Былі. Ёсць. Будуць. 2 лістапада ў Беларусі Дзень памяці. Ці, як многія звыкла называюць дату, – Восеньскія Дзяды

Фота з архіва БЕЛТА

Разам з наступным панядзелкам прыйдзе лістапад. Апошні восеньскі месяц прынясе з сабой мноства традыцыйных клопатаў, за якімі важна не забыць пра вельмі асабістае і адначасова значнае для ўсіх, незалежна ад веравызнання, сямейнага статусу і жыццёвых інтарэсаў.
2 лістапада ў Беларусі Дзень памяці. Ці, як многія звыкла называюць дату, – Восеньскія Дзяды. Дні памінання на гэтым тыдні ў рэлігійных календарах каталікоў і праваслаўных.
Многія напярэдадні наведваюць могілкі, дзе знайшлі апошні прытулак іх родныя і блізкія. Гэта ўспрымаецца як магчымасць выказаць удзячнасць і шанаванне. Вось толькі варта памятаць, што адных кветак, добрых словаў і нават малітвы не заўсёды хапае. Вельмі яскрава – лепш за любыя словы – пра нашы адносіны скажа стан месцаў пахавання. Калі яны параслі пустазеллем, засмечаны, забруджаны, выглядаюць закінутымі і забытымі – ніякія прызнанні не апраўдваюць. Як і ў тым  выпадку, калі, добраўпарадкуючы «родныя» магілы, хтосьці пакідае смецце на чужых – бывае, на жаль, і такое… Ды і не ўсе лічаць за абавязковае правіла данесці смецце да спецыяльных кантэйнераў, складзіруюць яго пад агароджай, маўляў, камунальнікі павінны вывезці. Яны, канешне, вывезуць – рана ці позна, калі дойдзе чарга. Але таму, хто насмеціў, –  як мінімум доўгі мінус у духоўны «рэйтынг» ці, як сёння модна казаць, – у карму. І канстатацыя факта няшчырасці, крывадушнасці і няўдзячнасці.
Але ж мы не такія, праўда? І абавязкова знойдзем час прыйсці на месцы пахаванняў з жаданнем навесці парадак і патрэбным інвентаром. Прыйдзем да дзядоў, прадзедаў, бацькоў, родных і блізкіх, сяброў.
З удзячнасцю за тое, што яны былі – задоўга да нас або побач з намі.
З верай у тое, што яны ёсць – у нашых сэрцах, душах, у нашым жыцці.
З выкрышталізаванай многімі пакаленнямі мудрасцю, што сцвярджае: яны будуць – пакуль мы памятаем іх, шануем і любім.

Святлана СТЫКУЦЬ.