Традыцыя міласэрнасці. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь перадала падарункі Крывошынскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату

Год назад на карце Ляхавіччыны стала на адзін сацыяльны аб’ект больш – у Крывошыне на базе ўчастковай бальніцы адкрыўся псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык днямі наведала ўстанову і прымеркавала свой прыезд сюды менавіта да дня нараджэння дома-інтэрната.

Сярод падарункаў – сертыфікат на суму 500 рублёў і сродкі для мыцця бялізны.Такія сюрпрызы падапечным дома-інтэрната перадалі нераўнадушныя людзі.


Людміла Мікалаеўна не першы раз наведвае падобныя сацыяльныя аб’екты, шмат гадоў яна часты госць у дзіцячых дамах і дамах-інтэрнатах вобласці. І падапечныя Крывошынскага дома-інтэрната пазналі дэпутата, знаёмства з якім адбылося, калі яны былі ў іншых установах.
– У аснове традыцыі – дабрыня, разуменне і міласэрнасць. Беларусь – сацыяльна-арыентаваная дзяржава, дзе ўважліва ставяцца да патрэб розных катэгорый насельніцтва. Асаблівы падыход да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пажылых, сірот, адзінокіх грамадзян і г. д., да стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання. На гэтым акцэнтуе ўвагу Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Не застаецца ўбаку ад добрых спраў дэпутацкі корпус, у тым ліку Палата прадстаўнікоў на чале з Уладзімірам Андрэйчанкам. Мы курыруем дамы-інтэрнаты, – расказвае дэпутат Парламента. – Уражанні ад наведвання псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў – самыя хвалюючыя. Тут працуюць людзі асаблівага складу – вялікай душы і моцныя духам. У перыяд складанай эпідсітуацыі ад іх патрабуецца шмат сіл і цярпення. І работу сваю яны выконваюць самааддана. Шчыры дзякуй ім за гэта.
Дырэктар Крывошынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Алег Траццяк правёў гасцей па ўстанове, расказаў пра яе дзейнасць і падапечных, якія знайшлі тут падтрымку і клопат. Дарэчы, насельнікі дома-інтэрната з ўдзячнасцю падарылі дэпутату сувенір, зроблены сваімі рукамі.

У той жа дзень Людміла Жалнерчык выканала яшчэ адну прыемную місію – уручыла кіраўніку ААТ «Нача» Мікалаю Тарлюку Падзяку старшыні
Палаты прадстаўнікоў за шматгадовую добрасумленную працу і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.