На мове духоўнасці. Ляхавіцкія бібліятэкары ў пераможцах Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання»

Творча-краязнаўчая натура супрацоўнікаў ляхавіцкай купалаўкі вядома іх разнапланавымі напрацоўкамі. Любяць яны дакапацца да цікавых гістарычных фактаў, пасядзець не адну гадзіну ў архівах, пагартаць падшыўкі раёнкі, апрацаваць і выдаць шыкоўны ўнікальны вынік.

І чарговы раз Ляхавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Купалы ў ліку лепшых. Абласное першынство забяспечыла ўдзел у VII Рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання». У выніку на мінулым тыдні супрацоўнікі купалаўкі парадаваліся прыемнай навіне: у іх другое месца ў намінацыі «гісторыя праваслаўя роднага краю». Сярэб-раную перамогу даследчыкам прынесла праца, што ўяўляе сабой гістарычны нарыс пра праваслаўныя храмы і прыходы Ляхавіччыны. Карпатлівая работа, калі важныя любая дэталь і гістарычны нюанс, меркаванні і расказы сённяшніх свяшчэннаслужыцеляў, фотаздымкі, архіўныя звесткі – усё гэта сёння сабрана ў адной працы. Сапраўды, каштоўнасць і важнасць работы пераацаніць складана.
Збор і апрацоўку даных праводзіў сектар бібліятэчна-інфармацыйных і электронных рэсурсаў, якім кіруе Таццяна Зелянко. Гарадскія і сельскія бібліятэкары ашчадна збіралі звесткі пра праваслаўныя храмы раёна. А вось постапрацоўка і прывабны выгляд, афарміцельская работа – на рахунку аддзела бібліятэчнага маркетынгу на чале з Лізаветай Мацулевіч. Так часцінка да часцінкі ў дапаўненні з любоўю, клопатам і нераўнадушнасцю да роднай зямлі складваецца арыфметыка поспеху.
Дарэчы, хутка кожны жадаючы зможа азнаёміцца з такой гістарычнай каштоўнасцю. Як расказалі ў ЦБС, плануецца выданне буклета пра гісторыю і сённяшні дзень праваслаўных храмаў Ляхавіччыны.
Таксама Лізавета Мацулевіч прыадкрыла сакрэт, над чым сёння яны працуюць і чым будуць здзіўляць. У распрацоўцы і на стадыі збору інфармацыі праект пра стварэнне і развіццё сельгасарганізацый Ляхавіччыны. А вось пазнаёміцца з папярэднім праектам «Вытокі: гісторыя вёсак Ляхавіцкага раёна» можна сёння – усё ёсць на афіцыйным сайце ЦБС.
У рэспубліканскім конкурсе прынялі ўдзел 17 прац публічных бібліятэк Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і бібліятэк Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Нашы віншаванні і пажаданні плённай працы на карысць малой радзімы!
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.