У Меляхах стане святлей. На гарачую лінію «ЛВ» з просьбай паспрыяць у вырашэнні «светлавой» тэмы ў рэдакцыю звярнуўся жыхар Меляхоў
Дзякуючы ланцужку сувязі «чытач – газета» знаходзяць вырашэнне самыя разнастайныя праблемныя сітуацыі. «Веснікаўцы» ўдзячны неабыякавым грамадзянам, якія ўздымаюць актуальныя тэмы, а таксама арганізацыям і прадпрыемствам, якія не застаюцца ўбаку ад вырашэння праблем землякоў.
На гарачую лінію «ЛВ» з просьбай паспрыяць у вырашэнні «светлавой» тэмы ў рэдакцыю звярнуўся жыхар Меляхоў. Па яго словах, у гэтым населеным пункце толькі тры ліхтары, якіх мясцовым жыхарам не хапае. Мужчына лічыць, што дадаткова можна было б павесіць ліхтар на адзін са слупоў, што ён паставіў за ўласны кошт, калі праводзіў электраацяпленне.
Пытанне ў тым, хто павінен займацца ўстаноўкай дадатковага ліхтара. Раёнка разбіралася ў сітуацыі сумесна з Ганчароўскім сельвыканкамам і раёнам электрасетак.
Згодна з артыкуламі 43–45 Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», арганізацыя асвятлення вуліц адносіцца да кампетэнцыі выканкамаў базавага ўзроўню, мясцовых адміністрацый. А згодна з распараджэннем Прэзідэнта Беларусі № 231 «Аб пытаннях энергазабеспячэння» вызначана, што дагаворы на міжрамонтнае абслугоўванне аб’ектаў вонкавага асвятлення вуліц населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў гаспадарчым распараджэнні энергазабеспячальных арганізацый, заключаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі (у нашым выпадку – сельвыканкамам) і энергазабеспячальнай арганізацыяй. Работы па ўстаноўцы дадатковых светлакропак пры неабходнасці выконваюцца па заяўках мясцовых выканкамаў на дагаворнай аснове.
Менавіта па такой схеме вырашаецца пытанне і з устаноўкай дадатковага ліхтара ў Меляхах. Ганчароўскі сельвыканкам заключае дагавор з Ляхавіцкім РЭС на азначаны від работ, а фінансуецца ўстаноўка новай светлавой кропкі з бюджэтных сродкаў.
Пра тое, што пытанне будзе вырашана станоўча, «ЛВ» паведаміў старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч.
Галіна КАНЬКО.


