Лета. Лагер. “Здаравейск”

Пералівісты школьны званок ужо не кліча рабят і настаўнікаў на ўрок і не абвяшчае аб яго заканчэнні – ён на адпачынку, як і гарэзлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Да пачатку новага навучальнага года яшчэ шмат часу, а вось любімыя летнія канікулы набіраюць абароты. На працягу амаль усяго чэрвеня звонкімі дзіцячымі галасамі запоўнены гарадскія і сельскія (акрамя Падлескай і Востраўскай САШ) школы. 686 рабят з задавальненнем адпачываюць, набіраюцца сіл і станоўчых эмоцый у аздараўленчых прышкольных лагерах.
Ім тут весела і цікава. Адно запамінальнае мерапрыемства змяняе другое, не менш насычанае і багатае на сюрпрызы і новыя знаёмствы. Можа таму час у прышкольных лагерах ляціць непрыкметна.
105 дзяцей з 3 па 25 чэрвеня сталі жыхарамі незвычайнага горада “Здаравейск”, які гасцінна расчыніў дзверы ў САШ № 1. Дні здароўя і спорту, “Вясёлыя старты”, “Кліч джунгляў”, “У здаровым целе – здаровы дух”, – вось толькі некаторыя мерапрыемствы, у аснове якіх – прапаганда здаровага ладу жыцця. Для раскрыцця творчых здольнасцей і талентаў дзяцей праводзіліся конкурсныя праграмы “Пяць хвілін славы”, “Салон чароўных букетаў”, “Танцавальная вясёлка”, “Мода будучыні” і іншыя. Асаблівая і надзвычай актуальная тэма – “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Рабяты наведалі сталіцу Беларусі – Мінск, пабывалі ў Рэпіхаўскім парку, а яшчэ вельмі запомніўся Дзень беларускай культуры. Паспяхова дзейнічае прэс-цэнтр, па ініцыятыве якога ажыццявілі цікавы праект “Мой горад праз 10 гадоў” і правялі інтэлектуальную гульню “Эрудыт”. А як жа ў лагеры без вясёлых забаўляльных мерапрыемстваў! Такі адпачынак сваім юным сябрам падарылі творчыя, ініцыятыўныя, любячыя і разумеючыя дзяцей настаўнікі САШ № 1 на чале з намеснікам начальніка лагера Ларысай Шахмуць.
З нецярпеннем чакаюць кожную раніцу і рабяты, якія адпачываюць у лагеры пры САШ № 2. А як жа інакш? Па традыцыі, менавіта на ранішняй лінейцы ўзнагароджваюцца самыя актыўныя, вынаходлівыя, спартыўныя і вясёлыя, а таксама падводзяцца вынікі дня мінулага і агучваюцца планы на сённяшні. Кожны дзень лагернага жыцця для 100 рабят, аб’яднаных у 4 атрады — “Гномікі”, “Непаседы”, “Усмешка”, “Дэльфін”, непаўторны і цікавы. Колькі ўражанняў засталося пасля экскурсіі ў Баранавічы, дзе школьнікі разам з выхавацелямі наведалі краязнаўчы музей і музей чыгункі і, канешне, Лядовы палац. Не менш запамінальнымі былі экскурсіі ў раённы аддзел унутраных спраў і на прадпрыемствы і арганізацыі Ляхавіч. Вы спрабавалі сустракаць Новы год летам? А ў рабят з САШ № 2 гэта атрымалася весела і з размахам. Дарэчы, нахнёна прайшлі Дзень хлопчыкаў і Дзень дзяўчынак. Са спортам у гэтым летніку таксама сябруюць, таму разнастайныя спартландыі, алімпійскія гульні, спартакіяды, камбінаваныя эстафеты – неад’емная частка адпачынку. А яшчэ варта напомніць пра смачнае харчаванне і надзвычай багаты запас гульняў, цікавых спраў і мерапрыемстваў, якія прапануюць настаўнікі, а па сумяшчальніцтву і выхавацелі на чале з начальнікам лагера Ларысай Жэрка. Атрымліваецца выдатны кактэйль пад назвай “Дзіцячы адпачынак”.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *