Безліміт добрых спраў. «Рэпіхава» наведаў намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Міхаіл Бацэнка
Павышаную дзяржаўную ўвагу да сацыяльных устаноў падтрымліваюць дабрачыннасцю прадпрыемствы, арганізацыі і проста нераўнадушныя людзі.

Клопат, увага, дапамога ніколі не бываюць лішнімі, празмернымі. Такі падыход падтрымліваецца ў нашай сацыяльна арыентаванай дзяржаве. У першую чаргу сацыяльнай падтрымкай і дабрачыннасцю ахоплены дзеці і пажылыя грамадзяне, а таксама падапечныя разнастайных спецыялізаваных сацыяльных устаноў. Адна з такіх – Крывошынскі сацыяльны пансіянат «Рэпіхава», што знаходзіцца ў Ляхавіцкім раёне. Гэта сацыяльная ўстанова пачала сваю дзейнасць пяць гадоў назад, і зараз тут пастаянна знаходзіцца 110 чалавек розных узростаў – інваліды І і ІІ групы, а таксама пенсіянеры, прызнаныя недзеяздольнымі. Пра іх дабрабыт, камфорт, здароўе клапоцяцца больш за 70 работнікаў.

Пра запатрабаванасць і неабходнасць такіх устаноў гавораць лічбы: зараз на чарзе трапіць у пансіянаты на Брэстчыне знаходзіцца каля 300 чалавек.
– Галоўная задача нашага калектыву – падтрымліваць створаныя камфортныя ўмовы для нашых падапечных, для якіх пансіянат па розных жыццёвых абставінах стаў другім домам. Канешне, важна, каб нашы пастаяльцы атрымлівалі неабходны догляд, у тым ліку медыцынскі, добра харчаваліся. Але разам з тым імкнёмся разнастаіць іх паўсядзённы быт. Гэта і заняткі па інтарэсах, спартыўныя пляцоўкі, стварылі пры ўстанове кантактны заапарк. У выпадках, калі гэта магчыма, выкарыстоўваецца працатэрапія, – расказвае дырэктар «Рэпіхава» Яўгеній Сініла.
У сацыяльным пансіянаце бывае нямала гасцей, якія прыязджаюць сюды з дабрачыннай місіяй.
Вось і ў мінулы аўторак «Рэпіхава» наведалі намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Міхаіл Бацэнка і намеснік старшыні райвыканкама Людміла Матчэня. Віцэ-губернатар пазнаёміўся з дзейнасцю пансіяната, пацікавіўся бытам тутэйшых пастаяльцаў, умовамі, створанымі для іх. Сярод абмяркоўваемых тэм – медыцынскае абслугоўванне і спонсарская дапамога.
Яўгеній Сініла расказаў, што пастаянна ідзе абнаўленне медабсталявання. А апошняя медабноўка і ўвогуле доўгачаканая – апарат «Біяптрон» незаменны пры лячэнні многіх хвароб. Дзякуючы дабрачыннай дапамозе адчувальнае папаўненне і ў мэблевым спісе.
На сустрэчы з працоўным калектывам «Рэпіхава» Міхаіл Бацэнка падзякаваў тутэйшым работнікам за іх гуманную працу, адказнасць і ўважлівасць да падапечных. І падкрэсліў, што толькі людзі з добрым сэрцам і шчырай душой могуць так адказна клапаціцца пра чужых людзей. Для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сацыяльнага пансіяната «Рэпіхава» віцэ-губернатар уручыў сертыфікат на 59 тысяч рублёў – спонсарскія сродкі ад прадпрыемстваў Брэстчыны – і пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей.
– Дзяржава клапоціцца і будзе далей клапаціцца пра найбольш уразлівыя катэгорыі грамадзян. Такія клопат і дапамога – у прыярытэце дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Але для любога чалавека важна, каб і ў радасці, і калі складваюцца цяжкія жыццёвыя сітуацыі, побач былі родныя і блізкія, сям’я. Вось чаму трэба звярнуць увагу дарослых дзяцей на неабходнасць клопату пра сваіх пажылых
і хворых сваякоў, якім неабходна асаблівая ўвага.
А што тычыцца дзяржаўнай падтрымкі, спонсарскай дапамогі такім сацыяльным установам, як пансіянат «Рэпіхава», то яна аказ-
ваецца на пастаяннай аснове.
І вельмі важна, што ўсё больш неабыякавых калектываў, грамадзян, якія займаюцца дабрачыннасцю, – сказаў Міхаіл Бацэнка.
Дырэктар сацыяльнага пансіяната Яўгеній Сініла падзякаваў за такую важкую падтрымку і запэўніў, што работа па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнага стану,
аснашчэнні пансіяната будзе прадаўжацца, а калектыў будзе і далей з дня ў дзень прыкладаць усе намаганні, каб падапечныя былі ахоплены ўвагай і не адчувалі сябе пакінутымі і адзінокімі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

