Настаў час для «Вясны» . Менавіта пад такой красамоўнай назвай эксперыментуе кавер-бэнд, які спявае-іграе на базе Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў

Гучаць першыя ноты – інструменты праходзяць, як гаворыцца, настройку гуку, затым ідзе калектыўнае абмеркаванне – дзе трэба адыграць класічны рытм, дзе ўзяць ноту «ля», пасля перайсці на тэрцыю, распеўка – і іншыя не зразумелыя для абывацеля словы з прафесійнага жыцця музыкантаў…. І вось загучала на ўсю моц мелодыя – такая знаёмая, але ў адноўленым сучасным варыянце.
Менавіта так выглядае пачатак рэпетыцыі ў маладзёжнага кавер-бэнда «Вясна», які нарадзіўся на базе Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Так-так. Магчыма, вы пакуль не знаёмы з гэтымі творчымі асобамі, іх музычны эксперымент яшчэ не бачыў вялікай аўдыторыі. Але паспеў засвяціцца на розных раённых святах, заваяваў шмат станоўчых водгукаў на прасторах навінных стужак. Але пра ўсё па парадку.

Што аб’яднала?
Удзельнікі кавер-бэнда адказваюць проста – творчасць і бязмерная любоў да музыкі. Хочацца дадаць яшчэ адзін немалаважны фактар –
энергія, з якой гэтыя творчыя людзі працуюць-ствараюць. Яны і самі прызнаюцца: ад сваіх вучняў шмат чаму вучацца, ад іх зараджаюцца пазітывам, шчырасцю, непасрэднасцю, гэтым і хочацца дзяліцца з аўдыторыяй. Магчыма, ад таго кожны іх музычны трэк проста прымушае падпяваць і рухацца ў такт – музычны вірус заражае.
– Людзей, якія на адной хвалі, якія разумеюць адзін аднаго на мове музыкі, можна смела аб’ядноўваць у каманду. А калі гэта яшчэ і ў добрым сэнсе прафесіяналы і фанаты сваёй справы, такі музычны саюз можа смела прэтэндаваць на поспех. Вось і мы вырашылі вольны час прысвяціць таму, што робіць нас па-сапраўднаму шчаслівымі, – адзначае мастацкі кіраўнік і па сумяшчальніцтве ідэйны цэнтр калектыву настаўнік па класе гітары Таццяна Ладзілава.
Пачалі эксперыментаваць з вядомага «Старога клёна». Але ж вырашылі музычную класіку савецкага кіно правесці праз прызму сучаснасці. Атрымалася захапляльна і запамінальна. Не спыніліся. Дабраліся і да футбольнага гімна балельшчыкаў «Спартака» – «Знаешь ли ты». Вядомы хіт нулявых у новай музычнай афарбоўцы,
якую надала «Вясна», загучаў зусім па-іншаму, але з пяшчотнай настальгіяй.
Вось і спеліся-сыграліся. Вырашылі працягваць, тым жа шляхам рухацца сачыняць-прыдумваць і надаваць новае жыццё вядомым песням. Пакуль у рэпертуары дзясятак кампазіцый, якія яны адточваюць, каб парадаваць сваю будучую аўдыторыю. І мараць, што аднойчы змогуць здзівіць землякоў дзесьці на вулічнай імправізаванай сцэне.
Дарэчы, замежны вопыт вулічных выступленняў удзельнікі «Вясны» не супраць перанесці і на вуліцы роднага горада. Давайце ўявім: цёплы летні вечар праходзіць пад жывую атмасферную музыку, што гучыць непадалёку ў парку ці скверы. А, магчыма, і каля нашага «Кастрычніка». Фантастычна…
Дарэчы, памятаеце, як у стужцы інстаграм-акаўнта раёнкі «Вясна» крэатыўна прэзентавала лавачку ДШМ у раённым конкурсе. Колькасць праглядаў дасягнула амаль чатырох тысяч, а колькі пазітыўных каментарыяў пакінулі нераўнадушныя землякі!

Знаёмімся!
У калектыве «Вясны» сапраўды пануе энергія смеласці і дзёрзкасці. Кожны сам па сабе ўнікальны і здольны выдаць класны вынік, а разам яны проста музычны бум.
За шчырым баянам Іван Усовіч. Загучалі ноткі пяшчотных клавішаў – за інструментам вытанчаная і гарманічная творчая душа Наталля Дробушына. Пранікнёная скрыпка заўсёды ідэальна ў тандэме са Святланай Чорнай. Моцны бас у надзейных руках Таццяны Ладзілавай. Рытмічнасць і адточанасць спалучыліся ва ўдарніку Станіславе Мухарэўскім. А вакальнае суправаджэнне – яркае і запамінальнае – дорыць вакалістка Марыя Лутавінава.
Марыя Генадзьеўна ў адносінах да калектыву яшчэ і дырэктар дзіцячай школы мастацтваў, прызнаецца, што такая магчымасць для педагогаў школы выйсці за рамкі вучэбнай праграмы – момант удасканалення і развіцця.
– Тут мы не баімся эксперыментаваць і дадаваць у кожную песню смеласці, такой творчай непаўторнасці. Ужо і нашы навучэнцы зацікавіліся, ці магчыма далучыцца да такіх нумароў. Мы адкрыты да кожнага. Дарэчы, магчыма, у будучым гэты праект стане на рэйкі платных паслуг. «Вясна» з радасцю можа стварыць настрой у любым працоўным калектыве, арганізацыі ці на прадпрыемстве. Гэта ў планах. Цяпер галоўнае – напрацаваць такі рэпертуар, каб здзівіць кожнага, хто нас аднойчы пачуе, – адзначае
Марыя Лутавінава.

Ніколі не позна пачаць
У жыцці бывае так, што не паспеў асвоіць ігру на гітары, калі хацелася, часу не хапіла ці магчымасцей, або так марылася некалі адарвацца на ўдарных, а можа і танцавальная падрыхтоўка цікавіла. Гэта не праблема.
На базе дзіцячай школы мастацтваў створана ўнікальная магчымасць ажыццявіць мары. Ёсць час пасля працоўнага дня – калі ласка, на ўрок, на пенсіі прачнулася жаданне – толькі рады. Знойдзецца занятак па душы для кожнага, хто звернецца за творчай падтрымкай у дзіцячую школу мастацтваў. Паслуга хоць і платная, але дэмакратычнасць кошту парадуе. Так для кожнага творчага чалавека адкрыта студыя «Сузор’е».

Маргарыта КУХТА.
Фота з архіва Ляхавіцкай ДШМ