Каб верыць цвёрда ў бяспеку спорту. Ляхавічы сталі адной з кропак абласнога семінара-нарады

Адной з кропак абласнога семінара-нарады па пытаннях рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 года № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» ў сферы фізічнай культуры і спорту сталі Ляхавічы.

БОЛЬШ ФОТА  ТУТ

У туры бяспекі, які прайшоў у тым ліку і ў нашым горадзе 28 кастрычніка, бачыцца адразу некалькі адметнасцяў: абласны маштаб, практычная арыентаванасць, выязны характар і, калі прытрымлівацца спартыўнай тэрміналогіі, двухэтапны фармат правядзення. Першы з этапаў і адбыўся на «полі» ДЮСШ Ляхавіцкага раёна, куды з раніцы «падцягнулася» фактычна ўсё арганізацыйна-кіруючае ядро берасцейскага спорту, фізічнай культуры, турызму на чале з начальнікам упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Юрыем Хомічам.

Удзельнічалі спецыялісты апарата ўпраўлення, кіраўнікі падначаленых арганізацый, адказныя за спорт у сваіх рэгіёнах прадстаўнікі мясцовай вертыкалі, дырэктары спецыялізаваных навучальных устаноў і іншыя.
Здаецца, ДЮСШ раёна жыла па «сярэднім» раскладзе: у лёгкаатлетаў свая праграма павышэння спартыўнага майстэрства, у адной з гульнявых залаў гандбалісткі праводзілі трэніроўку ў форме двухбаковай гульні, дзюдаісты спарынгавалі на сваёй тэрыторыі, юныя футбалісты пад камандай трэнера-выкладчыка Васілія Бут-Гусаіма разыгрывалі «квадраты», адпрацоўвалі майстэрства кароткага паса, утрымання мяча на траве адкрытага стадыёна.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Алег Траццяк.
І пачалася справа, адпрацоўка дзеянняў персаналу, выхаванцаў, наведвальнікаў спартыўнай установы, супрацоўнікаў экстранных службаў раёна пры паступленні ўводных сігналаў надзвычайнага характару. Былі зымітаваны і падрабязна, пакрокава, блізка да рэальнасці разыграны сітуацыі па нейтралізацыі задымлення ў адным з памяшканняў ДЮСШ, пры знаходжанні на трыбуне стадыёна безгаспадарнай сумкі з невядомым напаўненнем і пры атрыманні спартсменам-выхаванцам траўмы падчас заняткаў дзюдо.
Калі ж абагульніць усё ўбачанае і пачутае ў ходзе гэтых «вучэнняў», то неабходна адзначыць высокую арганізацыю і дакладнасць дзеянняў на кожным кроку ўсіх трох легенд-сітуацый. Задзейнічаныя на адпрацоўцы аператыўныя службы – РАНС, пазаведамасная ахова, хуткая дапамога і асобныя іншыя – адрозніваліся ў сваёй справе ўмелымі падыходамі і сапраўднай аператыўнасцю.
Працягам ляхавіцкай часткі семінара-нарады па пытаннях рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы № 1 стала экскурсійнае знаёмства з ДЮСШ Ляхавіцкага раёна. У суправаджэнні і пад расказ дырэктара школы Валянціны Русакевіч удзельнікі семінара прайшліся па залах установы, паглядзелі на іх функцыянальную абсталяванасць.
Працяглы тайм-аўт госці зрабілі каля размешчанага ў памяшканні ДЮСШ стэнда «Спартыўны гонар Ляхавіцкага раёна». Восем партрэтных здымкаў спартсменаў-чэмпіёнаў. Заслужаныя майстры спорту, міжнародны грасмайстар, майстры спорту міжнароднага класа. Што асабліва адметна, трое з прадстаўленых на здымках атлетаў з’яўляюцца ўраджэнцамі вёскі Ліпск. У тым ліку былы рэкардсмен свету па трайным скачку ў залах Генадзій Валюкевіч, чыё імя зараз носіць наш гарадскі стадыён, а ў ДЮСШ арганізаваны музейны куток яго памяці.
Кропкай прыпынку, цікавасці і ўвагі ўдзельнікаў семінара-нарады таксама стаў музей «Баявой і працоўнай славы» на базе СШ № 2.
Фінішны этап мерапрыемства адбыўся ў горадзе Ганцавічы. Там прайшло і пленарнае пасяджэнне, у ходзе якога справаздачу аб выкананні патрабаванняў Дырэктывы № 1 у спартыўных установах нашага раёна трымала галоўны спецыяліст Ляхавіцкага райвыканкама Таццяна Шчука.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.