На сваім участку, ці Некалькі момантаў з працоўнага дня ўчастковага інспектара Ляхавіцкага РАУС

17 лістапада- Дзень утварэння службы ўчастковых інспектараў. Менавіта гэтыя прадстаўнікі службы ў многім і фарміруюць імідж міліцыі

Нумар тэлефона ўчастковых інспектараў міліцыі, асабліва ў вёсцы, не сакрэт. Яго набіраюць, калі трэба ўціхамірыць сямейнага скандаліста, суседа, які сістэматычна парушае спакой землякоў, паўшчуваць асобу, што вядзе асацыяльны лад жыцця, ці вырашыць іншыя жыццёвыя пытанні. Працоўны дзень гэтых супрацоўнікаў міліцыі не ўкладваецца ў звычныя «раніца-абед-вечар» –  у тых, хто парушае грамадскі парадак, расклад іншы.
Напярэдадні Дня ўтварэння службы ўчастковых «ЛВ» паназіраў за работай капітана міліцыі Анатолія Зяленкі. Інструктаж, атрыманне зброі, абмеркаванне службовых момантаў у райаддзеле, а далей участковы інспектар накіроўваецца ў Конькаўскі сельсавет, дзе ў зоне яго ўвагі 13 вёсак з больш як 1600 жыхарамі. За дзень атрымліваецца наездзіць-нахадзіць не менш за пяць дзясяткаў кіламетраў.

Справы  надзённыя
Анатолій Зяленка свой працоўны маршрут плануе загадзя, але доб-
ра ведае, на які адрас трэба наведацца ў першую чаргу і на што неабходна звярнуць пільную ўвагу. Як правіла, без карэкціроўкі планаў не абыходзіцца.
Накіроўваемся ў Конькі. На адной з вуліц аграгарадка пражывае 71-гадовая пенсіянерка, сын якой зараз знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Міліцыянер цікавіцца справамі жанчыны і паведамляе, што сын за ўзорныя паводзіны хутка вернецца дадому. Ці стаў мужчына на шлях выпраўлення – пакажа жыццё, але гэта яго не першы паход у ЛПП. Ён пакуль зняты з уліку ў міліцыі, дзе да гэтага знаходзіўся як сямейны скандаліст.
Наступнай кропкай стала наведванне Конькаўскага ВПК. У навучальнай установе ўчастковы інспектар сустрэўся з шасцікласнікамі. У класе – толькі хлопцы. Тэма размовы – выкананне правілаў дарожнага руху і вячэрняя занятасць школьнікаў. На заўтра ў планах міліцыянера зноў прафілактычная гутарка, толькі ўжо са старшакласнікамі.
Цэнтр аграгарадскога жыцця – магазін. Сюды ўчастковы заходзіць не за пакупкамі: калі мясцовыя аматары напіткаў з градусам бачаць чалавека ў пагонах, то адразу перадумваюць набываць віно ці гарэлку.
Прадавец Алена Калясінская заўважае карэспандэнту «ЛВ», што ўчастковы людзей ведае і ўмее выслухаць іх.
– Заўсёды зойдзе ў магазін і пацікавіцца справамі, якая патрэбна дапамога. У магазіна зручнае месцазнаходжанне – побач сельвыканкам, школа, – дзеліцца прадавец.
Да станоўчых водгукаў далучаецца і 65-гадовая Таісія Сцяпанаўна, якая зазірнула ў гандлёвую кропку:
– Наш Анатолій Іванавіч вельмі ўважлівы да людзей. За год працы паспеў заваяваць іх давер. А ў вёсцы ўмеюць бачыць чалавека наскрозь.
Размова пераходзіць у надзённыя клопаты: быць асцярожнымі з незнаёмцамі, якія ездзяць па вёсках і прапаноўваюць здаць метал ці гандлююць рознымі таварамі.

Калі  ўзаемадзеянне  плённае
На маршруце – сельвыканкам. Тут маецца кабінет участковага інспектара, дзе кожную сераду ён з 10 да 13 гадзін праводзіць прыём грамадзян. Але ўсё ж участковы – работа не кабінетная. Даводзіцца правяраць захаванасць дзяржаўнай маёмасці, раскрываць крадзяжы ў прыватных домаўладаннях і г. д. Многія гаспадары пасля восені на свае дачы вяртаюцца толькі вясной. Пра тое, што нешта з іх уласнасці знікла, становіцца вядома, часам, толькі праз месяцы. І тут важна вылічыць злачынцу. А хто так ведае мясцовае насельніцтва, як не ўчастковы інспектар.
На асобным спісе – адзінокія, пажылыя, інваліды, непрацуючыя і тыя, хто злоўжывае алкаголем, мнагадзетныя і сем’і, дзе дзеці прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы… Па такіх адрасах міліцыянер часта адпраўляецца ў рэйд разам са старшынёй сельвыканкама Дзмітрыем Багушэвічам.
Напрыклад, у адзін з дзён абследавалі пустуючыя дамы, якія могуць стаць прытулкам для асацыяльных асоб. Менавіта такія аб’екты прадстаўляюць пажаранебяспечную пагрозу. Праверылі і сігнал ад мясцовай жыхаркі: яна ўбачыла, што ў доме аднавяскоўца, які пражывае з унукам, што злоўжывае алкаголем, знаходзіцца незнаёмец. Калі ўчастковы інспектар і старшыня сельвыканкама прыбылі на месца, факты пацвердзіліся. Як высветлілася, «госць» судзімы, у адносінах якога прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу. Анатолій Зяленка папярэдзіў мужчыну пра недапушчальнасць супрацьпраўных дзеянняў, учынення правапарушэнняў і злачынстваў.
– Сумесная работа ўчастковага інспектара з сельвыканкамам праводзіцца па многіх напрамках. Разам працуем і ў скла-
дзе назіральных камісій, у якіх прымаюць удзел супрацоўнікі ТЦСАН, РАНС і іншыя службы. Пацверджана жыццём, што слова чалавека ў пагонах валодае больш пераканаўчым уздзеяннем. Анатолій Іванавіч – чалавек зацікаўлены ў справе. Разам вырашаем, у тым ліку, і пытанні добраўпарадкавання тэрыторыі сельсавета, – падкрэслівае Дзмітрый Багушэвіч.

Па адрасах
Яшчэ адзін адрас. Вуліца Лугавая. Тут пражываюць дзве абавязаныя асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Адзін з іх – 46-гадовы вясковец – на днях вярнуўся з ЛПП. Участковы падкрэслівае, што яго і трэба наведаць. Дом у акружэнні пажухлай травы выглядае нежылым. Але міліцыянер упэўнена крочыць па пратаптанай сцежцы. Стукаецца, і на парозе праз нейкі час з’яўляецца гаспадыня. На канапе сядзіць яе сужыцель. У доме рэчы раскіданы, стаіць устойлівы алкагольны шлейф. Участковы інспектар дае мужчыне падпісаць дакументы. Яму належыць у бліжэйшы час працаўладкавацца – абавязаная асоба мае перад дзяржавай немалы доўг за ўтрыманне сваіх дзяцей. Яго сужыцелька, дарэчы, таксама.
– У нашай дзейнасці вельмі важная работа на апераджэнне. А яшчэ ўзаемадзеянне зацікаўленых службаў. Толькі пры такім раскладзе будзе вынік. Першыя памочнікі ў вясковага ўчастковага ў справе забеспячэння грамадскай бяспекі – старшыня сельвыканкама, старасты і іншыя нераўнадушныя. За што ім вельмі ўдзячны, – адзначае Анатолій Зяленка.
Працоўны дзень участковага інспектара працягваецца – сёння яму яшчэ неабходна вярнуцца ў райаддзел, каб здаць экзамен па фізічнай падрыхтоўцы і агнявой стральбе.

Надзейны тыл – сям’я
Затое вечарам ён зможа правесці час з дачкой Алінкай. Праз месяц дзяўчынцы споўніцца тры гады, і яна вельмі любіць з татам маляваць і чытаць. Але так бывае не заўсёды – работа ўчастковага інспектара абавязвае быць напагатове пастаянна. Ды і афармленне дакументаў займае нямала часу. Анатолій Іванавіч ведае – дома ў яго надзейны тыл, які забяспечвае жонка Аляксандра. Іх сямейнаму саюзу ўжо дзевяць гадоў.
На пытанне, ці марыў у дзяцінстве стаць участковым інспектарам, адказвае, што прыцягвалі прафесіі, дзе трэба працаваць з людзьмі. Атрымаў дыплом эканаміста-менеджара ў БарДУ і да праваахоўнай дзейнасці паспеў паспрабаваць сябе на грамадзянцы. Дзевяць гадоў Анатолій працуе ўчастковым інспектарам, з якіх год у Ляхавіцкім РАУС.
Намеснік начальніка райаддзела міліцыі Мікалай Смаршчок
пра ўчастковага інспектара Анатолія Зяленку гаворыць як пра супрацоўніка вопытнага і прынцыповага, працавітага і нераўнадушнага. Са службовымі задачамі спраўляецца добра і мае аўтарытэт на сваім участку.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.