Антыкавіднае меркаванне. Ляхавічане разважаюць пра вакцынацыю

Колькасць прышчэпленых ад каранавіруснай інфекцыі з кожным днём павялічваецца. Гэта магчымасць сказаць кавіду «стоп» і спыніць інфекцыю. Сёння 8487 ляхавічан прышчапіліся першым кампанентам, поўны курс вакцынацыі прайшлі 7096 чалавек. Больш за 36 працэнтаў ужо зрабілі выбар – вакцынаваліся. Важнасць працэдуры разумеюць будучыя мамы, у Ляхавіцкім раёне 15 цяжарных жанчын ужо вакцынаваліся. Далучаюцца да антыкавіднай акцыі сем’ямі, прадпрыемствамі і арганізацыямі, медыкаў запрашаюць на дом, каб зрабіць прышчэпку. Вось што значыць паставіць заслону COVID-19.

Вольга Пляшэвіч, дырэктар Ляхавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы:
– Чалавек, у першую чаргу, павінен думаць пра сваё здароўе, паколькі менавіта ад гэтага фактара залежаць усе астатнія аспекты нашага жыцця, і пра здароўе блізкіх, маючы на ўвазе адказнасць і жаданне жыць у здаровым грамадстве. Нездарма гаворыцца: будзе здароўе – будзе ўсё астатняе. Медыцынскі погляд на праблему супрацьдзеяння каранавіруснай інфекцыі для мяне больш важкі, чым фэйкавыя навіны і розныя прымхі. Параілася з медыкамі, плюсы на карысць вакцыны відавочныя. Летась перабалела на кавід, не пажадаеш нікому. Усе незразумелыя пытанні і байкі пра вакцынацыю развеяў загадчык паліклінікі Анатолій Панько, які праводзіў прафілактычную работу з нашым калектывам. Менавіта пасля гэтага большая частка калектыву вырашыла зрабіць прышчэпкі. Чалавек, калі вакцынуецца і робіць гэта свядома, спадзяецца і на свядомасць блізкага ў гэтым пытанні. COVID-19 не тая хвароба, якая б’е кропкава, яна адразу накіравана на масу людзей. А значыць, і змагацца з ёй трэба адпаведна – калектыўна, усімі сіламі. 62 працэнты нашых супрацоўнікаў забяспечылі калектыўны імунітэт, і, я думаю, гэта лічба яшчэ павялічыцца. Тым больш, антыкавідныя брыгады прыязджаюць па месцы працы, калі збіраецца пэўная колькасць жадаючых. Гэта вельмі зручна. Раю нашым землякам таксама зрабіць плюс да агульнага імунітэту – гэта надзейны крок для барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй.

Марына ПІЛІНОГА, сацыяльны цырульнік аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН:
– Шчыра сказаць, на кавід не хварэла, або хвароба працякала бессімптомна. Калі з’явілася магчымасць зрабіць антыкавідную прышчэпку – не раздумвала і вакцынавалася. Сацыяльная цырульня нашага аддзялення запатрабавана ў грамадзян самага паважанага ўзросту, яна ніколі не пустуе. А пасля касметычных пераўтварэнняў увогуле стала месцам, дзе прыемна правесці вольны час. І ў гэтым плане я хвалявалася за сваіх кліентаў і іх здароўе. Паколькі магу нават не падазраваць, што хварэю, і заразіць, таму і прышчапілася. Ведаю, што і многія наведвальнікі аддзялення таксама вакцынаваліся, каб забяспечыць калектыўны імунітэт. Лічу гэта дзейсным сродкам у барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй. І калі ёсць такі інструмент, каб забяспечыць здаровае асяроддзе, яго абавязкова трэба выкарыстаць. А калі размова ідзе пра такія месцы, якія заўсёды наведваюць людзі, тут увогуле трэба ўспомніць яшчэ і пра іншыя меры перасцярогі і прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. І, канешне, пра вакцынацыю. З гэтага пачынаецца клопат пра сваё здароўе, а яшчэ гэта значыць, думаць не толькі пра сябе.

Дзіяна РАЧКОЎСКАЯ, студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка:
– Двойчы за гэты год перахварэла на каранавірус. І кожны раз сімптомы былі розныя. Сказаць, што працякае хвароба непрыемна, гэта нічога не сказаць, нікому не пажадаеш прайсці праз каранавірус. Нават праз паўгода не аднавіўся пах, смак таксама не адчуваецца напоўную. І хоць захоўваю меры перасцярогі, у Мінску ўсё роўна заўсёды знаходзішся там, дзе шматлюдна: грамадскі транспарт, вучэбныя аўдыторыі, гандлёвыя кропкі. Тым больш, зай-
маюся спартыўным валанцёрствам, працую на комплексе «Мінск-Чыжоўка» – гэта ўвогуле шматтысячная публіка. Разумею, што рызыкую, таму і зрабіла прышчэпку. Часта прыязджаю дадому, не хачу, каб заразіліся бацькі, бабуля, родныя і сябры. А калі ўлічыць той факт, што падчас чацвёртай хвалі больш хварэюць тыя, хто не прышчэплены, рацыянальным будзе рашэнне засцерагчы сябе і блізкіх, а значыць – вакцынавацца. Мама медык, таму кансультацыю атрымала адпаведную. Раю кожнаму прыслухацца да лічбаў па ўсім свеце, яны не пазітыўныя. І менавіта вакцынацыя можа спыніць гэту сумную статыстыку. Выбар, канешне, кожнага, але за­ гэтым стаіць калектыўнае выратаванне.

Гутарыла Маргарыта КУХТА.