Інтэрнэт у сістэме медыяпрасторы. Адзіны дзень інфармавання прайшоў на Ляхавіччыне ў мінулы чацвер

Медыякультура і медыяспажыванне ў сучасным беларускім грамадстве, рэалізацыя асноўных інвестыцыйных праектаў у Брэсцкай вобласці – тэмы, якія знаходзіліся ў цэнтры ўвагі падчас чарговага адзінага дня інфармавання, што прайшоў на Ляхавіччыне ў мінулы чацвер.

Па традыцыі, інфармацыйна-прапагандысцкія групы сустракаліся з працоўнымі калектывамі раёна і навучэнцамі ўстаноў адукацыі. Пра мультымедыйныя шматканальныя персаналізаваныя інтэрнэт-рэсурсы і іх уплыў на жыццё беларусаў гаварылі ў СШ № 1, Ляхавіцкім аграрным каледжы, на прадпрыемстве «Ляхавічыдрэў» і іншых.
У Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча надзённыя тэмы з калектывам школы абмяркоўвала ІПГ пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Святланы Юрлевіч.

Законы інтэрнэт-прасторы
Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, больш за 70 працэнтаў насельніцтва краіны штодзённа карыстаецца інтэрнэтам. Найбольш іх цікавяць кінафільмы, навіны і іншая інфармацыя. Да таго, нашы суайчыннікі актыўна «завісаюць» у сацыяльных сетках і мэсэнджарах. У сярэднім у дзень у сацсетках карыстальнікі «пакідаюць» больш за дзве гадзіны свайго часу. Сёння ў інтэрнэт выходзяць часцей з мабільных тэлефонаў, прычым людзі рознага ўзросту. Разам з тым, якасць інфармацыі ў сетцы не заўсёды адназначная, акцэнтавала ўвагу галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч. Нярэдка на інтэрнэт-рэсурсах можна сустрэць неправераныя, а часам – і мэтанакіравана скажоныя звесткі, фэйкі. Інфармацыйная агрэсія на глабальным і нацыянальным узроўнях перастае быць рэдкасцю, становіцца цэнтральным звяном гібрыдных войнаў. Падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», у якой прымалі ўдзел каля
300 журналістаў, прадстаўнікоў грамадскасці, экспертнай і медыйнай супольнасці, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што заўсёды заклікаў людзей, якія фарміруюць грамадскую думку, да захавання прафесійнай этыкі. «Адзіны антыдот супраць інфармацыйнага яду ў выглядзе фэйкаў –  гэта праўда і яшчэ раз праўда… Менавіта дзякуючы такому падыходу мы вытрымалі і ўпэўнена трымаем гэты інфармацыйны ўдар», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама расказала пра прававыя асновы дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў Беларусі і абарону нацыянальных інтарэсаў у інфармацыйнай сферы. У нашай краіне да нядаўняга часу дзейнічалі адны з самых ліберальных заканадаўчых нормаў у галіне работы СМІ, абароны ад распаўсюджвання звестак і паклёпу, абароны персанальных даных і нацыянальных інтарэсаў у сферы інфармацыйнай бяспекі. Знешняе ўмяшанне ва ўнутраную палітыку Беларусі прымушае вывучаць вопыт іншых краін і з улікам існуючай спецыфікі ўкараніць яго ў прававое поле Беларусі.
Сур’ёзным крокам у абароне і развіцці беларускай інфармацыйнай прасторы стаў шэраг прынятых заканадаўчых навацый, накіраваных на рэгуляванне праваадносін у інтэрнэце.
Аднак усе намаганні, якія робяцца дзяржавай па развянчанні лжывай і дэструктыўнай інфармацыі, будуць марнымі, калі чалавек сам не задумаецца над тым, што ён чытае або глядзіць, каму гатовы верыць. Праблема гэта актуальна і для педагогаў, якім пры падрыхтоўцы да інфармацыйных і класных гадзін асабліва важна быць пільнымі пры выбары крыніцы інфармацыі. Ларыса Юшкевіч згадала пералік афіцыйных дзяржаўных рэсурсаў, дзе размешчана актуальная і дакладная інфармацыя. Сярод іх сайт Беларускага тэлеграфнага агенцтва і, канешне, электронная версія раёнкі – Lves.by –  і многія іншыя рэсурсы. Нядаўна створаны
тэлеграм-канал Ляхавіцкага райвыканкама – «Ляховичи», пачытаць навіны можна і ў тэлеграм-канале «Ляхавіцкага весніка» «Новости Ляховичи».

Як адрозніць фэйк
Адрозніваць у інтэрнэце фэйкавыя навіны ад сапраўдных дапамогуць рэкамендацыі спецыялістаў.
Перш за ўсё, неабходна знайсці першакрыніцу навіны – таго, хто першым апублікаваў інфармацыю. Варта паспрабаваць зразумець, што гэта за рэсурс ці чалавек, якія іх мэты? Калі гэта сайт –
ці можна на ім знайсці даныя пра дату і месца рэгістрацыі, супрацоўнікаў, нумары тэлефонаў рэдакцыі. Калі чалавек – ці рэальна існуючы аўтар, і ці можна яму давяраць? У артыкула няма аўтара – значыць, чалавек жадае пазбегнуць адказнасці за напісанае. Не трэба ацэньваць навіны толькі па загалоўках: з мэтай прыцягнення ўвагі аўдыторыі назвы фэйкавых артыкулаў наўмысна выдаюць сенсацыю. Але пры ўважлівым чытанні часта аказваецца, што загаловак не адпавядае  зместу артыкула. Неабходна вывучыць спасылкі, пазначаныя ў заметцы: паглядзець, вядуць яны да надзейных, аўтарытэтных крыніц ці да нейкіх сумніўных безназоўных сайтаў ці экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў. Ацэньваць трэба непрадузята. Як правіла, людзі больш схільныя давяраць той інфармацыі, якая пацвярджае іх перакананні, і адмаўляюць тыя звесткі, якія супярэчаць іх меркаванню. Важна імкнуцца пазбягаць гэтай памылкі, паспрабаваць знайсці пацвярджэнне экспертаў, якія сапраўды разбіраюцца ў тэме.

Інвестуклад у  заўтрашні дзень
Брэсцкі аблвыканкам у рамках распрацоўкі Прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь вызначыў на 2022–2025 гады пералік са 179 вытворчых інвестыцыйных праектаў (з улікам патэнцыялу і кропак росту), аб’ём інвестыцый у якія складзе 2944 мільёны рублёў. Датычаць яны стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасці, будаўніцтва аб’ектаў у галіне АПК, а таксама гэта праекты, якія будуць укараняцца на прадпрыемствах, што працуюць рэнтабельна. Вызначаны 47 інвестпраектаў, якія фарміруюць прамысловы патэнцыял Брэстчыны. Дзякуючы ім, будзе створана без малога 4000 працоўных месцаў, расказала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна падрабязна спынілася на інвестпраектах, якія будуць рэалізоўвацца на Ляхавіччыне. У спісе чатыры вытворчыя (два аб’екты будуць узведзены ў сельгасарганізацыях і два плануецца рэалізаваць на прамысловых прадпрыемствах), а таксама два праекты інжынернай, тры – у сацыяльнай інфраструктуры. Маюцца і тыя,
якія атрымаюць установы адукацыі. Напрыклад, на 2022–2023 гады запланаваны капітальны рамонт харчаблока ў СШ № 1 і спартзалы ў СШ № 2.
Намеснік старшыні райвыканкама адказала на пытанні педагогаў, якія датычылі, у тым ліку, і развіцця інфраструктуры раёна. Зацікавіла калектыў і вывучэнне патрэбаў работнікаў устаноў адукацыі Ляхавіччыны ў жыллі. Святлана Юрлевіч адзначыла, што такую задачу з мэтай замацавання кадраў у вёсках і аграгарадках паставіў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. У Крывошынскай СШ жыллё патрабуецца двум настаўнікам. Яны ўжо не маюць статус маладых спецыялістаў, але хацелі б працягваць прафесійны шлях менавіта ў гэтай установе адукацыі. А гэтаму садзейнічаюць уласныя квадратныя метры.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.