«ШАГ» са здаровым ухілам. У СШ № 1 госцем сустрэчы стала намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

У чацвёрты чацвер месяца школьнікі раёна абмяркоўваюць актуальныя і важныя пытанні з прадстаўнікамі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, вядомымі людзьмі раёна і г. д.
У СШ № 1 госцем чарговай сустрэчы стала  намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч

У рамках адукацыйнага праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна» гаварылі пра сістэму аховы здароўя, работу фармацэўтычнай галіны, пра тое, што ў нашай краіне меддапамога для насельніцтва бясплатная і даступная, развіваюцца высокатэхналагічная медыцына і экспарт медпаслуг, а таксама пра меры па прадухіленні распаўсюджвання хвароб і інфекцый.
Усе гэтыя пытанні былі аб’яднаны ў адну тэму – «Здароўе кожнага з нас – галоўная каштоўнасць!».

Сапраўды, сёння галоўныя пажаданні традыцыйна звязаны са здароўем. Пра каранавірусную інфекцыю не па словах ведаюць і дарослыя, і дзеці. Гэта той бок жыцця, ад якога нельга адмахнуцца і закрыцца. Медыкі ў барацьбе з COVID-19 паказалі сябе сапраўднымі прафесіяналамі, прадэманстравалі прыклад адданасці справе і мужнасці. Яны стойка дапамагаюць справіцца з хваробай і яе наступствамі, заклікаюць насельніцтва паклапаціцца пра ўласнае здароўе і здароўе родных і зрабіць антыкавідную прышчэпку.
Прыём у доктара, выклік хуткай дапамогі, вакцынацыя, знаходжанне ў бальніцах і г. д. у нашай краіне бясплатныя для грамадзян, але для дзяржавы каштуюць нямала, на гэтым акцэнтавала ўвагу класны кіраўнік 9 «А» класа Ала Клімко. У Беларусі гарантавана бясплатная і даступная медыцынская дапамога
ў дзяржаўных установах аховы здароўя з бюджэтнай сістэмай фінансавання.


Вялікую ролю ў даступнасці аховы здароўя Беларусі адыгрывае чатырохузроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі з дакладна арганізацыйна выбудаванай структурай – ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў да рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Апошніх у краіне 18, дзе сканцэнтраваны шырокі спектр сучасных медыцынскіх тэхналогій дыягностыкі, аказання спецыялізаванай дапамогі.
Асаблівасцю праекта «ШАГ» з’яўляецца яго шматступеньчатасць. Калі на першым этапе навучэнцы пазнаёміліся і падзяліліся інфармацыяй па тэмах «Здаровая нацыя – паспяховая
будучыня дзяржавы» і «Тваё здароўе ў тваіх руках», то на
другім этапе – «Мы разважаем» – абмеркавалі пачутае.
Старшакласнікі дзяліліся сваімі поглядамі на здаровы лад жыцця, абмяркоўвалі сутнасць выказванняў вядомых людзей, давалі рэцэпты па ўмацаванні здароўя. Сярод іх, канешне, і заняткі спортам.
Здароўе падрастаючага пакалення, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, фарміраванне здаровага стылю паводзін моладзі – сярод прыярытэтных напрамкаў сацыяльнай палітыкі развіцця нашай дзяржавы.
Адзінаццацікласнік Мікіта Сіняўскі некалькі гадоў мэтанакіравана займаецца гандболам у СДЮШАР, марыць звязаць свой прафесійны выбар са спортам. Нядаўна ў гэтым відзе спорту ляхавіцкая каманда заняла ганаровае другое месца на абласным турніры.
Святлана Юрлевіч пацікавілася ў навучэнцаў, у якіх спартыўных секцыях яны займаюцца, у якіх спаборніцтвах ім падабаецца прымаць удзел, чым хацелі б займацца, і чаго не хапае ў райцэнтры.
Намеснік старшыні райвыканкама запрасіла рабят вяртацца на малую радзіму пасля заканчэння навучальных устаноў. На Ляхавіччыне запатрабаваны выпускнікі і прафесійна-тэхнічных, і сярэдніх спецыяльных, і вышэйшых навучальных устаноў.
Сёлета на працу ва ўстановы аховы здароўя раёна пасля атрымання дыпломаў прыйшлі сем урачоў і 27 прадстаўнікоў медперсаналу сярэдняга і малодшага звёнаў. Дзевяці маладым спецыялістам выдзелена арэнднае жыллё.
Святлана Юрлевіч падрабязна расказала пра сістэму аховы здароўя Ляхавіччыны і тыя медыцынскія абноўкі, якія робяцца дзеля якаснай і аператыўнай дапамогі насельніцтву.
Безумоўна, школьнікі пакуль не так добра знаёмы з медыцынскай сферай і не так часта звяртаюцца за меддапамогай. Але пасля гэтай сустрэчы, хочацца спадзявацца, даведаліся і зразумелі многае, у тым ліку тое, што ў нас і ў гэтай галіне ёсць нямала падстаў для гонару за сваю краіну.
У СШ № 2 інфармацыйна-адукацыйны праект «ШАГ» таксама плаўна перайшоў у прафарыентацыйную прастору. Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран гаварыў пра запатрабаванасць на Ляхавіччыне спецыялістаў рабочых спецыяльнасцяў і пра тое, што пры жаданні, стараннасці і працавітасці кожны можа зрабіць кар’еру.
Намеснік дырэктара Ляхавіцкага кансервавага завода Віктар Курловіч і спецыяліст па кадрах Ляхавіцкага льнозавода Ала Люхта пазнаёмілі навучэнцаў з асаблівасцямі работы на сваіх прадпрыемствах, расказалі, што абавязковы пункт для ўсіх завадчан – сацыяльны пакет.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.