Супрацьпажарная гутарка. Супрацоўнікі Ляхавіцкага РАНС падвялі вынікі першага этапу рэспубліканскай акцыі «Не прапальвай сваё жыццё!»

Па статыстыцы, найбольш распаўсюджаная прычына гібелі людзей на пажарах – курэнне ў ложку ў нецвярозым стане, так пачынаюць гутарку работнікі РАНС, выступаючы ў працоўных калектывах Ляхавіччыны. 

Прыводзяць прыклады здарэнняў, якія адбыліся па віне запаленай цыгарэты і мелі трагічны вынік не толькі для саміх вінаватых, але і для сваякоў, якія жывуць з імі пад адным дахам. Расказваюць выратавальнікі і пра важнасць устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Ну і, вядома, нагадваюць дзеянні ў выпадку ўзнікнення пажару, а таксама правілы карыстання першаснымі сродкамі пажаратушэння.

У рамках інфармацыйна-прапагандысцкай кампаніі «Не чакай вавёрку – тушы недакурак» супрацоўнікі РАНС прыходзілі на прадпрыемствы і ў арганізацыі, у магазіны і домаўладанні, раздавалі тэматычныя лістоўкі з супрацьпажарнай інфармацыяй.


Таксама падвялі вынікі першага этапу рэспубліканскай акцыі «Не прапальвай сваё жыццё!». З прафілактычнымі мерапрыемствамі пабывалі ў пунктах прыёму другаснай сыравіны, тэлефанавалі землякам, адпраўлялі тэматычныя памяткі грамадзянам, якія заўважаны ў злоўжыванні алкаголем. Падчас размовы нагадвалі пра шкоду курэння і недапушчальнасць курыць цыгарэты ў ложку, а тым больш у нецвярозым стане, расказалі пра правільнае карыстанне электрапрыборамі і бяспечную эксплуатацыю пячнога ацяплення, паўтарылі алгарытм дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару.
З пачатку года на тэрыторыі раёна зарэгістраваны 24 пажары, у агні загінулі тры чалавекі. Сярод іх і жыхар Тальмінавічаў 1961 г. н., прычынай смерці якога стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Каб цыгарэта не прывяла да бяды, супрацоўнікі РАНС настойліва рэкамендуюць няўхільна выконваць правілы пажарнай бяспекі.
Тэлефоны службы выратавання 101 і 112.
Таццяна КАЛГУШКІНА, інспектар РАНС.