Замалёўкі ў вясковых тонах. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: УЛАЗАВІЧЫ

Паміж Каранеўшчынай і Падлессем размясцілася маленькая вёсачка – Улазавічы. Яна ніколі не была буйной, і зараз тут стаіць 16 дамоў, а жывуць  33 чалавекі. Мясцовыя лічаць свой населены пункт працягам Падлесся: вёскі вельмі плаўна «перацякаюць» адна ў другую. Пра тое, што апынуўся ў іншым пасяленні, нагадваюць толькі знакі, размешчаныя ў некалькіх метрах адзін ад аднаго.

Хата з краю – першая  гасцей сустракаю

Усіх, хто заязджае ў вёску з боку Падлесся, сустракае дом Галіны Драчан. Яна тутэйшая карэнная жыхарка: з бацькамі жыла спачатку на хутары, а 43 гады назад пайшла замуж, з мужам паставілі сваю хату на самым ускрайку вёскі.
– Хата з краю – першая гасцей сустракаю, – смяецца Галіна Юльянаўна.
Як і аднавяскоўцы, зараз пенсіянерка заклапочана зборам ураджаю. Памочнікаў хапае: сям’я дружная, капаць бульбу з’язджаюцца дзеці і ўнукі.
– Раней жыхароў у вёсцы больш было, моладзь дружна хадзіла ў цэнтр, у Падлессе. Паўсюль спевы, смех. А зараз нас мала. Нават краму зачынілі, прыязджае аўталаўка, – гаворыць жанчына.
І праўда, у вёсцы цішыня. Рэдкі Бобік гаўкне каля брамкі, папярэджваючы пра няпрошанага госця.

Лідзія Усакоўская.

Аляксееўна

Праз некалькі хат у двары куча паленаў – значыць, дом жылы. На лаўцы гасцей сустракае старажыл вёскі – 85-гадовая Лідзія Усакоўская. Нарадзілася ў Падлессі, а сюды пераехала ці, калі быць дакладным, перайшла за мужам.
– Пабудавалі хату, нарадзілі чацвярых сыноў. І ў маіх бацькоў была сям’я вялікая – пяцёра дзяцей. Жылі, можа, і не багата, але ўсяго хапала. Калі дзеткі малымі былі, даводзілася цяжкавата, а калі падраслі – поўная хата памочнікаў, – расказвае пенсіянерка.
Пасля школы сыны раз’ехаліся хто куды, толькі адзін застаўся жыць з Лідзіяй Аляксееўнай.
Усё жыццё жанчына працавала на мясцовай ферме, муж там жа, трактарыстам. Сіл і энергіі ў жанчыны хапала і на дом, і на ўласную гаспадарку. Як жа ў вёсцы без курэй, гусей, кароў? Сярод працоўных будняў быў час у мясцовых і на святы.
– Выйдзеш, бывала, на Купалле ў канец вёскі, а там танцы, песні, вогнішча паляць. І так добра, так весела, – успамі-нае вяскоўка.
А яшчэ Лідзія Аляксееўна лічыць, што ў жыцці заўсёды ёсць месца прыгожаму і, нягледзячы на ​​ шаноўны ўзрост, штогод высаджвае каля дома аксаміткі – сонечныя праменьчыкі восені.

Алена Глобуз.

Пад дахам бацькоўскага дома

Рухаемся далей – на гук касілкі. Лужок бацькоўскага дома прыводзіць у парадак Алена Глобуз. Дзяцінства і юнацтва яна правяла тут, ва Улазавічах.
– Нас, дзятвы, шмат было, мы і ў «вайнушку», і ў даганялкі гулялі, а зімой на каньках і санках каталіся. Дружна ў школу хадзілі ў суседнюю вёску, а калі дарогі моцна замятала, дарослыя запрагалі каня і везлі нас у школу на санях. Калі падраслі, на дыскатэку хадзілі то ў Каранеўшчыну, то ў Пранчакі. Бывала, бралі з бацькоўскага гаража матацыкл цішком і каталіся, – хітра усміхаецца Алена Канстанцінаўна.
Як гаворыць жанчына, са сваімі колішні-
мі сябрамі сустракацца атрымліваецца нячаста: у кожнага сям’я, дзеці, унукі, праца. Але нават у рэдкія сустрэчы размоў і ўспамінаў хапае да самай раніцы.

Алена і Раман Касаваны.

Сельская ідылія  сям’і Касаван

Паміж дамамі, што прыезджыя выкарыстоўваюць пад дачы, стаіць сядзіба сям’і Касаван. На падворку важна разгульваюць пеўні і куры, на сонейку ляніва грэюцца каты.
Гаспадыня дома Алена Касаван мясцовая. Тут вырасла, хадзіла ў школу. У дзяцінстве давялося няпроста: чацвёра дзяцей раслі без бацькі, які рана пайшоў з жыцця. Успамінае:
– Мы заўсёды маме дапамагалі, забягалі на ферму да школы, пасля, да работы прывыклі.
Доўгі час яна працавала ў мясцовай краме прадаўцом, там жа сустрэла свайго будучага мужа Рамана Іванавіча. Ён працаваў у райпо вадзіцелем. Яркая, прыемная рагатушка Алена Мацвееўна з улазавіцкай крамы адразу запала яму ў душу. Пара разам ужо 35 гадоў.
Калі магазін закрыўся, жанчына пайшла працаваць на ферму. І Раман Іванавіч туды перабраўся пасля 19 гадоў за абаранкам.
Усё, як у вясковых людзей: агарод, свінні, каровы. Апошнія, дарэчы, засталіся толькі ў гаспадарцы сям’і Касаван. Чатыры рагулі мірна пасуцца недалёка ад дома.
Гаспадарскія клопаты не перашкаджаюць наводзіць прыгажосць каля дома: драўляныя фігуркі, яркія астры і гладыёлусы… Такое простае сямейнае шчасце.

Аляксандр Кірко.

Петразаводск – Мурманск – Улазавічы

Назваць пенсіянерам Аляксандра Кірко не паварочваецца язык – падцягнуты мужчына ў самым росквіце сіл.
Нарадзіўся ён таксама тут. Адзін з самых яскравых успамінаў, як хлапчуком зрабіў футбольныя вароты на ўскрайку вёскі і цэлымі днямі ганяў з хлопцамі мяч.
Скончыўшы сем класаў, паехаў вучыцца ў Петразаводск, а адтуль – у Мурманск. Жыццё занесла яго ў Караганду, дзе ажаніўся. Але прыжыцца там не змог, цягнула дадому, з сям’ёй вярнуўся ва Улазавічы. Пабудаваў побач з бацькоўскай хатай сваю, цагляную, уладкаваўся працаваць у калгас. Выгадавалі з жонкай дваіх дзяцей: сын зараз працуе ўрачом, дачка – настаўніца. На канікулы прыязджаюць дзеці і ўнукі, якіх, дарэчы, у яго сямёра. За домам невялікі маліннік – у гэтым годзе ягады як ніколі буйныя, салодкія…

PS.… Пакідалі Улазавічы з цёплым пачуццём. Усё ж такі ў нашых вёсках жывуць душэўныя людзі, якія ствараюць прыгожае вакол сябе, шчыра працуюць, усёй сям’ёй адпачываюць за вялікім хлебасольным сталом. І вельмі хочацца, каб ніколі не згасалі агні ў вокнах вясковых дамоў.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧ
А.