Ляхавіччына – спартыўная!

Таццяна ШЧУКА, галоўны спецыяліст райвыканкама:
– На Ляхавіччыне створаны спрыяльныя ўмовы для ўмацавання здароўя падрастаючага пакалення, павялічваюцца даступныя магчымасці для заняткаў гульнявымі відамі спорту, здаровага ладу жыцця для розных катэгорый насельніцтва.

Наша Ляхавіччына па праве можа ганарыцца і спартыўнымі дасягненнямі, і таленавітымі землякамі, якія сказалі сваё важкае слова ў спорце.

Прадстаўнікі розных пакаленняў – землякі паспяхова выступалі ў гандболе, лёгкай атлетыцы, дзюдо… І сёння эстафету старэйшых пакаленняў падхапілі і ўмацоўваюць традыцыі новымі перамогамі і рэкордамі юныя спартсмены, якія займаюцца ў ДЮСШ.
– Вучэбна-трэніровачны працэс для 257 спартсменаў-навучэнцаў ажыццяўляецца ў 24 вучэбных групах. З рабятамі працуюць
9 трэнераў-выкладчыкаў. У нас адчувальная пераемнасць пакаленняў у кадрах. Сёння ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры навучаюцца па мэтавым накіраванні шэсць выхаванцаў ДЮСШ, якіх у бліжэйшай будучыні чакаем у якасці нашых калег. Сёлета ў ДЮСШ прыйшлі працаваць два маладыя спецыялісты, – гаворыць дырэктар ДЮСШ Валянціна Русакевіч.
З кожным годам павялічваецца колькасць навучэнцаў, якія павышаюць спартыўнае майстэрства да ўзроўню І разраду, кандыдатаў у майстры спорту. Усё больш важкай становіцца і скарбонка ўзнагарод ляхавіцкіх спартсменаў.
У 2021 годзе на абласных і рэспубліканскіх афіцыйных спаборніцтвах юныя спартсмены-ляхавічане заваявалі 82 медалі, у 2022 годзе – 90, у 2023 годзе – 89, 2024 годзе – 76.
Дарэчы, у сярэднім штогод каля 135 выхаванцаў ДЮСШ удзельнічаюць у разнастайных спартыўных стартах на ўзроўні вобласці і краіны.
Ляхавіцкая ДЮСШ – кузня спартсменаў у нацыянальную і зборную каманды Беларусі па гандболе, футболе, дзюдо, лёгкай атлетыцы. Пачынаючы з 2021 года ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі перададзена 15 спартсменаў – выхаванцаў Ляхавіцкай ДЮСШ. За высокія спартыўныя дасягненні найбольш таленавітым рабятам рашэннем райсавета дэпутатаў прызначаецца стыпендыя за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Сёлета такую стыпендыю атрымліваюць пяць выхаванцаў: Эмілія Ксёнжык, Цімур Плеўскі, Мацвей Анікей, Аляксандра і Аліна Байрашэўскія. Усяго за 2021–2025 гады ў нашым раёне такая стыпендыя прызначана 26 юным спартсменам.
Але не толькі спартыўныя поспехі – падстава для гонару. Створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база для аматараў спорту і здаровага ладу жыцця.
Ляхавіччына фізкультурна-спартыўная сёння – гэта 83 аб’екты, з якіх 56 знаходзяцца ў сельскай мясцовасці.
– У нашай краіне значная ўвага надаецца развіццю фізічнай культуры і спорту. Для стварэння ўмоў для ўмацавання здароўя падрастаючага пакалення, прапаганды здаровага ладу жыцця выдаткоўваюцца сродкі на будаўнічыя, аднаўленчыя работы на фізкультурна-спартыўных аб’ектах. Сёлета абноўлены Русінавіцкі фізкультурна-аздараўленчы комплекс. У мінулым годзе зроблены бягучы рамонт трыбун і лавачак на стадыёне «Колас», адрамантаваны дах лёгкаатлетычнага манежа ДЮСШ, міні-футбольная пляцоўка на гарадской вуліцы Інтэрнацыянальнай абсталявана стацыянарнымі баскетбольнымі стойкамі. Дарэчы, сама пляцоўка з’явілася ў 2021 годзе ў межах рэалізацыі праекта «Банфеста – дзецям». У 2023 годзе абноўлена мужчынская трэнажорная зала ДЮСШ, устаноўлены два спарткомплексы на дваровых тэрыторыях шматкватэрнай жылой забудовы ў райцэнтры. У 2022 годзе капітальна адрамантаваны бегавыя дарожкі на стадыёне «Колас» і праведзены бягучы рамонт сектара для скачкоў у даўжыню і трайнога скачка. Канешне ж, з нецярпеннем чакаем пачатку будаўніцтва басейна ў Ляхавічах, ужо зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, – расказвае галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука.
Ляхавіцкі раён заўсёды гасцінна сустракае ўдзельнікаў брэндавых турніраў. Адкрыты турнір па дзюдо «Ляхавіцкі волат» – адзін з такіх, праходзіць штогадова і традыцыйна збірае больш за 250 удзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы памяці майстра спорту міжнароднага класа, чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча ўключаны ў каляндарны план спартыўна-масавых мерапрыемстваў Брэстчыны. Дарэчы сёлета стадыён «Колас» па рашэнні райвыканкама перайменаваны ў гонар знакамітага земляка і цяпер называецца гарадскі стадыён імя Генадзія Валюкевіча. Не менш запатрабаваныя турніры па дзюдо памяці Сяргея Свянтэцкага, па гандболе – памяці першага дырэктара ДЮСШ Анатолія Санько. Адзін з самых маладых спартыўных праектаў (стартаваў у нашым райцэнтры ў 2023 годзе) – «Ляхавіцкія мілі дабра».
Ляхавіцкая ДЮСШ не толькі займаецца з юнымі спартсменамі, але і прапануе разнастайныя паслугі дарослым і дзецям у галіне фізкультуры, спорту, здаровага ладу жыцця, турызму. Заняткі па гандболе і футболе ў гульнявой зале, а таксама ў трэнажорнай зале, аднаўленчы цэнтр, настольны тэніс, пракат сезоннага інвентару ў зімовы перыяд, падрыхтоўка, арганізацыя і суправаджэнне экскурсій – найбольш папулярныя сярод паслуг.
Спартыўныя аб’екты запатрабаваны і сярод жыхароў аграгарадкоў і вёсак, дзе таксама сябруюць са спортам. Паспяхова дзейнічаюць Русінавіцкі, Свяціцкі, Навасёлкаўскі, Тухавіцкі фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, дзе сумарна ў групах па інтарэсах (валейбол, настольны тэніс, футбол, атлетычная гімнастыка, міні-
футбол, шашкі) займаюцца больш за 135 чалавек.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.













