Не смецце, а золата. Як на Ляхавіччыне нарыхтоўваюць другасную сыравіну

Выхаванцы дзіцячага сада № 3 г. Ляхавічы таксама ведаюць, што сабраная макулатура выратуе дрэва.

Збор другаснай сыравіны дазваляе не толькі захоўваць экалогію, але і дае плюс эканоміцы – гэтаму трэба вучыць з дзяцінства.

Бадай у кожным пакеце са смеццем, што мы выносім з дому, – не проста адходы, а патэнцыяльная сыравіна для новай прадукцыі. Сартуючы адходы – удзельнічаем у стварэнні не толькі экалагічнага заўтра, але і эканомікі.

Кіраўнік дзяржавы на майскай нарадзе па пытаннях абыходжання з адходамі і другаснай сыравінай заявіў, што краіна недаацэньвае патэнцыял аднаўляльных і другасных рэсурсаў: «А яны наша «золата» літаральна пад нагамі, якім мы вельмі слаба займаемся».

Дзяржаўны заказ на збор другасных матэрыялаў – гэта частка стратэгіі рэсурсазберажэння, якая дазваляе краіне эканоміць энергію, зніжаць залежнасць ад імпарту сыравіны і ствараць «зялёныя» вытворчасці.

На Ляхавіччыне нарыхтоўчая стратэгія па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў уключае сістэму прыёмных пунктаў, па-асобны збор адходаў ад насельніцтва праз кантэйнеры, выдадзеныя гаспадарам прыватнага сектара бясплатна. Карціну дапаўняюць месячнікі па зборы ДМР.

Аператарамі па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў у раёне вызначаны КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкае ЖКГ» і Ляхавіцкае райпо. Трэцім раённым тэрытарыяльным аператарам па зборы паперы і кардону назначана ТАА «Другсістэмтэхналогія». У студзені – верасні на Ляхавіччыне сабрана амаль тысяча тон другасных матэрыяльных рэсурсаў, і гэта палова гадавога плана. З шасці даведзеных паказчыкаў у належным аб’ёме выканана тры: па зборы адходаў паперы і кардону, зношаных шын і адпрацаванага масла. І каб па максімуму выканаць гэтыя і іншыя паказчыкі за год, аператарам трэба сур’ёзна папрацаваць, асабліва па зборы палімераў і шкла. За дзевяць месяцаў камунальнікі сабралі каля 46 працэнтаў гадавога задання, а райпо – усяго каля 21 працэнта.

– Большасць прадпрыемстваў і арганізацый раёна актыўна ўключылася ў збор другасных матэрыяльных рэсурсаў. Але ёсць і тыя, каму неабходна паскорыцца. За дзевяць месяцаў 2025 года ў раёне складваецца праблемная сітуацыя па выкананні паказчыка па зборы адходаў шкла – сабрана каля 25 працэнтаў ад запланаванага, поліэтылену – усяго 38 працэнтаў, бытавой тэхнікі – менш за 64 працэнты, – адзначае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская.

На дапамогу дарослым у пытаннях рэсурсазберажэння прыходзіць падрастаючае пакаленне. У сістэмы адукацыі назапашаны важкі вопыт у пытаннях збору другаснай сыравіны. Традыцыйны конкурс па зборы макулатуры «Захавай дрэва – здай макулатуру» штогод аб’ядноўвае ўстановы адукацыі ў карыснай справе. Сёлета, напрыклад, сабрана больш за 11 тон макулатуры. Лепшай установай дашкольнай адукацыі ў конкурсе прызнаны дзіцячы сад № 3, на рахунку якога пры плане 1 030 тон – 1 740 тон макулатуры. Сярод гарадскіх школ лідзіруе СШ № 2, а ў спісе сельскіх – Востраўская СШ, Ліпская СШ імя А. І. Малевіча, Тухавіцкая СШ. Больш за ўсіх здалі макулатуры навучэнка Востраўскай СШ Соф’я Канцылярчык (373 кілаграмы) і Цімафей Зайко з Тухавіцкай СШ (322 кілаграмы). СШ № 1 пры плане на год 4 400 тоны сабрала 4 710 тон паперы і кардону. Амаль удвая перавыканана заданне па нарыхтоўцы поліэтылену і ў паўтара раза па шкле. Такую актыўнасць у школе тлумачаць папулярнасцю акцый і конкурсаў па зборы другаснай сыравіны, якія ладзяцца ва ўстанове адукацыі, зацікаўленасцю навучэнцаў і дапамозе бацькоў, якія заўжды нераўнадушна ставяцца да школьных ініцыятыў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.


Соф’я Канцылярчык з Востраўскай СШ здала 373 кілаграмы макулатуры.