паспела ўсім нам прадэманстраваць: у зімовых паводзінах галоўнае — асцярожнасць і ўважлівасць. Яны не пашкодзяць на дарозе і тратуары, не дазволяць выйсці на крохкі першы лёд, прымусяць пазбягаць маршрутаў пад дахамі з ледзяшамі і апранацца па надвор’і… Наша асабістая бяспека складаецца менавіта з гэтага. У любое надвор’е.
Тым больш, што ўжо раніцай у аўторак дарогі і тратуары сталі значна шырэйшымі.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *