Салдатамі становяцца. Першая ў рамках прызыўной кампаніі «восень-2021» адпраўка юнакоў у войскі адбудзецца 25 кастрычніка

Першая ў рамках прызыўной кампаніі «восень-2021» адпраўка юнакоў у войскі адбудзецца 25 кастрычніка

Адбываецца такое двойчы на працягу каляндарнага года – вясною і восенню. Напярэдадні фінальнага этапу асенняй прызыўной кампаніі мы сустрэліся з начальнікам адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцёмам Кірутам.

– Адметнасць асенняй прызыўной кампаніі ў тым, што сёлёта яна пачалася некалькі раней, чым, напрыклад, у мінулым годзе. Яе фінальны этап – адпраўка юнакоў у воінскія часці – пачнецца 25 кастрычніка. Інакш кажучы, ужо ў бліжэйшы панядзелак некалькі ляхавіцкіх юнакоў з прызыўнікоў «перакваліфікуюцца» ў салдаты. А апошні дзень каляндарнай восені стане і апошнім днём прызыву, – гаворыць Арцём Уладзіміравіч.
За гэтыя пяць тыдняў шэрагі вайскоўцаў папоўняць да шасці дзясяткаў нашых маладых землякоў – жыхароў горада і раёна.
Кожны з прызыўнікоў ведае не толькі свой будучы род войскаў, але нумар воінскай часці, дзе належыць служыць.
А наколькі ўлічваюцца пажаданні хлопцаў да выбару роду войскаў ці месца будучай службы?
– У гэтых пытаннях імкнёмся максімальна ісці насустрач нашым прызыўнікам. Момант важны, асабліва ў плане якасці нясення будучай службы. Калі ў чалавека ажыццявілася мара ці хоць бы і простае жаданне, узрастае і верагоднасць таго, што да сваіх службовых абавязкаў ён будзе ставіцца больш адказна і добрасумленна. Аднак захаваць баланс паміж хачу і трэба атрымліваецца не заўсёды. І прычын на тое ці не дзясятак: стан здароўя юнака, узровень яго фізічнай падрыхтоўкі, адукацыя, наяўнасць прафесіі, характарыстыкі з месца вучобы ці «крайняй» работы і іншае. А часам адзінкавы прывод у міліцыю можа паставіць крыж на мары юнака аб службе ў канкрэтных войсках, – тлумачыць Арцём Уладзіміравіч.
Што тычыцца стаўлення сучасных маладых людзей да інстытута тэрміновай вайсковай службы, то яно рознае і ў кожнага сваё. Ёсць такія, якія яшчэ з сярэдніх класаў школы, калі не раней, цвёрда вырашылі служыць. Адны бачылі сябе будучымі дэсантнікамі, іншыя абавязкова сувязістамі ці пагранічнікамі. І не проста пасіўна чакалі, калі прыйдзе час, – мэтанакіравана рыхтаваліся стаць у вайсковы строй максімальна падрыхтаванымі. І фізічна, і ў плане атрымання адукацыі ці запатрабаванай ваенна-ўліковай спецыяльнасці. Тых, хто, магчыма, і не марыць з дзяцінства, але ідзе з жаданнем служыць на карысць Радзімы, – абсалютная большасць.
Цяперашнія прызыўнікі-землякі будуць служыць у часцях і падраздзяленнях Узброеных Сіл Міністэрства абароны, унутраных войсках Міністэрства унутраных спраў, органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, размешчаных не толькі на Брэстчыне, але і ў Мінскай і Гродзенскай абласцях.
– Большасць нашых прызыўнікоў маюць прафесійна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю. Прыкладна 5–10 пра-цэнтаў будучых салдатаў складаюць выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў. Тэрмін службы выпускнікоў ВНУ доўжыцца год, у адрозненне ад 1,5 года для ваеннаслужачых па прызыве без вышэйшай адукацыі.
Стабільна запатрабаванымі ў вайсковых шэрагах з’яўляюцца прызыўнікі, якія яшчэ да службы прайшлі курсы навучання і атрымалі пасведчанні вадзіцеляў аўтамабіляў, электраманцёраў. Верагоднасць таго, што ў войсках яны працягнуць удасканальвацца ў сваёй справе, вельмі высокая. Цэняцца і трактарысты, для якіх служба часта пачынаецца ў падраздзяленнях вядомага вучэбнага цэнтра, размешчанага ў ваенным гарадку Печы пад Барысавам. Там на працягу некалькіх месяцаў службы-вучобы іх падрыхтуюць да ўзроўню класных, у прамым сэнсе, спецыялістаў вайсковай справы.
Дарэчы, у Печах ваеннаслужачым па прызыве дазволена трымаць пры сабе на пастаяннай аснове мабільны тэлефон.
– Тэлефон павінен быць адпаведным – «статутным», так бы мовіць. Без фотакамеры, магчымасці выхаду ў сетку інтэрнэт.
І, канешне ж, неабходна памятаць, дзе і ў якіх абставінах карыстацца апаратам. Характэрным момантам работы камандзіраў гэтага вучэбнага цэнтра, як і іншых вайсковых часцей краіны, з’яўляецца і факт цеснага тэлефоннага кантакту з бацькамі сваіх салдатаў, знаходжанне ў пастаяннай з імі камунікацыі.Усё больш  увагі надаецца баявой падрыхтоўцы. У тым ліку і адпрацоўцы яе практычных навыкаў. Палявыя выхады, стрэльбы «штатным», палігонныя тактычныя заняткі становяцца больш насычанымі, з’яўляюцца новыя «ўводныя» і варыянты іх адпрацоўкі, – завяршае гутарку капітан Кірута.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.