Надзейнасць, бяспека, прафесіяналізм. Супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы 29 кастрычніка адзначылі прафесійнае свята

Іх не заўсёды заўважаюць у паўсядзённай мітусні, але менавіта яны ў любое надвор’е і час сутак забяспечваюць асабістую і маёмасную бяспеку грамадзян і юрыдычных асоб і штодзённа пацвярджаюць дэвіз службы – «Надзейнасць, бяспека, прафесіяналізм». Размова пра супрацоўнікаў аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы.

Калектыў аддзялення – гэта амаль паўсотні супрацоўнікаў, сярод якіх міліцыянеры-вадзіцелі, міліцыянеры групы затрымання, міліцыянеры групы міліцыі, вартаўнікі вартавой аховы, электра-
манцёры і іншыя. Тут кожны – на сваім месцы. У штаце і на-дзейныя памочнікі, якія дапамагаюць раскрываюць злачынствы і па гарачых слядах затрымліваць правапарушальнікаў – службовыя сабакі Дэйзі і Рокі, выхаванцы міліцыянераў-кінолагаў Івана Грыцкевіча і Паўла Ціхава.
Чвэрць стагоддзя ў права-ахоўных органах міліцыянер-вадзіцель Ігар Касаковіч, з якіх каля двух дзесяцігоддзяў – у аддзяленні па ахове аб’ектаў г. Ляхавічы. Сярод яго прафесійных якасцяў –
адказнасць, уменне дзейнічаць правільна і хутка. Гэта дзякуючы яму і яго калегам супрацоўнікі аддзялення ў лічаныя хвіліны прыбываюць на месца выкліку, які паступае з аб’екта, што ахоўваецца. 29 кастрычніка ва ўрачыстай абстаноўцы Ігару Касаковічу ўручана Падзяка начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення як прызнанне шматгадовай добрасумленнай службы. Падзякі начальніка Баранавіцкага аддзела ўдастоены вартаўнікі вартавой аховы Юрый Юрлевіч і Жанна Плескацэвіч. У Дзень утварэння падраздзяленняў аховы заслужаную ўзнагароду атрымаў старшы інспектар групы міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы аддзялення па ахове аб’ектаў у г. Ляхавічы Андрэй Андрэеў – Грамату Дэпартамента аховы, падпісаную асабіста кіраўніком рэспубліканскага ахоўнага ведамства генерал-маёрам міліцыі Аляксандрам Шэпелевым. У жніўні старшы лейтэнант Андрэй Андрэеў стаў пераможцам абласнога конкурсу прафмайстэрства, а з рэспубліканскага спаборніцтва прывёз узнагароду за трэцяе месца па выніках удзелу ў міліцэйскай эстафеце.
13 гадоў на чале Ляхавіцкага аддзялення Аляксандр Хітрык, які з дыпломам юрыста ў 2008 годзе прыйшоў сюды інспектарам. А сёння кампетэнтны кіраўнік шчыра віншуе калектыў з прафесійным святам і жадае калегам і ветэранам службы шчасця і міру, поспехаў у прафесійнай службе на карысць народа і Айчыны.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.