Экатурнэ ў новае жыццё. Ляхавічанка прадстаўляе сацыяльна-экалагічны праект «Новае жыццё ў абмен на крышачкі»

Крышачка ад пластыкавай бутэлькі – рэч універсальная.
З яе робяць дзіцячыя цацкі, магніцікі, падстаўкі пад гарачае, масажны дыванок і шмат яшчэ якіх карысных вырабаў. Дык чаму б не стаць удзельнікам сацыяльна-экалагічнага праекта «Новае жыццё ў абмен на крышачкі» і тым самым дапамагчы сотням беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць захворванні цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэнні апорна-рухальнага апарата.

Без пэўных лякарстваў і спецыяльнага абсталявання ў іх няма заўтрашняга дня. Многім, каб адчуваць сябе паўнавартасным удзельнікам грамадства, патрабуюцца інвалідныя каляскі, апарат па штучнай вентыляцыі лёгкіх, спецыяльныя стульчыкі і іншае. Не заўсёды абсталяванне можна атрымаць бясплатна, а каштуе яно вялікіх грошай.
Надзею рабятам дорыць праект «Новае жыццё ў абмен на крышачкі», стартам рэалізацыі якога ў нашай краіне стаў 2019 год. Генеральным фінансавым партнёрам выступае Coca-Cola. Рознакаляровыя крышачкі збіраюць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, перапрацоўваюць на платнай аснове, а выручаныя грошы накіроўваюць у якасці фінансавай падтрымкі дзецям з захворваннямі на эпілепсію, ДЦП, пухлінамі і траўмамі галаўнога і спіннога мозга і г. д.
Праект падтрымліваюць дзяржаўныя і прыватныя ўстановы адукацыі, гандлю, банкаўскія ўстановы – усіх больш за пяць дзясяткаў.


Наш райцэнтр таксама ў сацыяльна-экалагічным праекце. Тут яго прадстаўляе ляхавічанка Таццяна Касянкова. Зацікавілася яна дабрачыннай справай гады тры назад, калі праходзіла лячэнне ў Брэсце – крышачкі збірала суседка па палаце. Інтарэс не застаўся на ўзроўні гутаркі. Нераўнадушная зямлячка вырашыла, што таксама будзе дапамагаць дзеткам.
Пакуль не прайшла афіцыйную рэгістрацыю ў Мінску, збірала крышачкі самастойна і расказвала пра такую неабходную справу знаёмым і сябрам. Пасля заказала адметную інсталяцыю ў выглядзе сэрца і размясціла яе на тэрыторыі свайго магазіна, каб як мага больш людзей пранікліся важнай ідэяй.


Таццяне Васільеўне ў дабрачынным намаганні вельмі дапамагае муж і добрыя людзі. Сярод такіх і ляхавічанка Леакадзія Мазоль, Галіна Сердзюкова, наведвальнікі адзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН, дзе актыўнічаюць Іван Рашанаў, Ганна Лук’янава і Галіна Малевіч. Усім нераўнадушным Таццяна Касянкова вельмі ўдзячна і разлічвае, што кола аднадумцаў будзе пашырацца.
Нядаўна Таццяна адвезла ў сталіцу чатыры мяхі крышачак – гэта «ўраджай» з пачатку года.
– Было б цудоўна, каб у сацыяльна значным праекце прынялі ўдзел як мага больш нашых землякоў – ад гэтага залежыць і велічыня дапамогі хворым дзеткам. У планах – набыць невялікія кантэйнерчыкі і размясціць іх для збору крышачак ва ўстановах адукацыі, – дзеліцца Таццяна Касянкова.
Таццяна – інвалід III групы і добра разумее людзей з разнастайнымі захворваннямі. Удзел у праекце ёй не прыносіць ніякага даходу. Гэта дабрачынная ініцыятыва, накіраваная на рэабілітацыю дзяцей з захворваннямі цэнтральнай нервовай сістэмы, а таксама вырашэнне экалагічных праблем.

З кастрычніка стартавала экатурнэ праекта «Новае жыццё ў абмен на крышачкі». Сярод 50 населеных пунктаў, у якія прыедзе спецыяльны грузавік, пазначаны і Ляхавічы. Сюды ён завітае 3 лістапада па адрасе вуліца Камсамольская, 32 і забярэ крышачкі ад ПЭТ-бутэлек з-пад напіткаў, сродкаў бытавой хіміі і парфумерыі. Экатурнэ рэалізуе ўстанова «СацыяЭкаЦэнтр» пры фінансавай падтрымцы Coca-Cola ў Беларусі.


Вы яшчэ не ў дабрачынным праекце? Чакаем менавіта вас!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.