Задание по обеспечению населения топливом за 11 месяцев райтопсбыт г.Ляховичи уже выполнил

Як добра, калі зімовым вечарам у печы патрэскваюць дровы, у доме цёпла і ўтульна. А ў дрывотніку запас паліва аж да вясны: не страшна, што за акном трывалы «мінус» і завывае мяцеліца… Цікава, а ці ёсць яшчэ жадаючыя ў гэтую пару назапасіць дроў ці торфу? Аказваецца — ёсць: па стане на 17 снежня ў райпалівазбыце чарга на дровы складае 27 чалавек, на торфабрыкет — 8.
— Па-ранейшаму, спачатку абслугоўваюцца льготныя катэгорыі насельніцтва, — расказвае дырэктар арганізацыі Уладзімір Секач. — Мы стараемся выканаць усе заяўкі да канца года, але надвор’е, як бачыце, уносіць свае карэктывы. Вось і сёння загружана машына з 6 тонамі брыкету, але ўсё замяло — не можам дабрацца да вёскі… — хвалюецца Уладзімір Леанідавіч.
Каб даставіць людзям брыкет з ТБЗ «Ляхавіцкі», многія гаспадаркі выпісваюць вяскоўцам транспарт. Гэта больш зручны варыянт: прыязджаеш на завод — разлік на месцы. Дарэчы, норма водпуску брыкету на адно домаўладанне складае 3 тоны (яго кошт за тону на сённяшні дзень — 180 тысяч рублёў), і два складаметры дроў. Калі чалавек аддае перавагу выключна апошняму віду паліва, яму належыць 7 нарматыўных складаметраў дроў.
Заданне па забеспячэнні насельніцтва палівам за 11 месяцаў райпалівазбыт ужо выканаў: спажыўцам дастаўлена торфабрыкету — як і планавалі, дроў — на 5 працэнтаў больш. Але на момант падрыхтоўкі матэрыялу заставаліся нявыбранымі яшчэ 450 тон брыкету. Хоць гэты від паліва і найбольш цеплаёмкі, яго спажыванне крыху зменшылася.
— Такая сітуацыя ўзнікае па некалькіх прычынах: сельсаветы падаюць недакладныя спісы людзей, якія маюць патрэбу ў паліве, а некаторыя гаспадары аддаюць перавагу выключна дровам. Вось і цяпер 2-3 машыны ў дзень, гружаныя пераважна колатымі дровамі, выязджаюць па вызначаных адрасах, — каменціруе сітуацыю Уладзімір Секач. А ёсць яшчэ і тэрміновыя заяўкі на прывоз паліва, калі ў хаце — ні аднаго палена дроў. За 15 дзён снежня такіх набралася 10 адрасоў. «Рыхтуй сані летам» — гэта не для іх.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *