Служба аператыўнай дапамогі. Як «Адно акно» спрашчае афармленне дакументаў. Адно з самых наведваемых падраздзяленняў Ляхавіцкага райвыканкама – служба «Адно акно»

Адно з самых наведваемых падраздзяленняў райвыканкама – служба «Адно акно». Сюды штодзень звяртаюцца за выдачай даведак, выпісак з дзяржаўных рэестраў, рэгістраў і г. д., атрыманнем рашэнняў і вырашэннем іншых пытанняў.

Асноўная мэта службы – забяспечыць на месцы прыём заяў і дакументаў па адміністрацыйных працэдурах і іншых пытаннях дзейнасці падраздзяленняў райвыканкама. Калі ў 2015 годзе на «Адно акно» былі ўскладзены абавязкі па ажыццяўленні 53 адміністрацыйных працэдур, то сёння іх амаль у чатыры разы больш – 193. З іх 139 па заявах грамадзян і 54 па заявах юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.
У службе прымаюць і рэгіструюць паведамленні пра пачатак ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, выдаюць унікальны ідэнтыфікатар, які пасля рэгістрацыі адкрывае доступ да адзінага партала электронных паслуг.
Работнікам «Аднаго акна» трэба не толькі ведаць усе нарматыўна-прававыя дакументы і змяненні ў іх, але і крочыць у нагу з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Для правядзення ідэнтыфікацыі асобы грамадзян, якія атрымалі электронныя дакументы, маецца спецыяльнае ўстройства – счытвальнік. Выкарыстанне асабістага электроннага лічбавага подпісу з дапамогай ID-карты дае магчымасць ажыццяўляць адміністрацыйныя працэдуры ў электронным выглядзе.
У арсенале службы і доступ да  інфармацыйных баз шэрага ведамстваў, устаноўленыя праграмныя комплексы, што дазваляе спрасціць міжведамаснае ўзаемадзеянне пры правядзенні адміністрацыйных працэдур і аператыўна атрымліваць адказы на запыты. Напрыклад, ключ да партала Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў скарачае час выдачы даведак, выпісак з дзяржаўных рэгістраў.
Сёлета за дзевяць месяцаў у «Адно акно» звярнуліся  2557 заяўнікаў, што амаль напалову больш, чым у мінулым годзе.
Для выканання адміністрацыйных працэдур службай «Адно акно» зроблены 7571 запыт, выдадзены 53 даведкі ў дачыненні да грамадзян па запытах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый.

Як расказала галоўны спецыяліст сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Юлія Кунцэвіч (на здымку), тэматыка зваротаў розная: выдача пасведчанняў, у тым ліку і дублікатаў, дзяржаўная рэгістрацыя нерухомай маёмасці, газіфікацыя, архітэктура і будаўніцтва, прыродакарыстанне, усынаўленне і апека, атрыманыя даходы, выплачаныя падаткі і зборы, інфармацыя з Адзінага дзяржаўнага рэестра, іншае.
У топе – жыллёвыя праваадносіны. Па стане на 30 верасня, па пытаннях пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прадастаўлення камерцыйнага жылля, субсідыі на аплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам на будаўніцтва (рэканструкцыю) і іншых у «Адно акно» звярнуліся 1202 чалавекі. У параўнанні з мінулым годам – удвая больш.
Некаторыя працэдуры служба «Адно акно» выконвае самастойна. У тым ліку выдача даведкі аб знаходжанні на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, рэгістрацыя дагавораў найму
(арэнды) жылога памяшкання і пісьмовых пагадненняў аб прызнанні членам сям’і, парадку карыстання жылым памяшканнем і іншыя. Па гэтых адміністрацыйных працэдурах са студзеня па верасень звярнуліся 1004 чалавекі (для параўнання – летась 349).
Нямала заяў ад насельніцтва (сёлета – ужо 68), якія датычаць уключэння ў спісы на кампенсацыю часткі выдаткаў, калі гаспадары выконвалі работы па электразабеспячэнні аднакватэрных домаўладанняў, жылых памяшканняў у блакіраваных дамах.
З мінулага года рашэннем райвыканкама некаторыя адміністрацыйныя працэдуры ажыццяўляюць структурныя падраздзяленні райвыканкама, сельвыканкамы, арганізацыі. Сярод іх, напрыклад, прыняцце рашэння аб прадастаўленні (ці адмове ў прадастаўленні) дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, у тым ліку прыняцце рашэння аб датэрміновым распараджэнні (адмове ў датэрміновым распараджэнні) сродкамі сямейнага капіталу і г. д. Знаходзяцца яны ў кампетэнцыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Ляхавіцкая архітэктура выдае,прадаўжае, пераафармляе дзеянне дазволу на размяшчэнне сродкаў вонкавай рэкламы. А камунгас упаўнаважаны прымаць рашэнне аб індэксацыі імянных прыватызацыйных чэкаў «Жыллё» і іх раздзеле, выдаваць даведкі аб налічэнні жыллёвай квоты, дазвол на выдаленне ці перасадку аб’ектаў расліннага свету, на правядзенне раскопак вуліц, плошчаў, двароў і іншых земляў агульнага карыстання. Такім чынам, заяўніку прадастаўляецца права выбару: звярнуцца ў «Адно акно» ці ў адпаведную арганізацыю па напрамку дзейнасці.
– Усе гэтыя варыянты арганізаваны дзеля даступнасці дзяржаўных паслуг, а таксама для зручнасці насельніцтва, з мінімальнымі намаганнямі і затратамі часу, – адзначае Юлія Кунцэвіч.
Так склалася, што часта службу «Адно акно» насельніцтва ўспрымае як інфармацыйна-даведачнае падраздзяленне райвыканкама і звяртаецца сюды па любых пытаннях. Юлія Кунцэвіч і спецыяліст па рабоце з дакументамі Алена Леснік дадуць кансультацыю, нават калі зварот не датычыць іх службовай інструкцыі.

Графік работы «Аднаго акна» складзены спецыяльна для зручнасці насельніцтва: працоўны дзень службы з 8 да 17 з перапынкам на абед з 13 да 14 гадзін, а ў сераду ён падоўжаны да 20 гадзін і без перапынку на абед. Патэлефанаваць можна па нумары 6-09-59. Адзіны нумар службы – 142.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.